Суддзя Акружнага суда па акрузе Калумбія Таня Чаткан на падставе хадайніцтва спецпракурора Джэка Сміта спыніла крымінальны пераслед Доналда Трампа, абранага 47-м прэзідэнтам ЗША, які датычыў справаў пра спробу ўмяшання ў вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пра штурм Капітолію і неналежнае абыходжанне з сакрэтнымі дакументамі.
Спецпракурор Сміт раней заяўляў, што справа мусіць быць закрытая, бо судовы пераслед дзейнага прэзідэнта ЗША забаронены Міністэрствам юстыцыі.
,,«Пазіцыя Мінюсту палягае на тым, што Канстытуцыя патрабуе, каб гэтая справа была спыненая да таго, як адказнік прыме пасаду», – казаў Сміт.
Спецпракурор падкрэсліў пры гэтым, што пазіцыя абвінавачання фактычна не змянілася.
Сміт узначальвай два расследванні супраць Трампа – у справе наконт ягонай спробы ўмяшацца ў вынікі выбараў у 2020 годзеа і наконт захоўвання сакрэтных дакументаў.
Суддзя Чаткан зазначыла, што абвінавачанні супраць Трампа могуць быць высунутыя зноў пасля завяршэння ягонага чарговага прэзідэнцкага тэрміну, бо «імунітэт, што надаецца дзейнаму прэзідэнту, – часовы, і сканчаецца, калі той пакідае сваю пасаду».
Каманда Трампа назвала закрыццё справаў «буйной перамогай верхавенства закону».
,,«Амерыканскі народ перавыбраў прэзідэнта Трампа з пераважным мандатам, каб зрабіць Амерыку зноў вялікай, – заявіў прадстаўнік Трампа Стывэн Чан, які ў новай адміністрацыі стане дырэктарам ў справе камунікацыяў. – Амерыканскі народ і прэзідэнт Трамп хочуць неадкладна пакласці канец палітычнаму выкарыстанню нашай сістэмы правасуддзя, і мы з нецярпеннем чакаем аб’яднання нашае краіны».
Трамп пааабяцаў звольніць пракурора Сміта, як толькі ўступіць на пасаду прэзідэнта. Сміт сам плануе налета пайсці ў адстаўку.
Усяго Доналду Трампу былі выстаўленыя абвінавачанні ў чатырох крымінальных справах. 25 лістапада былі закрытыя дзве федэральныя справы, звязаныя са спробай палітыка ўмяшацца ў выбары прэзідэнта ЗША ў 2020 годзе і з няправільным захоўваннем сакрэтных дакументаў.
Яшчэ дзве справы былі распачатыя супраць Дональда Трампа на ўзроўні штатаў Нью-Ёрк і Джорджыя. У першым экс-прэзідэнта абвінавачваюць у фальсіфікацыі дакументаў. Суд прысяжных прызнаў яго вінаватым, пасля чаго Трамп абскардзіў гэты вырак, і суддзя адклаў разгляд справы.
У другім выпадку Трампа абвінавачваюць у спробе паўплываць на вынік прэзідэнцкіх выбараў у штаце Джорджыя, дзе ён у 2020 годзе прайграў дзейнаму прэзідэнту краіны Джо Байдэну.
Акрамя таго, супраць Доналда Трампа распачатыя дзве цывільныя справы, звязаныя з сексуальным гвалтам над былой журналісткай Джын Кэрал у канцы 1990-х гадоў, а затым з паклёпам на яе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu