Падчас візіту Лукашэнкі ў Пакістан (але не ў сувязі з ім) у Ісламабадзе трываюць пратэсты і гвалтоўныя спробы іх разагнаць. Загінулі некалькі асобаў, дакладных звестак мала праз адключэнні інтэрнэту.
Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада распачаў візіт у Пакістан, на пасадачнай паласе вайсковай базы ў Ісламабадзе яго сустракаў прэм’ер краіны Шэгбаз Шарыф. 26 лістапада Лукашэнка правёў з ім афіцыйныя перамовы, абмяркоўваў эканамічную супрацу, прапаноўваў Пакістану тэхналогіі, якія засталіся ў Беларусі ад Савецкага Саюзу, а таксама пастаўкі беларускай тэхнікі і харчавання. Пакуль эканамічная супраца ідзе «сяк-так», казаў Лукашэнка. І падарыў Шарыфу сертыфікат на два трактары «Belarus-1025.3» і слуцкі пояс, атрымаў у падарунак сядло і шаблю.
Імаверна, размовы былі і пра вайсковую супрацу: Лукашэнка сярод іншага расказаў, што Шарыф паказваў яму «са свайго дому» сітуацыю ў Джаму і Кашміры – індыйскім штаце, які Пакістан лічыць сваёй тэрыторыяй, акупаванай Індыяй, і за якую з Індыяй некалькі разоў ваяваў. Афіцыйна бакі «падкрэслілі неабходнасць урэгулявання ўсіх міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі». Лукашэнка і Шарыф таксама абмяркоўвалі сітуацыю ў сектары Газа, Ліване і Сірыі, заклікалі да неадкладнага спынення баявых дзеянняў. Адносна Украіны яны заклікалі да «канструктыўнага дыялогу» і «мірных сродкаў залагоджвання ўсіх праблемаў».
Лукашэнка пацвердзіў, што «пачуў» прапанову Пакістану наконт бязвізавага рэжыму, але дэталяў не ўдакладніў.
Тым часам у Пакістане трываюць масавыя пратэсты за вызваленне былога прэм’ер-міністра Імрана Хана, зняволенага пасля адхілення ад улады праз вотум недаверу, і супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Сутыкненні 26 лістапада адбываліся на цэнтральнай плошчы Ісламабаду – недалёка ад «чырвонай зоны», месца перамоваў Лукашэнкі і Шарыфа.
Як расказвае CNN, сілавікі закрылі Ісламабад і перакрылі дарогі, адключалі інтэрнэт. Пратэстоўцы ішлі з суседняга гораду доўгім маршам на сталіцу, прарываліся скрозь барыкады і ўступалі ў сутыкненні з паліцыяй, планавалі сядзячы страйк. Яшчэ ў панядзелак падчас маршу паліцыя выкарыстоўвала супраць пратэстоўцаў слезацечны газ, пратстоўцы жа спалілі прынамсі 22 паліцэйскія машыны. У аўторак пратэстоўцы прарваліся ў горад, рушылі да «сіняй зоны» сталіцы, дзе ў тым ліку месціцца рэзідэнцыя прэм’ера. Ключавыя ўрадавыя будынкі ахоўвалі вайскоўцы.
Паводле звестак «Associated Press», сілавікі стралялі ў пратэстоўцаў з агнястрэльнай зброі, пацярпелі дзясяткі чалавек, але дакладныя лічбы невядомыя праз праблемы з доступам да інтэрнэту. Улады Пакістану сцвярджаюць, што былі забітыя шасцёра – два паліцыянты і чатыры «рэйнджэры» (парамілітарныя ўзброеныя сілы). «Associated Press» паведамляе, што прынамсі адзін з тых шасцярых быў цывільным. Пратэстоўцы дамагаюцца вызвалення Хана і пагражаюць, што могуць пачаць адстрэльвацца.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Алесь Наваборскі belsat.eu