Аналітыка

Дэталі для знішчальнікаў і ракет. Беларусь прадае Расеі санкцыйныя заходнія мікрасхемы

Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Барысюк, Аляксей Мацвееў, Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Барысюк, Аляксей Мацвееў, Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ
podpis źródła zdjęcia

Беларусь пастаўляе ў Расею элементы заходняй вытворчасці для знішчальнікаў, ракет і беспілотнікаў, высветлілі журналісты-расследавальнікі Беларускага даследчага цэнтру. Гэтыя тавары знаходзяцца пад санкцыямі заходніх краін. Каб абыйсці абмежаванні, створаны ланцужкі кампаній, якія звязаны з асяроддзем Аляксандра Лукашэнкі і з расейскімі вайсковымі прадпрыемствамі. Прадстаўнікі дзвюх кампаній самі распавялі журналістам, як замовіць мікрасхемы.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Смерцяносныя пастаўкі

Беларускія кампаніі з верасня 2022 да чэрвеня 2024 года прадалі расейскім прадпрыемствам мікрасхемаў больш чым на $125 млн. З іх амаль на $400 тысяч былі заходняй вытворчасці. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне іх забаронена прадаваць Расеі і Беларусі.

Аднак беларускія кампаніі не толькі самі закуплялі мікрасхемы вытворчасці ЗША і краін Еўрасаюза, але і перапрадавалі іх расейскім фірмам. За 22 месяцы з Беларусі ў Расею адправілі амаль 10 тысяч мікрасхем заходняй вытворчасці. 

Толькі ў красавіку 2024 года расейскія вайскоўцы скінулі на Украіну больш за тры тысячы кіраваных авіябомбаў, распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Для іх запуску і навігацыі Масква выкарыстоўвае ў тым ліку мікрасхемы заходняй вытворчасці. Напрыклад, амерыканскай кампаніі Intel. Гэтыя мікрасхемы выявілі ў пастаўках з Беларусі ў Расею.

Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ
Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ

Прадукцыя Intel, можа выкарыстоўвацца Расеяй для знішчальнікаў Су-35С, Су-34, беспілотнікаў «Карсар» і ракет «Калібр».

Пад кіраўніцтвам мытніка

Адна з беларускіх кампаній, якая пастаўляла Расеі мікрасхемы, – ТАА «Алексвіт лтд». З верасня 2022 да чэрвеня 2023 года яна адправіла ў Расею 131 мікрасхему амерыканскага, фінскага і нямецкага паходжання. «Алексвіт лтд» пастаўляе ў Расею і іншую санкцыйную прадукцыю, у прыватнасці шыны.

Выручка кампаніі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны вырасла прыкладна ў тры разы і ў 2023 годзе склала каля прыкладна $247 млн.

З канца чэрвеня 2021 года ўладальнікам «Алексвіт лтд» з'яўляецца Сяргей Барысюк. Гэта былы намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі. Ён таксама ўваходзіў у экспертную раду пры Мытным камітэце, дзе раней працаваў, і ўзначальваў беларускую Асацыяцыю мытных прадстаўнікоў.

Сяргей Барысюк. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ
Сяргей Барысюк. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ

«Алексвіт лтд» прапануе паслугі па перавозцы грузаў з Еўропы праз Турцыю ў Беларусь і Расею, мытным афармленні аўтазапчастак з Еўропы і ЗША для наступнага продажу ў Расеі, прадае свежазрэзаныя кветкі, расліны і саджанцы ў тым ліку з Еўразвязу. Кампанія звязаная з Віктарам Шэйманам, даўнім і найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі. У 2021 годзе Шэйман, які сярод іншага ўзначальваў Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, сышоў у адстаўку, але ўсё яшчэ займаецца справамі Лукашэнкі ў якасці спецпасланніка. Кампаніі, звязаныя з ім, займаюцца пастаўкамі еўрапейскіх аўтамабіляў праз Беларусь у Расею ў абыход санкцый.

Карэспандэнт БРЦ звязаўся з «Алексвіт лтд» пад выглядам прадстаўніка кампаніі, якая хоча замовіць да тысячы мікрасхемаў з Еўропы ў Расею. Там адказалі, што заказ занадта маленькі, а кампанія займаецца толькі вялікімі аб'ёмамі:

,,

«Альбо гэта машына, альбо кантэйнер, а ў вас мікрасхемы, гэта будзе невялікая скрынка».


Пры гэтым там папрасілі нумар тэлефона на ўсялякі выпадак і паабяцалі, што мэнэджар «Алексвіт лтд» ператэлефануе.

