Рэпартаж

«Чэмпён 471». Хто стаў пераможцам конкурсу на фестывалі беларускага кіно «Bulbamovie – 2024»

Пераможца конкурсу «Маладое Беларускае Кіно» у рамках фестывалю Bulbamovie 2024 у катэгорыі мастацкіх фільмаў, рэжысёрка фільму Чароўныя нажнічкі, Анна Авота.
Пераможца конкурсу «Маладое Беларускае Кіно» у рамках фестывалю Bulbamovie 2024 у катэгорыі мастацкіх фільмаў, рэжысёрка фільму Чароўныя нажнічкі, Анна Авота. Варшава, Польшча, 24 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Увечары 24 лістапада на юбілейным, дзясятым, фестывалі «Bulbamovie» ўганаравалі пераможцаў конкурсу «Маладое беларускае кіно». Залатыя Бульбіны, на жаль сімвалічныя, атрымалі рэжысёрка стужкі «Чароўныя нажнічкі» Ганна Авота (найлепшы фабулярны фільм) і аўтар фільму «Чэмпён 471» Мікіта Пандэка (найлепшы дакументальны фільм).

У конкурсе «Маладое беларускае кіно» на сёлетнім «Bulbamovie» бралі ўдзел больш за 30 ігравых і дакументальных стужак. 10 з іх (5 фабулярных і 5 дакументальных) трапілі ў праграму фестывальных праглядаў. Пераможцаў абвясцілі сябры журы конкурсу – беларуская рэжысёрка і сцэнарыстка Влада Сянькова і польскі кінакрытык Міхал Канарскі.

«Сёння мне будуць сніцца каровы з вільготнымі вачыма»

«Стваральнікі гэтага фільму давялі, што добрае кіно не мае часовага вымярэння. Сцэнарый, аператарская праца, музыка, акторская ігра – усе гэтыя чыннікі на працягу фільма ўводзяць нас у зман, што мы маем справу са страчанымі архівамі, але ўсё аказваецца старанна зробленай рэканструкцыяй. Мы хочам ухваліць мастацкую смеласць і рашучасць, якія дапамаглі завяршыць працу, нягледзячы на вытворчыя цяжкасці», – гэта пра стужку Ганны Авоты «Чароўныя нажнічкі».

«Чароўныя нажнічкі» – казачная гісторыя пра прыгоды краўца Шмуэля, якому ад дзеда дасталіся ў спадчыну чароўныя нажніцы. Фільм, які апавядае пра мінулае ў форме нямога кіно.

Найлепшы дакументальны фільм «Чэмпён 471» Мікіты Пандэкі, на думку журы, «па сваёй якасці не саступае фільмам асноўных конкурсаў буйных міжнародных фестываляў». 

,,

«Пра свабоду лепш за ўсё распавядаць метафарамі. І рэжысёр дае падказкі, але не тлумачыць гледачам, пра што вядзецца. У візуальным і наратыўна цікавым назіранні ён прадстаўляе лёс індывідуума, якому, нягледзячы на ўсе перашкоды, удаецца вырвацца да святла. Цудоўна прыдуманы і створаны дакументальны фільм…», – гаворыцца ў фармулёўцы журы.


«Чэмпён 471» абыходзіцца без вобразаў людзей і якіх-небудзь словаў. Чуем толькі мычанне. Бо «індывідуум», пра якога гаворыць журы, – гэта карова з біркай «471» на шыі. Перад гледачом уздымаецца брама сучаснай малочнай фермы, нашпігаванай робататэхнікай. Гэтая гісторыя – пра адзін дзень з жыцця каровы. Гісторыя пра жыццё. Пра ўсіх нас. Стужка, якая сапраўды вартая нашай ўвагі і самых высокіх узнагарод.

«Ну нарэшце: мне сёння будуць сніцца не амонаўцы ў масках, а каровы з іх вільготнымі вачыма», – дзяліўся з намі ўражаннямі пасля прагляду фільму адзін з гледачоў.

Пераможца конкурсу «Маладое Беларускае Кіно» у рамках фестывалю Bulbamovie 2024 у катэгорыі дакументальных фільмаў, рэжысёр фільму Чэмпён 471, Мікіта Пандэка. Варшава, Польшча, 24 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Пераможца конкурсу «Маладое Беларускае Кіно» у рамках фестывалю Bulbamovie 2024 у катэгорыі дакументальных фільмаў, рэжысёр фільму Чэмпён 471, Мікіта Пандэка. Варшава, Польшча, 24 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

3000 злотых за перамогу

«Тут ёсць моц кіно, моц візуала. Гэта проста магія нейкая!», – з захапленнем распавядаў у размове з «Белсатам» пра фільм «Чэмпён 471» яшчэ да абвяшчэння лаўрэатаў каардынатар конкурсу Мікалай Лаўранюк.  

Дарэчы, меркаванні гледачоў і журы максімальна супалі. Акурат «Чэмпён 471» стаў уладальнікам прызу сімпатыяў гледачоў.

