навіны

Суд у Славаччыне прызнаў незаконным утрыманне беларуса ў турме

Дзмітрый Лукомскі
Дзмітрый Лукомскі. Крыніца: bysol.org
podpis źródła zdjęcia

25 лістапада ў славацкім горадзе Кошыцэ адбыўся суд па скарзе беларуса Дзмітрыя Лукомскага, якога 18 кастрычніка арыштавалі ў лагеры для ўцекачоў і з таго часу ўтрымлівалі ў паліцэйскім Цэнтры ўтрымання замежнікаў – «там знаходзяцца тыя, што ідуць на дэпартацыю», тлумачыў раней беларус.

Суд стаў на бок беларуса


Дзмітрый Лукомскі з моманту затрымання лічыў незаконным свой арышт і сцвярджаў, што ніякіх злачынстваў не здзяйсняў. Мы распавядалі раней гісторыію беларуса, і як ён апынуўся ў турме ў Славаччыне.


У панядзелак 25 лістапада Дзмітрый распавёў «Белсату», што славацкі суд стаў на ягоны бок, і пастанавіў, што дзеянні паліцыі па змяшчэнні яго за краты былі празмернымі, а таксама, што ў дзеяннях беларуса не было складу правапарушэння ці злачынства.


Тым не менш, пасля суду Дзмітрыя не вызвалілі. Справа ў тым, што спачатку пастанову суду павінны атрымаць у Цэнтры ўтрымання замежнікаў, а гэта можа доўжыцца да 7 дзён. Калі дакумент прыйдзе ў Цэнтр, беларуса павінны вызваліць і вярнуць у лагер для ўцекачоў, дзе ён з жонкай знаходзіўся да арышту. Там пара працягне чакаць рашэнне па сваіх прашэннях аб прытулку.


Аднак, паліцыя можа захацець абскардзіць пастанову суду, і тады мужчыне давядзецца правесці за кратамі яшчэ некаторы час.


«Як ІЧУ ў Гомлі»


Цэнтр утрымання замежнікаў Дзмітрый параўноваў з беларускімі ІЧУ.

,,

«Ён кажа, што па выглядзе – гэта турма. Як ІЧУ ў Гомлі. З адрозненняў – магчымасць выходзіць з камеры, камунікаваць на калідоры з іншымі людзьмі. Але калідор маленькі, на 5 камераў, далей – рашоткі», – распавядала «Белсату» жонка Дзмітрыя Віялета Майшук.


Дзмітрый Лукомскі. Фота: Дзмітрый Лукомскі / Facebook

Беларуса, які прасіў прытулак у Славаччыне, з лагеру для ўцекачоў забрала паліцыя

навіны

У Дзмітрыя забралі ўсю вопратку, выдалі мясцовую, на два памеры меншую, не далі цёплых рэчаў, у выніку чаго апошнім часам беларус не мог выходзіць на шпацыры, бо ў яго няма нават прыдатнага абутку на халоднае надвор’е.


Дзмітрыя затрымалі па скарзе ад кіраўніцтва апошняга лагеру, дзе яны з Віялетай знаходзіліся. Адміністрацыя напісала заяву, што мужчына прадстаўляе фізічную пагрозу для іх і іншых сем’яў, што там пражываюць, што ён ледзь не кідаўся на іх. І Дзмітрый, і ягоная жонка сцвярджаюць, што гэта ўсё – хлусня, што наадварот – увесь час яны змагаліся за свае правы і іншых уцекачоў у лагеры, звярталі ўвагу на парушэнні, на кепскія ўмовы ўтрымання прасіцеляў прытулку ў Славаччыне.


«Дзіма працягнуў змаганне праз праваабарончую арганізацыю, дамогся, каб прыехала маніторынгавая група ААН. Мяркую, гэта ўсё не падабалася кіраўніцтву», – распавядала Віялета Майшук.


Офіс Святланы Ціханоўскай: уважліва сочым за развіццём сітуацыі


Мы запыталіся ў Офісу Святланы Ціханоўскай, ці вядома беларускім дэмакратычным сілам пра кейс Дзмітрыя Лукомскага, і што можна зрабіць, каб яму дапамагчы.


«Мы ўважліва сочым за развіццём сітуацыі. Гэты выпадак насамрэч выклікае занепакоенасць, паколькі гаворка ідзе пра чалавека, які пакінуў краіну праз пагрозы пераследу, і ягонае становішча патрабуе ўвагі і чулага падыходу, – адказаў нам дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Лявон Марозаў. – Я знаходжуся ў пастаянным кантакце з Вольгай Зазулінскай, адказнай за сацыяльную палітыку Аб’яднанага Пераходнага Кабінету. Мы ўважліва сочым за развіццём гэтай справы. Я атрымаў поўны пакет дакументаў па гэтай справе і адразу ж накіраваў афіцыйны запыт славацкім уладам. Гэты дакумент падкрэслівае важнасць выканання правоў Дзмітря і, мы спадзяемся, стане важным аргументам на карысць прадстаўлення яму статусу ўцекача ў Славаччыне».


