Суд над святаром, над пенсіянеркай, якая пісала лісты палітвязням, і над трэнерам па ўсходніх адзінаборствах. У Беларусі працягваецца пераслед грамадзянаў за выказванне сваёй пазіцыі. Падрабязней – у нашым аглядзе рэпрэсіяў.
25 лістапада ў Менскім абласным судзе распачаўся суд на 64-гадовым каталіцкім святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў за «здраду дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК РБ).
Святара затрымалі 17 лістапада 2023 года. Акалатовіч раней перанёс інфаркт і хварэў на анкалогію, таму незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Святар мае патрэбу ў асаблівым даглядзе і медычнай дапамозе. Але яго трымаюць у СІЗА КДБ, а стан здароўя невядомы.
Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка.

У судзе Менскага раёну працягваецца суд над 58-гадовай палітзняволенай Ганнай Стражэвіч, які распачаўся 14 лістапада.
Жанчыну затрымалі 18 снежня 2023 года. Крымінальная справа супраць яе была распачатая за «абразу прэзідэнта» (арт. 368 КК), «абразу міліцыянта» (арт. 369 КК), «паклёп на прэзідэнта» (ч. 2 арт. 367), удзел у пратэстах (арт/ 342 КК) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).
Вядома, што Ганна актыўна пісала лісты беларускім палітвязням. Імаверна, судзіць яе будуць у тым ліку за салідарнасць з імі. Справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук.
Жыхароў Гомельшчыны масава выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» у перыяд выбараў, паведамляе «Флагшток». Людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэнняў КК і КаАП, грамадскага парадку.
У бабруйскай калоніі №2 зняволеным забаранілі камунікаваць з новапрыбылымі палітвязнямі. Такую інфармацыю атрымалі праваабаронцы. Паведамляецца, што нельга нават размаўляць.

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах 59-гадовага Міхаіла Галінскага будуць судзіць за жаданне ваяваць за Украіну.
Выхаванцы Міхаіла перамагалі на міжнародных спаборніцтвах па ўшу, а ягоная школа вядомая ў Беларусі і за яе межамі па выніках спаборніцтваў.
Міхаіла затрымалі ў чэрвені 2024 года. Спачатку яго судзілі па адміністратыўнай справе – за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». Суд па «крыміналцы» над Міхаілам пачнецца 2 снежня. Яго абвінавачваюць у «спробе ўдзелу ў вайне» (ч. 1 арт. 361-3 КК). Справу будзе разглядаць суддзя Вера Галаўкова.
Віцебскага актывіста Аляксея Саламаненку будуць судзіць за данаты. Разгляд справы распачнецца 2 снежня ў Віцебскім абласным судзе. Мужчыне інкрымінаваны арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Справу будзе разглядаць Галіна Бондал.
У 2020 годзе Аляксея некалькі разоў судзілі паводле адміністратыўных справаў – адзін з судоў быў за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага.
Марыя Міхалевіч belsat.eu