За люты – лістапад 2024 года Расея дадала ў базу вышуку 773 грамадзянінаў і нарадзінцаў Беларусі, піша «Медиазона». На сайце выдання можна праверыць, ці ёсць вы ў спісе тых, каго шукаюць.
У абноўленым спісе тых, хто трапіў у вышук, – каля 30 былых беларускіх палітвязняў. Частка з іх – асуджаныя на «хатнюю хімію» за пратэсты.
У базу дадалі шмат беларускіх журналістаў. Сярод іх – расследвальнікі з «Бюро Медыя»: Аляксандр Ярашэвіч, Ксенія Вязнікоўцава, Аляксей Карпека, Вольга Альхіменка.
У вышуку апынуліся трое прадстаўнікоў Беларускага расследавальніцкага цэнтру: яго заснавальнік Станіслаў Івашкевіч, кіраўніца сайту Лола Бурыева, вядоўца праграмы «Weekly Top Fake» Алена Чарняўская.
У спіс дадалі былога кіраўніка беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука, колішняга дэпутата Вярхоўнага Савету і журналіста Сяргея Навумчыка, журналіста і літаратурнага рэдактара Сяргея Дубаўца, некалькі журналістаў «Белсату»: Дзмітрыя Буянава, Ігара Кулея і Змітра Міцкевіча.
Таксама шукаюць кіраўніка спартовага сайту tribuna.com Максіма Беразінскага, выдаўцу інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандра Старыкевіча, журналістаў Дзмітрыя Бяганскага, Аляксея Гуліцкага, Кацярыну Пытлеву, Ігара Палынскага, Зою Хруцкую, фатографа Аляксандра Васюковіча.
У вышук абвясцілі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне Арцёма Моладава, Андрэя Трацэўскага, Радзіёна Батуліна, Паўла Кухто, сузаснавальніцу ініцыятывы «dissidentby» Марыну Касінераву і праваабаронцу Сяргея Сыса, 74-гадовага Яна Дзяржаўцава – стваральніка грамадскай ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты», палітыка Вячаслава Сіўчыка, былога турэмнага доктара Васіля Завадскага, аналітыкаў Вадзіма Мажэйку і Алеся Лагвінца.
У базу дадалі таксама былога дарадцу Савету бяспекі ў справе эканомікі, кіраўніка Асацыяцыі беларускіх бізнесаў за мяжой Яўгена Бурага, праваабаронцу і прадстаўніка Штабу аб’яднаных сілаў Антона Малкіна, былога ўдзельніка стачкаму «Беларуськалію» Віталя Дзедзюка, назіральніка на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Арцёма Канановіча, дырэктара ўстановы «Дактары за праўду і справядлівасць» Алега Дарашкевіча ды іншых.
Таксама ў базе цяпер шмат сваякоў рэпрэсаваных беларусаў. Так, шукаюць Мікіту Кулініча – сына Аляксандра Кулініча, які памёр у берасцейскім СІЗА, дзе чакаў суду ў справе аб знявазе Лукашэнкі. Таксама ў вышук абвешчаныя сёстры Крысціна і Ніна Мірсалімавы, маці актывіста Іллі Міронава Валянціна Міронава, маці былога палітвязня Віктара Пархімчыка, былая адвакатка Галіна Пархімчык ды шмат іншых беларусаў.
Каб праверыць сябе, на сайце «Медиазоны» трэба ўвесці сваё прозвішча ў адпаведным полі. Знакам «+» там пазначаныя тыя, каго дадалі ў базу з лютага да лістапада 2024 года. Выдаленыя з базы пазначаныя знакам «х». Звесткі пошуку актуальныя на кастрычнік 2024 года.
Агулам у расейскай базе вышуку – 3500 асобаў. «Медиазона» папярэджвае: нават калі вы сябе там не знойдзеце, гэта не значыць, што супраць вас няма крымінальнай справы ў Беларусі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Марыя Міхалевіч belsat.eu