Рэпартаж

«Веру, што мы зноў вернемся ў Менск». У Варшаве адкрыўся X фестываль беларускага кіно «Bulbamovie»

Рэжысёр Максім Швед здымае на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie.
Рэжысёр Максім Швед здымае на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, Польшча, 22 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Варшаве 22 лістапада распачаўся X юбілейны фестываль беларускага кіно «Bulbamovie». З новым лагатыпам, з залатымі Бульбінамі, якія чакаюць пераможцаў конкурсу маладога кіно, і з яркай праграмай, якую адкрыў здабыўца шматлікіх еўрапейскіх узнагарод – фільм Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі «Motherland» («Радзіма»). Белсат пабываў на адкрыцці кінафэсту. 

Якая атмасфера? Сапраўднае беларускае свята, якое адчуваеш нават у чарзе да гардэробу. Кіношная і вельмі культурная талака. Далоні чырванеюць ад поціскаў, не маеш шансаў выключыць усмешку. Быццам сам трапляеш у кіно. Тут табе пасміхаецца Зоя Белахвосцік, а тут – Андрэй Кашперскі, крок наперад – Максім Швед з камерай, троху далей – цёплыя позіркі Юлі Лейдзік і Жэні Канаплёва, побач – мастак Максім Восіпаў і гэтак далей, не пералічыць. 

Варшаўскі кінатэатр «Iluzjon» «Filmoteki Narodowej » – ізноў беларускі. Хросны бацька і гаспадар «Bulbamovie» Януш Гаўрылюк разводзіць рукі для абдымкаў: запрашаем!

Арганізатар фестывалю Януш Гаўрылюк на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, Польшча, 22 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Арганізатар фестывалю Януш Гаўрылюк на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, Польшча, 22 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Як «Лістапад» у часы адлігі» 


«Жывём у часы, у якія жывём. Але я веру ў тое, што мы зноў выйдзем на Менск і будзем рабіць фестываль там. Вернемся ў Менск», – гэтыя словы дырэктара кінафестывалю «Bulbamovie» перарываюцца вполескамі гледачоў.


А вядзецца не толькі пра «Bulbamovie», але і пра менскі «Лістапад», каардынатарам нацыянальнага конкурсу якога быў з 2014 года прадзюсар і сцэнарыст Мікалай Лаўранюк. У 2024-м годзе ён далучыўся да арганізатараў «Bulbamovie» і тут таксама каардынуе конкурс маладога беларускага кіно. 


«Цяпер каманда «Bulbamovie» усё больш нагадвае каманду, якая рабіла «Лістапад» у Беларусі у часы адлігі», – казаў на адкрыцці Януш Гаўрылюк. 


Нагадаем, што нацыянальны конкурс на «Bulbamovie» з'явіўся за два гады да таго, як пра яго стварэнне абвясцілі на «Лістападзе». 


На жаль, адлігай у Беларусі сёння і не пахне, як і незалежным кіно на беларускім «Лістападзе», галоўны прыз якога быў прысуджаны кітайскаму рэжысёру, а спецпрыз «За захаванне духоўных традыцыяў» уручаны расейскаму актору Дзмітрыю Харацьяну

Кіраўнік НАУ Павал Латушка на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, Польшча, 22 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Кіраўнік НАУ Павал Латушка на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, Польшча, 22 Лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Каб ніхто і ніколі не меў права забараняць паказы фільмаў»

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Беларусі

Павел Латушка як былы міністр культуры РБ уваходзіў у свой час у аргкамітэт фестывалю «Лістапад». На адкрыцці «Bulbamovie» ў Варшаве ён згадаў, як адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі супраціўлялася таму, каб «Беларусьфільм» стаў партнёрам здымак Сяргеем Лазніцай стужкі «У тумане» паводле аповесці Васіля Быкава. Сёлета Сяргей Лазніца будзе на «Bulbamovie». Паказ ягонай славутай стужкі «У тумане» прысвечаны 100-годзю з дня нараджэння Васіля Быкава.   

Латушка ўспомніў таксама, як колішняя намесніца галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі

Ірына Дрыга спрабавала зняць з конкурснай праграмы «Лістападу» фільм польскага рэжысёра Антонія Краўзэ «Чорны чацвер» («Czarny сzwartek»), які распавядаў пра расстрэл 17 снежня 1970 года польскімі міліцыянтамі рабочых у Гдыні. Паводле Латушкі, паміж ім і Дрыгай адбыўся такі дыялог: «Вы што, думаеце, што такое можа адбыцца і ў Беларусі?» – «Не» – «Тады фільм застанецца ў конкурсе…». 

