навіны

На Чарнігаўшчыне затрымалі арганізатара незаконнай перапраўкі прызыўнікоў-украінцаў у Беларусь

Затрыманне падазраванага ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ўкраінцаў у Беларусь
Затрыманне падазраванага ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ўкраінцаў у Беларусь. Чарнігаўская вобласць, Украіна. Лістапад 2024 года. Фота: Cn.npu.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Уцячы ад мабілізацыі з Украіны ў Беларусь каштуе каля 1000 долараў плюс выдаткі на ласты і гідракасцюм. Прынамсі, так выглядае з гісторыі абвінавачанага ў арганізацыі нелегальнай перапраўкі прызыўнікоў.

Следчыя паліцыі Чарнігаўшчыны разам з украінскімі памежнікамі і пракуратурай выявілі і затрымалі падазраванага ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ўкраінцаў прызыўнога ўзросту ў Беларусь, паведаміла 26 лістапада Галоўная ўправа паліцыі Чарнігаўскай вобласці.


Затрымалі 37-гадовага жыхара гораду Славуціч, што пад Кіевам. Паведамляюць, што мужчына размяшчаў у інтэрнэце абвесткі, у якіх абяцаў мужчынам спосаб пазбегчы мабілізацыі на вайну: пакінуць Украіну, у абыход блок-пастоў прайсці ў Беларусь. Мужчына абяцаў за грошы суправадзіць ахвочых да Дняпра, паказаць спосаб перайсці мяжу. Таксама ён інструктаваў кліентаў пра рыштунак, што спатрэбіцца ў дарозе.


Падазраванага схапілі на беразе Дняпра ў момант поўнай гатовасці да перапраўкі іншага мужчыны прызыўнога ўзросту ў Беларусь. На месцы знайшлі гідракасцюм і ласты, у час вобшуку ў арганізатара пераправы знайшлі наяўнымі больш за 40 тысяч грывень (каля тысячы долараў), якія ён атрымаў ад кліента. Пазней правялі ператрус удома ў падазраванага, знайшлі яшчэ грошы, сродкі сувязі ды іншыя рэчавыя доказы.


Затрыманаму выставілі абвінавачванне ў арганізацыі незаконнай перапраўкі людзей праз дзяржаўную мяжу паводле ч. 3 арт. 332 КК Украіны, яму пагражае да 9 гадоў пазбаўлення волі.

Мяжа між Беларуссю і Украінай практычна закрытая з пачатку поўнамаштабнай вайны – расейскія войскі атакавалі Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Часткова адкрыты адзін памежны пераход, што працуе на выезд з Беларусі ва Украіну. Тым часам Памежны камітэт Беларусі сцвярджае, што з Украіны ў Беларусь з пачатку поўнамаштабнай вайны наўпрост трапілі амаль 16 тысяч асобаў, яшчэ больш за 250 тысяч украінцаў нібы прыехалі ў Беларусь з Польшчы, Літвы і Латвіі.


Украінцы сапраўды ўцякаюць за мяжу, каб пазбегчы мабілізацыі, але колькасць спробаў уцячы засакрэчаная. Год таму «Eurostat» падлічыў, што з Украіны выехалі 650 тысяч мужчынаў прызыўнога веку. Да поўнамаштабнай вайны ва Украіне (без уліку акупаваных тэрыторыяў) жылі 10,5 млн мужчынаў прызыўнога веку – ад 18 да 59 гадоў. У Сілах абароны Украіны служаць каля 1,1 млн асобаў.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10