Кіраўнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што стала вядома пра падрыхтоўку беларускімі ўладамі серыі правакацыяў, якія мусяць знізіць давер да BYSOL, службаў фонду і сістэмы ўзаемападтрымкі цалкам. Гэта робіцца ў рамках кампаніі па падрыве сеткі салідарнасці.
У правакацыях, паводле Стрыжака, плануецца задзейнічаць пад прымусам і шантажом сем'і палітвязняў, былых палітвязняў і іншых людзей, што пацярпелі падчас апошніх атак сілавікоў.
,,«Звяртаюся да тых, хто шантажом ці прымусам вымушаныя ісці супраць свайго сумлення і ўдзельнічаць у мянтоўскіх спектаклях – мы ведаем што вы робіце гэта не таму, што перайшлі на бок зла. І мы разумеем што такое сітуацыя выбару бяз выбару. Ахвяра гвалтаўніка ня робіцца бруднай праз чужыя брудныя дзеянні. Захавайце сябе, сваю псіхіку і здароўе», – напісаў Стрыжак.
Кіраўнік BYSOL таксама зазначыў, што камандзе фонду вядома пра планы сілавікоў і іхны намер пасеяць страх і недавер сярод тых, хто атрымлівае дапамогу і тых, хто яе аказвае.
Фонд салідарнасці BYSOL працуе з 14 жніўня 2020 года. Ён арганізуе збор сродкаў для пацярпелых ад рэпрэсіяў, якія распачаліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Марыя Міхалевіч belsat.eu