Арганізацыя «BELPOL» выпусціла расследаванне адносна заяваў уладаў Беларусі ды Расеі пра дастаўку на беларускую тэрыторыю расейскай ядравай зброі.
У расследаванні «BELPOL» звярнуў увагу на супярэчлівыя заявы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адносна пастаўкі зброі. Таксама адзначаецца, што пакуль не знойдзена ніякіх слядоў ратыфікацыі ці частковай публікацыі міжнароднага пагаднення, датычнага размяшчэння Расеяй ядравай зброі ў Беларусі, хоць яно афіцыйна падпісвалася 25 траўня 2023 года.
,,«Шайгу і Хрэнін [міністры абароны Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін. – Рэд. belsat.eu] або разыгралі спектакль, або падпісалі пазначаны дакумент з парушэннем расейскага і беларускага заканадаўства», – адзначыў прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.
З дапамогаю атрыманых дакументаў «BELPOL» пацвердзіў, што з лютага 2023 года расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр-М» сапраўды пастаўляліся ў Беларусь, у размяшчэнне 465-й ракетнай брыгады ў Асіповічах. Там таксама месцяцца ракетныя комплексы «Точка-У».
«Паводле сведчанняў нашых крыніцаў інфармацыі, пускавыя ўстаноўкі былі не новымі і ад пачатку мелі расейскія апазнавальныя знакі», – гаворыцца ў расследаванні.
Для эксплуатацыі ракетных комплексаў быў створаны 587-ы ракетны дывізіён 465-й ракетнай брыгады. Цяпер брыгада мае ўжо два дывізіёны «Іскандэр-М».
Таксама «BELPOL» атрымаў дакументы, што датычаць будаўніцтва ў 2023-2024 гадах ангараў для захоўвання ракетных комплексаў і звязаных з гэтым іншых будынкаў. Як заяўляецца, яно вядзецца згодна з сакрэтным указам Лукашэнкі 289с ад 20 верасня 2023 года за кошт сродкаў беларускага бюджэту – агулам больш як 17,6 млн долараў папярэдняга кошту без уліку будаўніцтва двух дамоў для вайскоўцаў. Пры гэтым кошты на пабудову двух ангараў ужо выраслі больш як удвая.
,,«Аднак наяўнасць у лукашэнкаўскім войску АТРК „Іскандэр“ зусім не значыць, што на тэрытырыі Беларусі ёсць тактычная ядравая зброя», – сказаў Купрэйчык, дадаўшы, што адпаведных боепрыпасаў у Беларусі пакуль не выяўлена.
Больш за тое, адмысловага складу для захоўвання ядравых боепрыпасаў у Беларусі таксама няма.
Дзе расейскія вайскоўцы?
Купрэйчык таксама адзначыў, што ўлады РФ заяўляюць пра размяшчэнне ў Беларусі расейскай ядравай зброі, а не перадачу яе беларускім уладам. Адпаведна яе мусяць транспартаваць, захоўваць і ахоўваць выключна вайскоўцы РФ з 12-га галоўнага ўпраўлення Мінабароны Расеі.
«Расейская тактычная ядравая зброя не можа захоўвацца лукашэнкаўскімі вайскоўцамі на аб’ектах Узброеных сілаў Беларусі. Толькі расейскія вайскоўцы могуць адказваць за захоўванне і ўжыванне расейскай ядравай зброі. Прычым расейскі персанал не можа быць нешматлікім», — сказаў прадстаўнік «BELPOL».
Для гэтага, паводле яго, патрабуецца стварэнне ў Беларусі новай расейскай вайсковай базы з падземнымі сховішчамі, абсталяваннем, транспартам і сістэмамі аховы і некалькімі сотнямі вайскоўцаў РФ. Але нічога гэтага не зафіксавана.
Зняпраўдзіў Купрэйчык і магчымасць самастойнага ўжывання Лукашэнкам расейскай ядравай зброі. Таксама ён заявіў пра фальсіфікацыю ядравых вучэнняў у Беларусі.
,,«У цяперашні час няма ніякай пацверджанай інфармацыі і доказаў размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядравай зброі. Шматлікія і супярэчлівыя заявы пра дастаўку ў нашую краіну расейскіх тактычных ядравых боепрыпасаў ёсць элементамі ІПСА рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі», – зрабіў выснову Купрэйчык.
Упершыню пра планы нібыта размяшчэння ядравай зброі заявіў Пуцін 25 сакавіка 2023 года. Паводле яго, пра гэта неаднаразова прасіў Лукашэнка. Выглядае, што ён і сам ўжо заблытаўся, ці ёсць у яго ядравая зброя альбо пакуль толькі чакаецца.
Яшчэ 31 сакавіка падчас звароту да Нацыянальнага сходу Лукашэнка абвясціў, што ў Беларусі размяшчаецца бомба, «што ў 2-3 разы мацнейшая за Хірасіму і Нагасакі». Ён гаварыў пра гэта як пра факт, які ўжо адбыўся. Аднак праз паўтара месяцы, у сярэдзіне траўня, прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў сказаў, што заява пра размяшчэнне тактычнай ядравай зброі (ТЯЗ) – гэта проста заява, а ў практычным сэнсе нічога зроблена не было.
25 траўня падчас саміту ЕАЭС у Маскве Лукашэнка паведаміў, што Пуцін толькі цяпер падпісаў указ аб размяшчэнні ТЯЗ у Беларусі. Паралельна ў Менску міністры абароны дзвюх краінаў падпісалі дакументы, што вызначаюць парадак выкарыстання адмысловых сховішчаў для ядравай зброі. То бок гэта можна ўважаць ускосным пацвярджэннем таго, што заява Лукашэнкі ад 31 сакавіка не адпавядала рэчаіснасці – на тэрыторыі Беларусі тады не магло быць ядравай бомбы.
Нават 25 траўня Лукашэнка не быў упэўнены, што ядравыя боепрыпасы ўжо ў краіне, ён толькі распавёў журналістам, што пачалося іх перасоўванне. «Яна ўжо ў Беларусі?» – запыталіся ў яго. «Магчыма. Я прыеду – пагляджу», – адказаў Лукашэнка. Пры гэтым украінскае камандаванне і ў пачатку чэрвеня не бачыла прыкметаў таго, што ядравыя боепрыпасы прыбылі ў Беларусь – на той момант гаворка ішла толькі пра перакідванне носьбітаў.
13 чэрвеня Лукашэнка зноў заявіў, што атрымаў ад Расеі ядравыя ракеты і бомбы. Тут нават прапагандыстка Вольга Скабеева не вытрымала і ўдакладніла: дык усё-ткі атрымалі? На што той адказаў унікліва: «Ну не ўсё, памаленьку». І паабяцаў Скабеевай паказаць бомбы і ракеты, «калі толькі завязём».
Якуб Хруст belsat.eu