Курс на «Усход»

Яшчэ адзін пастаўшчык мікрасхем – беларуская кампанія ТАА «Лагістычная кампанія Усход». Па падліках БРЦ, яна прадала ў Расею больш за 1,5 тысяч мікрасхемаў амерыканскай вытворчасці са снежня 2022 да сакавіка 2023 года. Усяго ж за гэты час кампанія экспартавала ў Расею больш за 215 тысяч мікрасхемаў амаль на $800 тысяч.

Фірмай валодае Аляксей Мацвееў. Як мінімум у 2017-2019 гадах ён працаваў у «Беларускай тэніснай федэрацыі». У тыя гады яе ўзначальваў бізнэсовец Сяргей Цяцерын, які знаходзіцца пад санкцыямі санкцыямі ЕЗ як чалавек з бліжняга кола Аляксандра Лукашэнкі.

Цяцерын імпартуе некаторыя тавары ў абыход санкцый і прадае іх па больш высокай цане.

Таксама бізнес-партнёрка Цяцерына Таццяна Матвеева – сястра Аляксея Матвеева. А кампаніяй ТАА «Тас Глобал», якую Мацвееў узначальваў у 2017 годзе, з канца таго ж года валодаў Сяргей Цяцерын.

Аляксей Мацвееў, Таццяна Матвеева, Сяргей Цяцерын. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ
Аляксей Мацвееў, Таццяна Матвеева, Сяргей Цяцерын. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ

Ракіроўка прадаўца і пакупніка

Следчыя высветлілі, што» лагістычная кампанія «Лагістычная кампанія Усход» не займаецца лагістыкай, але можа дапамагчы з мытнай ачысткай дакументаў. Так сказалі карэспандэнту БРЦ супрацоўнікі самой кампаніі ў тэлефоннай размове.

,,

«Целарухі – звычайныя. Вы даяце нам, з кім заключыць кантракт на куплю. Імпартны кантракт. Падрыхтоўваюцца дакументы таварасуправаджальныя. З нашай дапамогай. Мы правяраем, па якіх коштах, прахадныя яны ці не прахадныя. Далей мы робім мытную ачыстку і рэалізуем вашаму пакупніку. Ну, дакладней вам. Тут, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, альбо там, на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Усё праз дамовы куплі-продажу», – паведаміла прадстаўніца кампаніі журналісту, які прадставіўся патэнцыйным кліентам.


Паводле яе слоў, пры куплі тавару ў Еўропе пакупніком у дакументах будзе паказаная «Лагістычная кампанія Усход». Пасля дастаўкі замовы ў Беларусь яна стане прадаўцом, а пакупніком у паперы ўпішуць рэальнага заказчыка.

Серыйныя экспарцёры «забароненага»


У ланцужках паставак знайшліся фірмы, якія маюць сувязі і з іншымі набліжанымі да Лукашэнкі людзьмі. Напрыклад, ТАА «ОФС-Экспарт». Яна з кастрычніка 2022 па люты 2024 года прадала Расеі больш за 1200 чыпаў. Гэтая кампанія звязаная з Аляксандрам Шакуціным, уладальнікам холдынгу «Амкадор». ЕЗ і ЗША ўвялі супраць бізнэсоўца санкцыі, назваўшы яго «гаманцом» Лукашэнкі. Шакуцін прадае ў Беларусі і Расеі тэхніку з камплектуючымі, якія таксама трапілі пад абмежаванні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Новае расследаванне «Бюро медыя»: беларусы робяць чыпы для расейскіх дронаў? навіны

Яшчэ адзін пастаўшчык забароненых мікрасхем у Расію ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль». Гэтая кампанія звязаная з бізнесоўцам Аляксандрам Зайцавым, былым памочнікам Віктара Лукашэнкі, гаворыцца ў тлумачэнні да санкцый ЕЗ супраць Зайцава.

З лістапада 2020 па канец мая 2021 года Зайцаў валодаў ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль». Затым яе ўласнікам стаў Яўген Малечацін, які больш за сем гадоў працаваў у кампаніі ТАА «Стисхо» Зайцава.

Па падліках БРЦ, «Гандлёвы дом Экспартгандаль» пасля ўвядзення забароны і да красавіка 2024 года паставіў у Расею не менш за 825 мікрасхем амерыканскай і еўрапейскага вытворчасці. Таксама кампанія пасталяе ў Расею нямецкае маторны алей, тэхніку Apple. Яна атрымала і сертыфікаты аб увозе мяса з Іспаніі.

Звёны абароннага ланцуга

У Расеі адным з пакупнікоў мікрасхемаў з'яўляецца кампанія ТАА «Балтэлектрон». Яна знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі як пастаўшчык мікраэлектронікі падвойнага прызначэння і іншых тэхналогій для абароннай прамысловасці РФ. Кампанія называе сябе «першым звяном у ланцужку імпарту радыёэлектронных кампанентаў» на тэрыторыю Расеі.

