Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў па стане на 24 лістапада 2024 года налічвае 6565 пазіцыяў. З іх траціна была дададзеная сёлета, заявіў у эфіры беларускага дзяржаўнага тэлеканалу СТВ першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Андрэй Кунцэвіч.
Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў быў створаны ў Беларусі ў 2008 годзе, вядзе яго Міністэрства інфармацыі. Пазіцыі дадаюцца на падставе рашэнняў, якія выносяць суды.
,,«Ён ёсць у адкрытым доступе і размешчаны на сайце нашага ведамства (Міністэрства інфармацыі – рэд.), любы ахвочы можа з гэтым спісам азнаёміцца. На сёння ў гэты спіс уключаныя 6565 матэрыялаў, прычым, хачу падкрэсліць, што траціна з гэтай колькасці – парадку 2000 – у спіс была ўключаная ўжо ў 2024 годзе, за няпоўны год», – распавёў Кунцэвіч.
Паводле чыноўніка, гэта – сведчанне таго, што «інфармацыйны ціск на краіну не слабне».
За захоўванне і распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюцца ў «экстрэмісцкім» спісе, у Беларусі можа пагражаць адміністратыўная адказнасць у выглядзе штрафу ці арышту.
Да лета 2020 года матэрыялы, якія ўносіліся ў «экстрэмісцкі» спіс, датычылі выяваў свастыкі, прапаганды нацызму, расізму і варожасці на глебе рэлігіі. Спіс утрымліваў 72 старонкі. З 2020 года колькасць старонак павялічылася ў разы і цяпер складае больш за 1300. Цяпер у спісе – пераважна СМІ, чаты, паблікі ў сацсетках грамадска-палітычнай тэматыкі, кнігі. Прызнанне матэрыялаў «экстрэмісцкімі» стала інструментам ціску і пераследу з боку дзяржавы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu