У Вільні 25 лістапада ўпаў грузавы самалёт кампаніі «DHL». Загінуў адзін пілот, параненыя яшчэ тры асобы, мясцовыя жыхары не пацярпелі. Пра магчымую расейскую дыверсію, звязаную з «DHL», папярэджвалі менш як за месяц да катастрофы. «Белсат» расказвае пра тое, што вядома.
25 лістапада каля 5:31 у Вільні каля жылога дому на вуліцы Жырню (Žirnių), за некалькі кіламетраў ад віленскага аэрапорту, упаў грузавы самалёт «Boeing 737-400» авіякампаніі «Swift Air», які ляцеў з Ляйпцыгу з рэйсам для кампаніі «DHL». «Белсат» расказвае, што вядома пра авіякатастрофу.
На борце былі два чальцы экіпажу і два работнікі кампаніі. Як піша «Delfi», на месцы загінуў адзін пілот (грамадзянін Іспаніі), яшчэ тры асобы (грамадзяне Іспаніі, Літвы і Нямеччыны) параненыя, адзін чалавек у крытычным стане. Паводле звестак тэлекампаніі «LRT», мясцовыя жыхары ў аварыі не пацярпелі, хоць самалёт зачапіў і часткова разбурыў двухпавярховы жылы дом. Пажар лакалізаваны, эвакуявалі 12 чалавек. Віленскі аэрапорт працягвае працаваць у звычайным рэжыме, хоць у першыя гадзіны па катастрофе некалькі рэйсаў былі затрыманыя.
Былі апублікаваныя перамовы пілота і дыспетчара ў апошнія хвіліны палёту. Чуваць, што пілота інструктавалі пра заход на пасадку, а пасля дыспетчары перамаўляліся пра адмену вылетаў у сувязі з падзеннем самалёта. Паведамленняў пра праблемы ад пілота самалёта «DHL» не было запісана. Авіякатастрофа трапіла на камеры назірання і відэарэгістратары аўтаў – выбуху ці пажару ў небе не відаць.
Абноўлена. Па словах Генеральнага камісара паліцыі Арунаса Паўлаўскаса, самалёт «не ўпаў, а прызямліўся», а чалец экіпажу пацвердзіў, што ў самалёце не было дыму ці агню. Старшыня праўлення Асацыяцыі цывільнай авіяцыі Арыяна Машале адзначыла, што гэта першая авіякатастрофа ў гісторыі незалежнай Літвы.


Па факце здарэння распачалі дасудовае расследаванне паводле артыкулу «Няправільнае ўтрыманне ці рамонт транспартавых сродкаў». Міністр нацыянальнай абароны Літвы Лаўрынас Касчунас заявіў рэсурсу 15min.lt, што пакуль не бачыць прыкметаў таго, што авіякатастрофа звязаная з дыверсіяй або тэрактам. Ён згадаў, што з «DHL» раней «была не адна размова пра ўнутраныя працэдуры абароны ад падобных сцэнароў і кіраванне рызыкамі».
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў звароце з нагоды катастрофы заклікаў не панікаваць і давяраць афіцыйным звесткам. Ён падзякаваў ратаўнікам і паліцыянтам за аператыўнасць і прафесіяналізм, выказаў спачуванне загінулым і расказаў, што кантактаваў са спецслужбамі наконт расследавання.
Прадстаўніца «DHL Lietuva» паведаміла, што самалёт не перавозіў нейкіх незвычайных грузаў – нічога такога, што выклікала б падазрэнні. Але пакуль расследаванне не завершанае, больш канкрэтных каментароў даваць не могуць.


Раней папярэджвалі пра магчымыя расейскія дыверсіі з падобнымі наступствамі
Не спяшацца з высновамі заклікаюць і іншыя літоўскія чыноўнікі, расследаванні вядуць у Літве і Нямеччыне. Але кіраўнік Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс сярод іншага адзначыў, што «нельга выключаць тэрарыстычнага акту». Ён нагадаў, што Расея робіцца ўсё больш агрэсіўнай, а ў замежных медыях перасцерагалі пра пагрозу дыверсіяў і тэрактаў, якія маглі б прывесці да такіх наступстваў. Тэракту не выключаў і кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіравання крызіснымі сітуацыямі Вілмантас Віткаўскас: маўляў, гэта адна з версіяў, якую будуць вывучаць, але «наперадзе доўгая праца».
Гаворка, падобна, пра паведамленне «The Wall Street Journal»: выданне са спасылкай на заходніх сілавікоў 4 лістапада пісала, што ў ліпені ў лагістычных хабах «DHL» у Нямеччыне і Злучаным Каралеўстве выкрылі пасылкі з выбуховымі рэчывамі, якія маглі прызначацца для дыверсіяў, у тым ліку на самалётах. У арганізацыі дыверсіяў падазравалі Расею, пасылкі былі высланыя са Злучанага Каралеўства і Літвы. Арыштавалі чатырох падазраваных, яшчэ двух абвясцілі ў міжнародны вышук.


У ліпені ж кампанія CNN са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка NATO расказвала пра тое, што Расея ўжо паўгода вядзе «дзёрзкую» дыверсійную аперацыю з мэтаю сарваць перадачу зброі ва Украіну – і што з гэтым могуць быць звязаныя падазроныя пажары і нават спроба закласці бомбу ў парыжскім аэрапорце.
Аднак версія пра тэракт пакуль не адзіная і не асноўная. Разглядаюць таксама і версію з тэхнічнай няспраўнасцю. Самалёт, паводле «Delfi», не новы, спачатку быў пасажырскім. Першы палёт ён выканаў 10 чэрвеня 1993 года. Спачатку ім валодала аўстралійская авіякампанія «Qantas», потым – камбаджыйская «Wat Phnom Airlines», толькі ў 2015-м яго пераабсталявалі пад грузавы самалёт.


Літоўскі авіямеханк расказаў «Delfi», што лічыць імавернымі як сабатаж, так і чалавечую памылку – праз другое, маўляў, здараецца каля 80 % такіх авіякатастрофаў. Авіямеханік таксама адзначыў, што палёты самалётаў, якім 30 і больш гадоў, – гэта звычайная справа: лятаюць і «Boeing 737», якім 50 гадоў, а спісваюць самалёты тады, калі іх становіцца нявыгадна рамантаваць.
Папярэдні раз гэты самалёт лятаў за два дні да катастрофы, перад тым выконваў рэйсы даволі рэгулярна.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Алесь Наваборскі belsat.eu