навіны

Заснавальнік «Новага зроку» пракаментаваў завочны прысуд

Алег Каўрыгін
Алег Каўрыгін. Фота: асабісты архіў Алега Каўрыгіна / Zerkalo.io
podpis źródła zdjęcia

Заснавальнік сеткі медцэнтраў «Новы зрок» Алег Каўрыгін распавёў Zerkalo.io, што думае пра завочны прысуд на 12 гадоў калоніі, які бізнесоўцу вынес Менскі гарадскі суд.

Пра прысуд Генеральная пракуратура Беларусі распавяла ў панядзелак, 25 лістапада. Алег Каўрыгін даведаўся пра яго ад журналістаў і зазначыў, што не валодае інфармацыяй пра тое, што адбывалася на паседжаннях.

,,

«Я не ведаю, пра што ішла гаворка ў судзе. Не было ніводнага кантакту, ні з адвакатам, ні з нейкімі следчымі, агулам ні з кім, проста ні з кім. А я не хаваўся ад правасуддзя, не змяняў ні электроннай пошты, ні месца жыхарства. Больш за тое, я звяртаўся ў беларускае бюро Інтэрполу з просьбай даць мне нейкую інфармацыю ў гэтай справе», – зазначыў прадпрымальнік.


Медцэнтр «Новы зрок» у Гомлі. (Фота: eyes.by)

Заснавальнік клінікі «Новы зрок» быў затрыманы ў Польшчы па запыце беларускіх сілавікоў у Інтэрпол

навіны

Каўрыгін таксама накіроўваў запыт у міжнароднае бюро Інтэрполу з просьбай распавесці, на якой падставе яго шукаюць сілавікі Беларусі. Аднак, са словаў бізнесоўца, прыйшоў адказ, што беларускі Інтэрпол просіць не інфармаваць Каўрыгіна пра нейкія дзеянні ў яго дачыненні і нават не ўдакладняць, ці ў вышуку ён.


Справу супраць «Новага зроку» Алег Каўрыгін называе палітычна матываванай, а эканамічны артыкул (нясплата падаткаў), на ягоную думку – толькі нагода для ўладаў Беларусі, каб апраўдаць свае дзеянні.


«Любы чалавек зразумее, што, калі я не з’яўляюся ў краіне больш за 10 гадоў, я не мог ніяк уплываць на дзеянні прадпрыемства. Больш за тое, кіраваць імі. А тым больш, здзяйсняць нейкія падатковыя злачынствы, паколькі я ёсць падатковым рэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі з 2010 года. […] Фактычна мяне асудзілі за тое, што я выказаў свой пункт гледжання на тое, што адбываецца ў Беларусі, сумленна і неперадузята», – кажа бізнесовец.


Што да працаўнікоў клінікі, Каўрыгін мяркуе, што іх запужалі і вымусілі даць патрэбныя следству паказанні.


Заснавальнік «Новага зроку» зазначыў таксама, што не разумее, як Генпракуратура магла спагнаць з яго ў даход дзяржавы тры мільёны рублёў, бо ў Беларусі ў бізнесоўца не было такой сумы ці маёмасці, якая б столькі каштавала, а «Новым зрокам» ён ужо афіцыйна не валодае.


Абскардзіць прысуд Каўрыгін не мае магчымасці, бо не можа атрымаць матывацыйнай часткі, а акрамя таго, адвакаты ўнутры Беларусі ўжо даўно адмаўляюцца з ім працаваць. Бізнесовец будзе звяртацца ў міжнародныя інстанцыі.


Суд у Беларусі 25 лістапада 2024 года прызнаў Алега Каўрыгіна вінаватым у арганізацыі і кіраванні ўхілення ад выканання абавязкаў падатковага агента ў справе пераліку падаткаў у асабліва буйным памеры, а таксама ў арганізацыі і кіраванні ўхілення ад сплаты страхавых унёскаў у асабліва буйным памеры.


Таксама Каўрыгіна прызналі вінаватым ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, што пацягнула за сабой шкоду ў асабліва буйным памеры, у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна, у распальванні сацыяльнай варожасці, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, закліках да санкцыяў і ў іншых дзеяннях, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (агулам 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі).


Суд прызначыў бізнесоўцу 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама абавязаў яго выплаціць штраф 10 тысяч базавых велічыняў (400 тысяч рублёў). Каўрыгіну на пяць гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых абавязкаў.


Таксама з заснавальніка «Новага зроку» спагналі ў даход дзяржавы больш за 3 мільёны ў якасці кампенсацыі шкоды ад нясплаты падаткаў на прыбытак.


У красавіку 2023 года супраць заснавальніка медцэнтру «Новы зрок» Алега Каўрыгіна і чацвярых працаўнікоў медустановы была распачатая крымінальная справа за нібыта выплаты працаўнікам заробкаў у канвертах. Улетку 2023 года Міністэрства аховы здароўя Беларусі пазбавіла клініку «Новы зрок» ліцэнзіі. Пасля гэтага «Новы зрок» паведаміў, што ідзе з рынку Рэспублікі Беларусь.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10