навіны

Лукашэнка прапанаваў сапраўдную рэвалюцыю

Лукашэнка правёў паседжанне прэзідыуму нашага найвышэйшага органу народаўладдзя – Усебеларускага народнага сходу. Што там было цікавага?

Лукашэнка даручыў усім падскокваць

навіны

Для пачатку, сам Лукашэнка ўгаворваў прысутных не ўмешвацца ў працу іншых органаў улады. Так проста і казаў: вы, вядома, начальнікі, але і без вас камандзіраў больш чым дастаткова, не лезьце, не мяшайце. Тут з ім цяжка не пагадзіцца.


Гэты «сход» – зусім лішні элемент у беларускай кіраўнічай сістэме. Ён не патрэбны. Але далей было цікавей. Дзмітрый Крутой, верхавод адміністрацыі Лукашэнкі, паведаміў «найнепрыемнейшую вестку»: аказваецца, бягуць людзі з раёнаў. Гэтак, з ягоных словаў, «з сярэдняга раёну, з колькасцю занятых у эканоміцы 8-10 тысяч чалавек, штогод з’язджаюць незваротна, у адзін бок, 300-400 жыхароў». Знерваваўся Дзмітрый – і ёсць з чаго.


Але калі б ён зазірнуў у звесткі Белстату за ўвесь час кіравання свайго начальніка, дык пабачыў бы, што вяскоўцаў было 3,2 млн тады, 30 гадоў таму. А засталося – менш за 2 млн. Або – мінус амаль 40 %, цяпер працэс толькі паскорыўся. Ну і разынкай гэтага паседжання была прапанова з боку таго ж Лукашэнкі зрабіць кіраўнікоў райвыканкамаў адказнымі за прызначэнне кіраўніцтва прыватных прадпрыемстваў. Гэта, проста скажам, па-ленінску. 


Прыязджае, значыць, уладальнік заводу «Кронаспан» Пэтэр Кайндль у Смаргонь (цяпер завод называецца, вядома, інакш, хаваецца, але ўласнікі – усё тыя ж). І вось прыязджае ён туды, і сустракае яго каля брамы не той прафесійны кіраўнік, якога ён сам наняў, а які-небудзь Іван Пятровіч Сідараў, адмысловец ува ўсім – ну, як у нас прынята: і ў сельскай гаспадарцы, і ў футболе, і ў партыйнай лініі моцны. І пытаецца ў яго Пэтэр: вас іст дас? 


А той па-замежнаму не разумее, мыкае нешта і ківае ў бок выканкаму. Дурасць гэта, вядома, неймаверная: рэалізацыя такой прапановы моцна ўдарыць па эканоміцы. Але сур’ёзна разлічваць на тое, што ў прыватнікаў забяруць права распараджацца ўласнымі прадпрыемствамі, не выпадае. Тым больш што, мяркуючы з матэрыялаў, якія прасачыліся ў прэсу, урад выказваўся супраць такіх лістападаўскіх тэзісаў. А шкада, вельмі цікава было б паглядзець. Выключна з даследніцкага, вядома ж, гледзішча.




Глядзіце ў поўным выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:


  • Менеджары галоўнага сталічнага забудоўніка – «Дана Астра» – у СІЗА?
  • Тэатрам значна ўрэзалі фінансаванне
  • Тыя самыя чаравікі БелАЗу аказаліся кітайскімі


belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10