«Балтэлектрон» у 2022-2023 гадах закупляў мікрасхемы ў трох беларускіх кампаній: ТАА «Чып Экспрэс», ООО «Чыпімпарт» и ООО «Электрасейл». Гэтыя тры кампаніі звязаныя паміж сабой. У розны час іх дырэктарамі і ўладальнікамі былі адны і тыя ж людзі: беларусы Дзмітрый Савашынскі, Віктар Цыбулька, Міхаіл Рэхмуноў, Яўген Крывалапаў і Уладзімір Калонскаў.

«Чыпімпарт» быў ліквідаваны ў лютым 2024 года.

Падтрымка пагрозы з неба

Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ
Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ. Выява: БРЦ

Яшчэ адна беларуская кампанія, якая пастаўляла Расеі мікрасхемы – ТАА «СД Электра». Пакупнік гэтых тавараў – расейская кампанія ТАА «Грын-чып». Яе кліенты супрацоўнічаюць з расейскімі ўладамі і вайскова-прамысловым комплексам. Пра гэта БРЦ распавяла крыніца ў падатковай службе Расеі.

Каналы паставак

Журналіст БРЦ звязаўся з «Грын-чып» пад выглядам пакупніка мікрасхемаў. Там распавялі, што магчымыя пастаўкі пад заказ з ЗША, Нямеччыны, Малайзіі і Тайваня. На пакінуты журналістам нумар пазней патэлефанавалі з беларускага нумара тэлефона. Суразмоўца прадставіўся Дзянісам, які звязваецца з-за заяўкі, пакінутай у «Грын-чып».

Паводле яго, «такі від тавару» ідзе пад замову. Калі ён ёсць на стоках, пастаўка зойме 6 – 10 тыдняў, калі ж трэба замовіць выраб складаных кампанентаў, то 12 – 15 тыдняў і яшчэ два-тры тыдні спатрэбіцца на дастаўку.

,,

«У Еўропе ёсць кампанія, якая кансалідуе еўрапейскі склад, і потым сюды тавар прыязджае. Гэта значыць два шляхі – альбо праз Еўропу, альбо праз Азію. У залежнасці ад таго, якія мікрасхемы», – сказаў той хто тэлефанаваў.


Заказ мікрасхемаў не нясе ў сабе рызык, запэўніў Дзяніс: «Проста вышліце запыт з пералікам таго, што вам трэба, якая колькасць. А далей ужо справа тэхнікі». Ён удакладніў, што «кампанія наша тут у Менску называецца "СД Электра"», і выслаў свой e-mail, які прывязаны да дамену sdelectro.by.

Санкцыйны айсберг

Лідар па агульнай суме паставак заходніх мікрасхемаў у Расею з Беларусі – беларускае ТАА «Першы Кантынент». Гэтую кампанію стварылі праз два месяцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Са студзеня да чэрвеня 2024 года яна прадала расейскім прадпрыемствам 1665 мікрасхемаў на суму звыш $155 тысяч.

Удзел падраздзяленняў Узброеных сілаў Беларусі ў другім этапе вучэнняў з нестратэгічнымі ядравымі сіламі Узброеных сілаў Расеі. 12 чэрвеня 2024 года. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
«BELPOL» не знайшоў у Беларусі ядравай зброі, пра якую казалі Пуцін і Лукашэнка навіны

Уладальнік і кіраўнік кампаніі – Ілля Тарасюк каля 20 гадоў працаваў на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу Беларусі. Сярод іх ААТ «Пеленг» і НП ТАА «ОКБ ТСП», якія займаюцца ў тым ліку вытворчасцю электронікі для вайсковай тэхнікі.

Асноўны пакупнік мікрасхем «Першага Кантынента» ў Расеі – ТАА «Стаут». Гэтая кампанія знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Евразвязу. Як і яе некаторыя расейскія кліенты – напрыклад, ТАА «Фрэгат». Апошні называе сваімі ключавымі заказчыкамі і партнёрамі расейскія абаронныя кампаніі: АТ «Концерн “Калашнікаў”», «Ростэх», дзяржкарпарацыю «Роскосмас» і канцэрн ВКО «Алмаз-Антэй».

БРЦ накіраваў афіцыйныя запыты згаданым беларускім кампаніям і іх партнёрам з просьбай пракаментаваць іх дзейнасць, аднак на момант публікацыі адказаў не было.

Рэдакцыя таксама адправіла запыты амерыканскаму Бюро прамысловасці і бяспекі (Bureau of Industry and Security) і Радзе Еўропы з пытаннямі аб тым, якія дзеянні яны робяць, каб абмежаваць доступ Беларусі і Расеі да санкцыйных тавараў, і як адсочваюць выкананне забаронаў. На момант публікацыі адказы не былі атрыманы.

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10