,,

«Гэты прыз не мае, на жаль, грашовага вымярэння, затое мае народнае прызнанне», – зазначыў падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Лаўранюк.


Уладальнікі сімвалічных Залатых Бульбін Ганна Авота і Мікіта Пандэка атрымалі за перамогу па 3000 злотых (на 24 лістапада – 691 еўра). 

Мікіту Пандэку 25 гадоў, ён родам са Слуцку, у 2023 годзе скончыў кінашколу ў Лодзі.  

«Год таму я пісаў дыпломную працу пра беларускае дакументальнае кіно і прачытаў пра «Бульбамуві». Там было напісана, што фестываль можа стаць добрым стартам для пачаткоўца. І мне вельмі прыемна, што мая прафесійная кар'ера пачынаецца з гэтага фестывалю», – сказаў Мікіта Пандэка, атрымаўшы ўзнагароду «Bulbamovie».

Спецыяльны дыплом фестывалю атрымаў фільм «Скажыце сыр» Кіры Альшэўскай – «за невідавочны погляд на сувязь сачэння і паранойі, пасеянай у свядомасці людзей злачыннай сістэмай ды за свежы тонкі гумар». А таксама – дакументальная стужка «Вяселле сына» Глеба Стараверава – «за ўменне уваходзіць у свет галоўнага героя і мікракосмас вакол яго, неабыякавае стаўленне да тэмы і таленавітую аператарскую працу, якая ўвекавечвае пэўную эпоху».

«Вяселле сына» – хіба самы лёгкі і ў добрым сэнсе «ап'яняльны» дакумент на «Bulbamovie – 2024». Стужка не ўзяла прыз сімпатыяў гледачоў, але публіка ўганаравала яе падчас прагляду шматлікімі выбухамі смеху. Вельмі хочацца спадзявацца, што эпоха вясковых вяселляў, пра якую распавядае фільм Стараверава, у Беларусі не скончыцца ніколі. Чакаем новых стужак.

Падчас конкурсу «Маладое Беларускае Кіно» у рамках фестывалю Bulbamovie 2024. Варшава, Польшча, 24 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Падчас конкурсу «Маладое Беларускае Кіно» у рамках фестывалю Bulbamovie 2024. Варшава, Польшча, 24 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

Шчырасць, цеплыня, панкавасць 

Падводзячы выніку конкурсу «Маладое беларускае кіно» на фестывалі «Bulbamovie», Мікалай Лаўранюк прызнаецца «Белсату», што задаволены тым, як усё прайшло. «Bulbamovie», па ягоных словах, тым і адрозніваецца ад фестывалю «Лістапад» (Лаўранюк раней каардынаваў нацыянальны конкурс на менскім «Лістападзе»), што пастаянна знаходзіцца «ў пошуках новых галасоў». І сёлета знаходкі сапраўды здарыліся.

«Так, адкрыцці ёсць. Для мяне гэта, па сутнасці, амаль што ўсе фільмы, якія былі прадстаўленыя на конкурсе. Напрыклад, Мікіта Пандэка з фільмам «Чэмпён 471», ці «Змагацца гэта файт» і «Піўная разня» Вольгі Загароднікавай, ці «Чароўныя нажнічкі» Ганны Авоты ды іншыя. Гэтыя фільмы, можа быць, дзесьці яшчэ не дасканалыя, але самае галоўнае – у іх ёсць маладая энергія, жаданне ствараць кіно і разуменне таго, што і якімі сродкамі ты хочаш сказаць гледачу», – кажа Мікалай Лаўранюк. 

Ён яшчэ раз адзначае важнасць «Bulbamovie» для беларускага кіно і асабліва тое, што фестываль адбываецца офлайн – у рэальным кінатэатры.    

«Шмат фестываляў зараз праходзяць онлайн. І здаецца, многія людзі ўжо адвыклі хадзіць у кінатэатры. Але глядзець фільм з лаптопа і ў кіназале – дзве вялікія розніцы. Калі глядзіш гэта разам з іншымі людзьмі, адчуваеш той дзіўны момант сумеснага перажывання эмоцыяў. Гэта можа быць смех, страх, слёзы… Вельмі добра, што кінатэатр «Iluzjon» стаўся на тры дні домам для беларускага кіно», – зазначае Мікалай Лаўранюк.

,,

«Мне вельмі спадабалася атмасфера, якая панавала на фестывалі – сваёй шчырасцю, цеплынёю, дэмакратычнасцю і панкавасцю, якая таксама яшчэ на ім прысутнічала, мне здаецца», – дадаў Лаўранюк.


«Фестываль захаваў актуальнасць у часы, калі новыя фільмы не здымаюцца»

У сваю чаргу, журналіст і кінакрытык Тарас Тарналіцкі заўважыў ў размове з «Белсатам», што час, калі кінафестываль трэба было рабіць па-панкаўску, незваротна сышоў. З прыходам у каманду арганізатараў Мікалая Лаўранюка «Bulbamovie» зрабіўся «больш прафесійнай і маркетынгава зразумелай падзеяй».

