Гісторыя Васіля Верамейчыка, дэпартаванага з В’етнаму ў Беларусь, дала нагоду звярнуць увагу на становішча добраахвотнікаў, якія вяртаюцца з вайны ва Украіне. Яны скардзяцца на адсутнасць сістэмнай дапамогі падчас вяртання да мірнага жыцця і наракаюць, што дэмакратычныя сілы за іх не змагаюцца. У Офісе Ціханоўскай і Пераходным кабінеце адказалі на гэтыя закіды.
Былы каліновец Васіль Верамейчык апынуўся ў пастцы пасля таго, як Літва прызнала яго пагрозаю нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд на тэрыторыю ЕЗ. Беларус знайшоў часовы прытулак у В’етнаме і шукаў варыянты, дзе і як яму легалізавацца. Апошняе, што ён планаваў зрабіць, – паляцець у Малдову, але не паспеў. 13 лістапада яго затрымалі ў Хашыміне, як паведамлялі сябры, за бойку, а ўжо на наступны дзень дэпартавалі ў Беларусь.
«Так склаўся лёс, супалі ўсе такія чыннікі, што і ён быў у нейкім разгубленым, траўмаваным стане, і не знайшлося ні людзей, ні структураў, якія б нейкім чынам маглі б яго падхапіць, ісці з ім побач і казаць: “Туды не хадзі – сюды хадзі”. Ён апынуўся адзін», – разважае ў размове з «Белсатам» журналістка Алёна Дубовік.
Яна адзначыла, што, паводле розных падлікаў, беларусаў, якія прайшлі праз вайну, можа быць да 1800, і да іх вяртання да мірнага жыцця ніхто не падрыхтаваны:
«Тэма беларускіх добраахвотнікаў у нас быццам бы табуяваная. Мы вельмі мала расказваем пра сітуацыі, з якімі яны сутыкаюцца. Паводле падлікаў ветэранаў, беларускіх добраахвотнікаў можа быць каля 1300–1800, гэта прыблізна як і палітвязняў у нас. Ваяры будуць вяртацца да мірнага жыцця, і ў нас няма ніякага сістэмнага падтрымання».
Цяпер у Літве чакае легалізацыі яшчэ адзін былы добраахвотнік Аляксандр Клачко. Ён падаў дакументы ў студзені, спрабуючы атрымаць статус уцекача. Ягоную справу дасюль разглядаюць, надоечы паабяцалі вынесці пастанову да канца года. Затрымку тлумачаць тым, што мігрантаў шмат, не даюць рады.
«Першыя 6 месяцаў быў пазбаўлены права працаваць. І я не мог атрымоўваць бясплатныя медычныя паслугі, а грашовая дапамога на гэты час у Літве не прадугледжаная», – расказаў Клачко «Белсату».
Ветэран назваў сваю справу «зразумелаю і празрыстаю», бо ён навідавоку, сваіх поглядаў не хавае, таму спадзяваўся, што легалізуецца хутка.
«Два сумоўі былі. Пад запіс, пад дыктафон, праз перакладчыка расказаў пра сябе, адказаў на ўсе пытанні, што я, хто я. Галоўны ўпор я рабіў на палітычную дзейнасць у Беларусі. Пра Украіну я не хаваў, сказаў, чаму я туды паехаў, якія ў мяне былі матывы», – кажа беларус.
Ён прызнаецца, што ваяваў не за Украіну, а за Беларусь:
,,«Я змагаўся не за Украіну ў першую чаргу, я змагаўся за Беларусь, проста мой шлях такі быў. Я бачыў свой шлях такім: вызваленне Украіны, потым аслабленне Расеі або яе параза як імперыі, а ўжо потым – маё вяртанне вольным беларусам у вольную Беларусь».
