У аўторак, 26 лістапада, кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру крызіснага кіравання Вілмантас Віткаўскас паведаміў, што пасля ліквідацыі наступстваў падзення грузавога самалёта DHL у Вільні спецыялісты пяройдуць да расследавання прычынаў аварыі.
Віткаўскас выказаў спачуванні сваякам загінулага пілота, а таксама анансаваў удзел замежных следчых у расследаванні:
,,«Спакойнае, паэтапнае расследаванне аварыі і супастаўленне звестак, што мы сабралі з месца здарэння, са звесткамі, сабранымі намі раней. Важна, каб даследнікі і эксперты, якія прыязджаюць з іншых краінаў, пачалі працу, і тады мы пабачым вынікі, што адпавядаюць рэальнай інфармацыі».
Кіраўнік дэпартаменту расследавання авіякатастрофаў і інцыдэнтаў Міністэрства юстыцыі Лаўрынас Наўёкайціс распавёў, якія краіны будуць удзельнічаць у расследаванні:
«Я хацеў бы паведаміць вам, што да нашай каманды далучыліся даследнікі бяспекі з Нямецкай управы бяспекі. І мы чакаем, што сёння прыедуць іншыя краіны, такія як Іспанія і ЗША».

Дасудовае расследаванне праводзіць управа крымінальнай паліцыі пад кантролем Генеральнай пракуратуры Літвы. Працягваецца агляд месца здарэння, ідзе пошук «чорных скрыняў», вядзецца 3D-сканаванне з дапамогай беспілотнікаў. Агляд будзе весціся яшчэ 2-3 дні, пасля абломкі самалёту прыбяруць.
Наўёкайціс зазначыў, што на сённяшні дзень няма прыкметаў дыверсіі ці тэрарыстычнага акту, якія маглі б стаць прычынай аварыі самалёта. Але гэта адна з версіяў, што расследуюцца.
,,«Калі мы знойдзем гэтаму доказы, мы перадамо іх у органы папярэдняга расследавання і, вядома, праінфармуем грамадскасць. Але пакуль ніякіх прыкметаў гэтага ў нас няма», – заявіў Наўёкайціс.
Месца катастрофы цяпер агароджанае і ахоўваецца ўвесь час, уваход туды мінакам забаронены.
Следчыя пагутарылі з чальцом экіпажу самалёта – грамадзянінам Літвы. Ён распавёў, што падчас прызямлення ўнутры самалёту не было ні агню, ні дыму. Другі пілот, грамадзянін Іспаніі, сур’ёзна паранены. Таксама сур’ёзныя раненні атрымаў грамадзянін Нямеччыны, які быў ў кабіне з пілотамі.
25 лістапада каля 05:31 у Вільні каля жылога дому на вуліцы Жырню (Žirnių), за некалькі кіламетраў ад віленскага аэрапорту, упаў грузавы самалёт «Boeing 737-400» авіякампаніі «Swift Air», які ляцеў з Ляйпцыгу з рэйсам для кампаніі «DHL».
Пасля ўдару аб зямлю паветранае судна сутыкнулася з домам, у якім жылі 12 асобаў. Усе яны былі паспяхова эвакуяваныя. Частка сценаў дому абрынуліся ад удару самалётных абломкаў, згарэлі ўнутраныя памяшканні, частка даху, тры легкавыя аўты.

У катастрофе загінуў 48-гадовы пілот з Іспаніі. Яшчэ адзін 34-гадовы грамадзянін Іспаніі атрымаў раненні. Таксама пацярпелі два іншыя чальцы экіпажу – 55-гадовы грамадзянін Нямеччыны і 34-гадовы – Літвы.
Старшыня ўправы Асацыяцыі цывільнай авіяцыі Арыяна Машале адзначыла, што гэта першая авіякатастрофа ў гісторыі незалежнай Літвы.
Прадстаўніца «DHL Lietuva» паведаміла, што самалёт не перавозіў нейкіх незвычайных грузаў – нічога такога, што выклікала б падазрэнні.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Марыя Міхалевіч belsat.eu