Расейкія войскі ўночы на 24 лістапада атакавалі беспілотнікамі сталіцу Украіны. У сваю чаргу ўкраінскія дроны, як паведамляецца, атакавалі памежныя рэгіёны РФ.
У Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі адзначылі, што ў напрамку Кіева расейскія БПЛА заходзілі рознымі курсамі. Паветраная трывога ў горадзе трывала больш як 3 гадзіны.
«Сілы абароны выявілі і абясшкодзілі больш як дзясятак беспілотнікаў, якія пагражалі сталіцы», – паведаміў начальнік КГВА Сяргей Папко.
Паводле яго, абышлося без разбурэнняў, інфармацыя аб пацярпелых не паступала.
На момант напісання матэрыялу атака на Украіну з дапамогай беспілотнікаў працягвалася.
У сваю чаргу Мінабароны Расеі двойчы паведаміла пра знішчэнне ўкраінскіх беспілотнікаў. Спачатку заяўлялася пра 34 знішчаныя і перахопленыя БПЛА (у тым ліку над тэрыторыяй Курскай вобласці – 27 БПЛА, чатыры – над Ліпецкай, два БПЛА – над Белгародскай і адзін – над Арлоўскай), затым – пра яшчэ два над Белгародскай і Бранскай вобласцямі.
Губернатар Курскай вобласці таксама пісаў пра дзве знішчаныя ўкраінскія ракеты.
Тым часам расейскія тэлеграм-каналы паведамлялі пра «траплянні» ў Курскай вобласці, выбухі было чуваць у Курску і Курчатаве.
Якуб Хруст belsat.eu