Клачко дапускае, што яму, як і Верамейчыку, могуць адмовіць у легалізацыі, і жартуе, што ў такім выпадку вернецца ў Беларусь. Калі ж сур’ёзна, то плануе «чапляцца» за Літву да апошняга, абскарджваючы імаверную адмову дзе толькі можна:
«Я хачу жыць у Літве, тут жыве мая дзяўчына, яе дзеці, яны ходзяць у беларускую школу, дзяўчына працуе тут з 2021 года. Куды з’язджаць? Мне падабаецца Вільня, якія б настроі да беларусаў ні былі, мне падабаецца Літва. Я не хачу жыць ані ва Украіне, ані ў Польшчы».
Былы ваяр расказвае, што да гісторыі з Верамейчыкам разглядаў варыянт ахвяраваць сабою дзеля таго, каб звярнуць увагу на становішча добраахвотнікаў, якія вяртаюцца з вайны. Маўляў, калі літоўцы прызнаюць яго пагрозаю, дык няхай дэпартуюць у Беларусь:
,,«Давайце дам дадатковы стымул, каб пасля мяне не было такіх кейсаў. Пагроза? Ну, вяртайце мяне ў Беларусь, дэпартуйце, калі вы лічыце, што мне не месца ў Літве. Мне мая дзяўчына кажа, што я нічога нікому не дакажу, а толькі страчу жыццё ў турме, бо ныркі мае карцар дакладна не перажывуць, і ўсе пра мяне забудуць. Я кажу: я ведаю, але я проста ткну грамадства, ткну тых, да каго я зараз грукаюся, у гэтую праблему».
Вайна для Клачко скончылася, калі ён моцна застудзіў ныркі ў акопе. Мужчыне патрабуецца сталы нагляд нефролага. Паводле паперак ён можа атрымаць бясплатную дапамогу, аднак насамрэч дамагчыся гэтага вельмі складана, патрабуецца легалізацыя. І гэта – першая і галоўная праблема, што патрабуе развязання.
Акрамя таго, неабходны доступ да медыцыны, у тым ліку псіхолагаў. «Лічу, што посттраўматычны стрэсавы разлад ёсць у кожнага, хто браў удзел у баявых дзеяннях, толькі ў рознай ступені», – кажа Клачко.
Да таго ж на самы першы час тым, хто вяртаецца з вайны, можа спатрэбіцца жытло і грошы.
«Я прыхільнік таго, каб даць чалавеку вуду, а не рыбу. Што такое вуда? Гэта легалізацыя і магчымасць працаваць», – тлумачыць былы каліновец.
Такім чынам, ён канстатуе: сістэмнага падтрымання добраахвотнікаў няма. Бадай што самастойна можна спрабаваць знайсці арганізацыі, што дапамогуць, напрыклад, «BYSOL», які можа зладзіць збор грошай.
«Трэба, каб мы моцна і гучна адвакатавалі на высокім міжнародным узроўні правы ветэранаў і іх сем’яў. І вось калі гэта пачнецца, то не трэба будзе нікога за ручку вадзіць, чалавек будзе разумець: напрыклад, у лякарню пайшоў і спакойна запісаўся», – разважае Клачко.

Ён мяркуе, што ані ў Офісе Святланы Ціханоўскай, ані ў Аб’яднаным пераходным кабінеце «няма разумення праблемы»:
«Праблемы быццам бы няма. Няма разумення, чаму гэтае пытанне важнае».
Паводле Клачко, ён сутыкаўся з рэакцыяй дэмакратычных сілаў, дзе казалі, што «гэта не нашае пытанне, вы як-небудзь самі»:
,,«Я не ўскладаю адказнасць на кагосьці аднаго або на нейкую адну структуру. Я бачу адказнасць ўсіх бакоў: і дэмакратычных сілаў, і беларускага грамадства, і самых беларускіх ветэранаў. Усе тры бакі мусяць зразумець важнасць гэтага пытання і знаходзіць агульную мову».
