У 2025 годзе ўлады ў Беларусі прадугледзелі яшчэ адно абмежаванне для так званых дармаедаў.
Згодна са зменамі ў заканадаўстве аб занятасці, беспрацоўныя, якія не працавалі апошнія пяць гадоў, не змогуць прэтэндаваць на дапамогу ў беспрацоўі, паведамляе выданне «Зеркало».
Каб атрымаць такую дапамогу, неабходна мець афіцыйны працоўны стаж не менш за пяць гадоў або працаваць паводле грамадзянска-прававых дамовах (дамовах падраду), сплочваючы ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
У 2024 годзе максімальны памер дапамогі ў беспрацоўі складае 80 рублёў. Некаторым катэгорыям грамадзянаў, напрыклад, бацькам, якія выхоўваюць дзяцей, выплачваюцца дадатковыя 10 %.
Беларускія ўлады працягваюць надаваць увагу тэме дармаедаў. Так, 16 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў наступнай пяцігодцы ў Беларусі не будзе ні бамжоў, ні дармаедаў, і паабяцаў разабрацца з тымі, хто «перашкаджае людзям жыць».
Раней чыноўнікі анансавалі чарговыя абмежаванні для тых, хто не задзейнічаны ў беларускай эканоміцы і працуе за мяжою. У прыватнасці, гаворка ішла пра дальнабойнікаў.
Сёння беларусы, якія значацца ў базе «дармаедаў» і маюць ва ўласнасці жытло, аплачваюць ацяпленне, падагрэў вады і газ паводле поўных тарыфаў. Акрамя таго, яшчэ два гады таму пачаліся размовы пра тое, каб абмежаваць для «дармаедаў» і для беларусаў, якія жывуць за мяжою, доступ да бясплатнай медыцыны.
Раман Шавель belsat.eu