У ноч з 25 на 26 лістапада камандаванне Паветраных сілаў ЗСУ паведаміла, што Расея запусціла ва Украіну 188 ударных беспілотнікаў тыпу «Shahed» – гэта рэкордная колькасць дронаў падчас адной атакі.
Станам на 9-ю гадзіну раніцы сілы СПА збілі 76 беспілотнікаў у Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай, Вінніцкай, Чарнавецкай, Тэрнопальскай, Роўненскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Адэскай і Мікалаеўскай вобласцях.
Таксама Расея ўдарыла па Украіне балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» – яны запускаліся з Варонежскай і Курскай вобласцяў.
Ёсць траплянні ў аб’екты крытычнай інфраструктуры, у некалькіх рэгіёнах пашкоджаныя прыватныя і шматкватэрныя дамы. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяраў няма. У Тэрнопалі быў пашкоджаны энергетычны аб’ект, ад якога залежыць электразабеспячэнне ўсёй вобласці.
95 беспілотнікаў былі лакацыйна згубленыя, 5 – паляцелі ў бок Беларусі.
Маніторынгавы канал «Беларускі гаюн» паведаміў, што ў Беларусь за ноч з 25 на 26 лістапада з Украіны заходзілі 17 «шагэдаў». 5 з іх зніклі, яшчэ 2 маглі быць збітыя.
Першы заход быў зафіксаваны а 22:26, апошні – а 03:23.
Дзяжурная авіяцыя ВПС РБ падымалася ў неба тры разы за ноч. Два «шагэды» маглі быць збітыя СПА Беларусі ў Мазырскім раёне каля 03:10 – яны зніклі адначасова ў прадмесці Мазыра.
За папярэднія содні – 24–25 лістапада – у Беларусь заходзіла рэкордная колькасць «шагэдаў» – 38.
Марыя Міхалевіч belsat.eu