Пры гэтым беларускае грамадства, як скардзіцца наш суразмоўца, не разумее добраахвотнікаў, не ўсведамляе, што яны змагаюцца за Беларусь, пакуль жа пераважае «мы вас туды не адпраўлялі»:
,,«Мы зараз не зразумелыя беларускім грамадствам. Мы не зразумелыя, таму мы страшныя. Я хачу, каб беларускае грамадства змяніла стаўленне да беларускіх добраахвотнікаў, ветэранаў, іх сямей, сямей загінулых».
Клачко – дэлегат Каардынацыйнай рады ад блоку «Воля», і ў гэтым статусе спрабуе, як ён кажа, «канструктыўна ціснуць», каб пераламаць сітуацыю:
«Гэта гуманітарны кейс. Я буду гэта даносіць канструктыўным шляхам у межах дыялогу і час ад часу пэўнага ціску, каб пралабіяваць гэтую тэму, каб яна знайшла падтрыманне на высокім узроўні».
Ледзь не адзіныя дзверы, куды ваяр можа пагрукацца адразу пасля вяртання з фронту, – Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў.
«Мы, не маючы ніякага бюджэту, можам дапамагчы парадамі ці нейкімі кантактамі, сувязямі. Калі чалавеку патрэбная кансультацыя, ці псіхалагічная дапамога, ці медычная, ці яшчэ нейкія рэчы, то ў кожным асобным выпадку мы можам гэтую праблему развязаць. Але гэта не сістэмна, бо маюць быць людзі, якія пастаянна гэтым займаюцца, а на валанцёрскіх пачатках немагчыма апрацаваць звароты дзясяткаў ці соцен людзей», – канстатуе ў размове з «Белсатам» прадстаўнік ініцыятывы Андрэй Кушняроў.
Ва Украіне працуе рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», дзе бясплатна прымаюць беларускіх ваяроў, аднак жа бальшыня з іх з’язджае з краіны, бо легалізавацца там амаль немагчыма:
«Для беларусаў, калі няма падставаў заставацца ва Украіне, то тры месяцы і трэба пакінуць краіну. А падставаў у пераважнай бальшыні няма. Падставаю для атрымання ВНЖ можа быць служба ў ЗСУ на працягу трох гадоў».
Кушняроў згодны, што часта былым ваярам патрэбная асоба, якая возьме за руку і дапаможа развязаць праблемы, што ўзнікаюць у першыя часы. Гэта вымагае найперш фінансавання для таго, каб стварыць такую сур’ёзную арганізацыю, а знайсці гранты надзвычай цяжка:
,,«Калі мы спрабуем стварыць арганізацыю, то мы наагул не можам яе зарэгістраваць ва Украіне, а калі мы спрабуем зарэгістраваць яе дзесьці ў Еўразвязе, у нас праблема, што немагчыма атрымаць фінансаванне, таму што добраахвотнікі з'яўляюцца ўдзельнікамі баявых дзеянняў. І ніхто з заходніх фондаў не хоча мець дачынення да войска. Усё, што звязана з вайною, у такім палітычна-грантавым грамадстве – табу».
Кушняроў сцвярджае, што чуў ад прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў: гэта не наша вайна. Пры гэтым нікога з палітыкаў абвінавачваць у цяперашнім стаўленні да ветэранаў не стаў:
«Людзі заўсёды ідуць шляхам найменшага супраціву. Калі ў нашым сусветным грамадстве вельмі развітая тэма палітвязняў, то на гэта вельмі лёгка знайсці сродкі, у адрозненні ад ветэранаў. Хаця ў мяне няма ніякіх абвінавачванняў на адрас палітыкаў, магчыма, можна зрабіць значна больш, але гэта справа самых ветэранаў».