Зварот ад Офісу Святланы Ціханоўскай быў таксама накіраваны ў Міністэрства ўнутраных справаў Славаччыны, у якім падкрэсліваецца, што Беларусь не з’яўляецца бяспечнай краінай для вартання. Такім чынам беларускія дэмакратычныя сілы імкнуцца зрабіць усё, каб Дзмітрый Лукомскі не апынуўся перад рызыкай дэпартацыі.

,,

«Дэпартацыя ў такіх умовах не толькі парушае міжнародныя нормы, але і падвяргае заяўніка рызыцы пераследу, – падкрэслівае дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях. – Славаччына, як частка ЕЗ, з’яўляецца дэмакратычнай краінай з усталяванымі стандартамі для разгляду заяваў аб прадстаўленні прытулку. Важна разумець, што кожная справа разглядаецца індывідуальна, з улікам спецыфікі сітуацыі кожнага заяўніка. У выпадку з Дзмітрыем Лукомскім гаворка ідзе пра складаную справу, звязаную з ягоным унікальным жыццёвым досведам і абставінамі, якія ўжо падрабязна выкладзеныя ў судовых дакументах».


Дзмітрый Лукомскі. Фота: Дзмітрый Лукомскі / Facebook

Беларуса, які прасіў прытулак у Славаччыне, з лагеру для ўцекачоў забрала паліцыя

навіны

Якія краіны абіраць для прашэння прытулку


Лявон Марозаў запэўніў, што Офіс Святланы Ціханоўскай актыўна працуе над тым, каб пытанні, звязаныя з беларускімі ўцекачамі, атрымлівалі належную ўвагу ў краінах ЕЗ, уключаючы Славаччыну.


«Мы праводзім пастаянную камунікацыю з уладамі, падкрэсліваючы важнасць гуманнага і справядлівага падыходу да нашых грамадзянаў. У выпадку Дзмітрыя мы спадзяемся на станоўчае рашэнне і верым, што гэты працэс скончыцца ў рамках дэмакратычных прынцыпаў, якімі кіруецца Славаччына», – кажа прадстаўнік Офісу.


Беларускія дэмакратычныя сілы вядуць маніторынг сітуацыі з прадстаўленнем прытулку беларусам у розных краінах, і заклікае краіны ЕЗ паскараць працэдуры разгляду заяваў, каб забяспечыць абарону тым, «хто насамрэч мае ў ёй патрэбу», запэўнівае Лявон Марозаў. У той жа час дарадца Ціханоўскай раіць беларусам, якія хочуць прасіць прытулку, «звяртаць увагу на тыя краіны, якія добра разумеюць палітычны кантэкст Беларусі і ўсведамляюць маштабы рэпрэсіяў у нашай краіне».


Таксама важна ўлічваць рэкамендацыі, апублікаваныя на сайце Офісу Святланы Ціханоўскай і праекту Pashpart.org. Гэтыя рэсурсы даюць інфармацыю аб краінах, якія могуць быць менш бяспечнымі для беларусаў і беларусак, а таксама змяшчаюць інструкцыі па падрыхтоўцы дакументаў для падачы заяваў аб прадастаўленні прытулку.


«Мы заклікаем заяўнікаў загадзя вывучаць гэтую інфармацыю і кансультавацца з юрыстамі, каб выбраць найбольш прыдатны варыянт для сваёй сітуацыі», – рэзюмуе спадар Марозаў.


Як і чаму Дзмітрый Лукомскі апынуўся ў Славаччыне


Дзмітрый Лукомскі з’ехаў з Беларусі ва Украіну, пасля таго як у 2020 годзе неаднаразова пабываў у ІЧУ за «палітыку» і зазнаў там здзекі і катаванні.
З Украіны ўлетку 2024-га разам са сваёй дзеўчынай Віялетай Майшук паехаў у Славаччыну, дзе яны разам папрасілі прытулку. З’язджаць пастанавілі, бо Львоў, дзе яны жылі, перастаў быць бяспечным – там здараецца ўсё больш абстрэлаў, а таксама праз тое, што ў Віялеты неўзабаве сканчаецца тэрмін беларускага пашпарта. Вярнуцца ў Беларусь пара не можа – абое былі ўдзельнікамі «гомельскага крыла» кампаніі «Краіна для жыцця». Супраць Віялеты Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў межах спецыяльнага вядзення за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.


У Славаччыну паехалі, бо з часовым дазволам на жыхарства ва Украіне туды можна было трапіць без візы, якіх у маладзёнаў не было.


У Славаччыне беларусы жылі у лагеры для ўцекачоў, які Дзмітрый параўноўваў з ІЧУ. Беларускім уцекачам не дазвалялася пакідаць тэрыторыю лагеру, прыносіць звонку прадукты. Мясцовая ежа была кепская, у маладзёнаў пачаліся праблемы са страўнікамі. Беларусы адстойвалі свае правы, дамагліся паляпшэння харчавання і дазволу выходзіць з лагеру.


У пачатку верасня беларусаў перавялі ў іншы, адкрыты лагер, дзе ўмовы, паводле Дзмітрыя, аказаліся яшчэ горшыя, чымся ў закрытым.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10