«Хадзіла раней такая думка, што «Bulbamovie» – гэта фестываль дакументальнага кіно «Белсату». І так было ў мінулым годзе. Але сёлета, з розных вядомых нам прычынаў, фільмаў «Белсату» на «Bulbamovie» не было. Праз гэта з'явіўся вакуум, які абноўленая каманда фестывалю ўдала запоўніла. У выніку аказалася, што фестываль ні ў чым не прайграў», – мяркуе Тарас Тарналіцкі.

Кінакрытык адзначае, што арганізатары вельмі добра прапрацавалі рэтраспектыву форуму. Гледачы пабачылі ва ўсе часы актуальны фільм Сяргея Лазніцы «У тумане» (да 100-годдзя Васіля Быкава), «Звычайнага прэзідэнта» Юрыя Хашчавацкага (да 30-годдзя панавання Лукашэнкі), рэтраспектыву фільмаў Любові Зямцовай.

«Гэта ўсё, з аднаго боку, тэрапеўтычна, а з іншага боку – тлумачыць увесь кантэкст без выкарыстання сучасных фільмаў. То бок фестываль захаваў сваю актуальнасць ва ўмовах, калі новае кіно нават не ствараецца. І гэта, мне падаецца, галоўны момант перамогі «Bulbamovie» ў гэтым годзе», – падкрэслівае наш суразмоўца.

Беларускім фільмам года Тарас Тарналіцкі без ваганняў называе мастацкую поўнаметражную стужку «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, за якую нават адбылася «бойка» паміж арганізатарамі «Bulbamovie» і фестывалю «Паўночнае ззянне» (галоўны прыз) і якая сабрала ў Варшаве поўную залу.

«Ніякія рэлізы «Беларусьфільму» не ідуць у параўнанне з фільмам Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», таму што яе стужка – пра сучасны стан грамадства», – тлумачыць Тарналіцкі. 

Кадр з фільму «Пад шэрым небам». Крыніца: tribecafilm.com
Кадр з фільму «Пад шэрым небам». Крыніца: tribecafilm.com

Прапаведнік Януш Гаўрылюк

Дарэчы, Мара Тамковіч выходзіла на сувязь з Варшавай з італьянскага Турына, дзе 24 лістапада павінна была адбыцца еўрапейская прэм'ера фільму, знятага на падставе рэальнай гісторыі з жыцця беларускіх журналістаў і палітвязняў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. Польскія гледачы не верылі, што Тамковіч зняла «поўны метр», маючы адно мікрабюджэт і толькі 15 дзён для здымак.

«Куды глядзець далей?» – запытаўся пасля прагляду ў рэжысёркі адзін з польскіх гледачоў. «Я гляджу ўнутр сваіх герояў – Каці і Ігара. У іх надзея, толькі ў іх надзея…» – адказала Мара Тамковіч.

Дзякуючы ў тым ліку такім стужкам, як «Пад шэрым небам», а таксама фільмам добра упарадкаванага конкурсу маладога кіно, сёлетні «Бульбамуві» «атрымаўся нават больш жывым і актуальным», чым у мінулым годзе, мяркуе Тарас Тарналіцкі.

«Таму, мне падаецца, тое, што фестываль падтрымала ў 2024 годзе Міністерства культуры Польшчы, – гэта вельмі слушная і добрая справа. Гэта, я лічу, павінна быць не разавай акцыяй, а сталым фінансаваннем. Бо «Bulbamovie» стаўся важнай падзеяй не толькі для жыцця Варшавы, а і для ўсёй Польшчы», – падсумаваў Тарас Тарналіцкі.

Напрыканцы – наконт жыцця Варшавы і Польшчы. Калі спыталі ў каардынатара конкурсу Мікалая Лаўранюка, у якім жанры ён сам бы зняў фільм пра падзеі сёлетняга «Бульбамуві»,той адказаў, што гэта было б вельмі жывое кіно з элементамі камедыі. Але, безумоўна, цэнтральным персанажам быў бы дырэктар фэсту Януш Гаўрылюк.

«Гэта быў бы кароткі метр пра тое, як Януш Гаўрылюк бярэ ў рукі плакат «Бульбамуві» і ідзе да дарагіх бараў у Варшаве, каб расказваць выпадковым мінакам пра беларускае кіно. Звяртаецца да людзей, якія, можа, ніколі і не чулі пра беларускія фільмы. Гаўрылюк проста ўваходзіў у стос. «Ты не глядзеў «Акупацыя. Містэрыі» Кудзіненкі? Як такое можа быць?..» Выглядаў як прапаведнік нашага кіно. І дзякуючы вось такім людзям фестываль адбыўся сёлета і будзе адбывацца ў будучыні», – падагульніў Мікалай Лаўранюк.

Ён з цёплай усмешкай заўважае, што Януш Гаўрылюк заслужыў ужо сабе помнік пры жыцці. У тым самым вобразе: чалавек, які на прамерзлай варшаўскай вуліцы раздае ўлёткі з лагатыпам беларускага «Bulbamovie»…  

Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10