Намесніца прадстаўніцы Пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай Марыя Анімія, якая акурат адказвае за працу з добраахвотнікамі і іх сем’ямі, у каментары «Белсату» запэўніла, што ад ваяроў ніхто не адварочваецца, проста праблема гэтая – «адносна новая»:
«Кабінет дакладна зацікаўлены ў тым, каб максімальна падтрымоўваць у гэтым пытанні. Нам могуць дапамагчы ветэранскія асацыяцыі, што маюцца ў Польшчы і Літве, сабраць усе пытанні і ўсю праблематыку. Кабінет са свайго боку гатовы і плануе лабіяваць гэтыя пытанні на такіх узроўнях, як, напрыклад, медычная дапамога, легалізацыя».
Анімія пацвердзіла, што знайсці гранты для ветэранаў досыць цяжка, бо перашкаджае, так бы мовіць, вайсковы след:
«Я выдатна разумею хлопцаў, калі яны кажуць, што вось, мы ж змагаліся за свабоду, і сапраўды гэта так. Аднак, на жаль, як толькі залучаецца нейкі кампанент, звязаны з войскам, то шмат якія партнёры або грантадаўцы не маюць магчымасці падтрымання толькі таму, што гэта не ўваходзіць у іхны мандат».
Прадстаўніца АПК бачыць тут развязанне ў пазіцыянаванні праектаў на фінансаванне:
«Варта больш акцэнтаваць тое, што ім цяпер патрэбная дапамога менавіта ў цывільным жыцці, то бок нічога не звязанае з забеспячэннем вайсковага фармавання альбо ўдзелам у яго развіцці, і што гэта менавіта падтрыманне людзей, якія цяпер не на кантрактах з ЗСУ ці яшчэ з чым. Гэта мусіць пазіцыянавацца як гуманітарны кейс».
Марыя Анімія мяркуе, што наданне дапамогі ваярам не мусіць канцэнтравацца ў адным цэнтры, больш рацыянальна развіваць профільныя ініцыятывы, якія б займаліся канкрэтнымі кірункамі. Пры гэтым прыдасца досвед працы з палітвязнямі, якія выходзяць на волю:
,,«Хтосьці займаецца легалізацыяй, хтосьці пераймае досвед шэлтараў для палітвязняў, і такі досвед цалкам можна ўзяць і адаптаваць яго менавіта для ветэранскай суполкі. Або штосьці з гэтага аб’яднаць».
Старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, рэагуючы на закіды, што Офіс абранай прэзідэнткі не актыўнічае ў справе падтрымання ветэранаў, запэўніў, што гэтая праца трывае з 2022 года.
«Мы лабіюем падтрыманне нашых ваяроў і ветэранаў перад урадамі яшчэ з 2022 года. У першую чаргу перад Украінай, дзе беларускія ваяры пакуль не маюць тых жа правоў, што і ўкраінскія. Літаральна тыдзень таму я ў Кіеве абмяркоўваў гэта і ў МЗС, і ў парламенце. І ў Польшчы вось нядаўна гаварылі пра магчымасці медычнай, псіхалагічнай, юрыдычнай дапамогі для нашых ветэранаў. У 2022-м дамовіліся, і некаторыя польскія шпіталі прымалі ваяроў», – падкрэсліў Вячорка ў каментары «Белсату».
Ён абяцае палітычнае прасоўванне ініцыятываў самых ваяроў. Як сказаў дарадца, важна шукаць магчымасці падтрымання і ветэранаў, і былых палітвязняў, і рэпрэсаваных журналістаў, і нельга сказаць, што адно важнейшае за іншае:
,,«Каб сістэмна нешта рабілася, неабходна, каб была арганізацыя, што будзе займацца гэтым на сталай аснове. І добра было б, каб ініцыятыва ішла ад саміх ваяроў. А мы ўжо падтрымаем палітычна».
Вячорка таксама анансаваў «шырокую сустрэчу» з ветэранскімі ініцыятывамі і Кабінетам для абмеркавання далейшых крокаў. Размова мае адбыцца бліжэйшым часам.
Сцяпан Кубік belsat.eu