навіны

У Беларусі сабраліся запусціць расейскае аўтастрахаванне АСАГА, праект ухваліла Дзяржаўная дума Расеі

Машына пасля аварыі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Машына пасля аварыі. Фота: Falco / Pixabay.com
podpis źródła zdjęcia

Замест узаемнага прызнання АСАГА задумалі ўвесці дадатковыя дамовы для распаўсюду страхавання на паездкі ў суседнюю краіну. Праект можа набыць моц ужо ад 1 студзеня 2025 года.

Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў другім і трэцім чытанні законапраект, які распаўсюдзіць на Беларусь дзеянне расейскага абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці аўтаўладальнікаў (АСАГА, у Расеі – ОСАГО), піша ТАСС. Каб праект стаў законам, яго яшчэ мусяць ухваліць Савет Федэрацыі і Уладзімір Пуцін, але ўхваленне даволі імавернае: праект ініцыяваў расейскі ўрад. Чакаецца, што закон набудзе моц 1 студзеня 2025 года.


Праект прадугледжвае стварэнне ў «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі адзінай сістэмы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці аўтаўладальнікаў. Права на заключэнне дамовы АСАГА змогуць атрымаць жыхары Беларусі і Расеі з машынай, зарэгістраванай у Беларусі і Расеі. 


Дзяржаўныя органы Беларусі і Расеі, калі праект ухваляць, змогуць высылаць запыты аб звестках застрахаваных у аўтаматызаванай сістэме. Аператар сістэмы страхавання зможа абменьвацца з сілавікамі, мытнікамі і памежнікамі, а таксама расейскімі і замежнымі страхавымі кампаніямі асабовымі звесткамі застрахаваных.


Згодна праекту, кіроўцы, якія афармляюць АСАГА ў Расеі, змогуць падпісаць дадатковую дамову, каб страхаванне распаўсюджвалася на Беларусь, а кіроўцы ў Беларусі змогуць рабіць аналагічныя дамовы для страхавання на тэрыторыі Расеі. Цэны будуць разлічваць на падставе тарыфаў краіны рэгістрацыі машыны, таму абяцаюць, што базавая цана страхоўкі не зменіцца. Кампенсацыя стратаў у выпадку аварыі будзе вызначацца заканадаўствам краіны, дзе адбылося здарэнне.


Да ўхвалення закону дзейнічаюць старыя нормы. Пасля прыпынення ўдзелу Беларусі і Расеі ў страхавой сістэме «Зялёная карта» ў чэрвені 2023 года беларусам для паездак у Расею стала трэба купляць поліс АСАГА на тэрыторыі Расеі (адпаведна, расейцам – на тэрыторыі Беларусі). З лета 2024 года чыноўнікі абяцалі, што Беларусь і Расея стануць прызнаваць АСАГА адна адной.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10