Каманда абранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа актыўна супрацоўнічае з адміністрацыяй Джоўзэфа Байдэна, асабліва ў пытаннях, звязаных з вайною ва Украіне і нацыянальнаю бяспекаю Злучаных Штатаў.
Пра гэта паведамляе CNN са спасылкаю на новага дарадцу Трампа ў нацыянальнай бяспецы Майка Ўолца.
У інтэрв’ю выданню «Fox News Sunday» Ўолц адзначыў, што размаўляў з дарадцам Байдэна ў нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам, каб пераканацца, што дзейная адміністрацыя і каманда Трампа дзеюць зладжана.
,,«Нашыя супернікі, якія думаюць, што могуць выкарыстаць гэты пераходны перыяд для падрыву ўзаемадзеяння паміж адміністрацыямі, памыляюцца. Мы працуем у згодзе. Мы адзіная каманда Злучаных Штатаў у гэтым пераходзе», – заявіў ён.
Ўолц таксама паведаміў, што Трамп сур’ёзна занепакоены эскалацыяй вайны паміж Расеяй і Украінай, якую паабяцаў скончыць у першы дзень свайго кіравання, не ўдакладняючы, якім чынам ён збіраецца гэта зрабіць.
CNN адзначае, што Ўолц падтрымаў рашэнне Байдэна дазволіць Украіне выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны, падкрэсліўшы, што такое ўзбраенне можа дапамагчы «ўмацаваць лініі абароны» і спыніць прасоўванне расейскіх войскаў.
Акрамя таго, Ўолц заявіў, што Трамп застаецца арыентаваным на мірныя перамовы для заканчэння вайны, а еўрапейскія хаўруснікі адыграюць ключавую ролю ў любым мірным пагадненні.
Гэтыя заявы прагучалі пасля сустрэчы Трампа з генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ ў прыватнай рэзідэнцыі абранага прэзідэнта Мар-а-Лага, у якой новы дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі таксама браў удзел.
Раман Шавель belsat.eu