«Кажу гэта ўсё не таму, што хачу кагосьці ў чымсьці пераканаць. Але хачу далучыцца да тых словаў, якія прамовілі з гэтай сцэны да мяне. Напэўна такі фестываль, як «Bulbamovie», павінен адбывацца ў Беларусі. І каб ніхто і ніколі больш не меў права забараняць паказы фільмаў, пастаўленых паводле твораў вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава! І каб ніхто не меў права забараняць удзел польскіх фільмаў у конкурсных праграмах!» – падагульніў Павел Латушка.



,,

Пра тое, што «такое», пра што распавядаў у «Чорным чацвяргу» Краўзэ, можа здарыцца ў Беларусі, да 2020 года страшна было падумаць. Беларускі рэжысёр Аляксандр Міхалковіч, які яшчэ ў 2018 годзе пачаў разам з журналісткай Ганнай Бадзякай здымаць даукментальны фільм «Motherland» («Радзіма»), не меў наконт гэтага асаблівых ілюзіяў: можа!


«На гэтым і трымаюцца аўтарытарныя рэжымы у Беларусі і Расеі»

Фільм Міхалковіча і Бадзякі спрабуе адказаць на пытанне, чаму малады чалавек у беларускім грамадстве, якое складаецца спрэс з «мірных людзей», здольны на гвалт і забойства. Фільм пра тое, як ломяць чалавека механізмы гвалту і безумоўнага падпарадкавання ў беларускай арміі. Пра маці забітага ў 2017 годзе ў войску пінчука Аляксандра Коржыча ды іншых маці, чые сыны вярталіся з арміі дамоў у трунах. 

З гісторыяй Святланы Коржыч пераплятаецца сюжэтная лінія, звязаная з навабранцам Мікітам і ягонымі сябрамі. Аўтары стужкі прыходзяць да высновы, што крыніца жорсткасці, гвалту і магчымасці забіваць знаходзіцца ў беларускіх казармах. Калі «яно» выходзіць за межы казармаў – здараецца тое, што беларусы пабачылі ў 2020-м у Менску ды іншых гарадах краіны, і што ўкраінцы пабачылі ў Бучы і бачаць дасюль. 

«Я быў у арміі, быў у гэтай сістэме. І мы не верылі ў пратэсты, мы не верылі ў мірны пратэст. Калі яны пачаліся і сталі даходзіць першыя факты гвалтаў, катаванняў і здзекаў над пратэстоўцамі, я зразумеў, што гэта тыя ж самыя рытуалы армейскай дзедаўшчыны. Думаю, важна пра гэта сказаць. І тое, што мы бачылі ва Украіне, у Бучы, і ў іншых месцах – гэта ўсё працяг таго ж досведу, на мой погляд. На гэтым, напэўна, і трымаюцца аўтарытарныя рэжымы у Беларусі і Расеі», – казаў падчас дыскусіі пасля прагляду «Радзімы» Аляксандр Міхалковіч. 


«Калі ты ў 18–20 гадоў прыходзіш у армію і першыя паўгода жывеш як раб ды «еш гаўно з ёршыка», – гэта цытата з пратаколу допытаў, які атрымала Святлана, – то супакойваеш сябе толькі тым, што апошнія паўгода, ты будзеш жыць, як «дзед» і цар, і будзеш рабіць тое ж самае, што рабілі табе. І ў цябе застаецца гэта на ўсё жыццё», – сцвярджае Міхалковіч.


Рэжысёр «Радзімы» расказаў пасля прагляду пра працэс стварэння стужкі, якому «аддаў 5 гадоў жыцця». Пра тое, як ён разам з суаўтаркай хадзілі «пад паранояй» і «шыфравалі матэрыял», каб не зашкодзіць героям фільму. Пра тое, як іх напаткала вайна ва Украіне, калі фільм быў ужо амаль цалкам змантаваны. 

Рэжысёр фільму "Радзіма" (Motherland) Аляксандр Міхалковіч на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, Польшча, 22 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Рэжысёр фільму "Радзіма" (Motherland) Аляксандр Міхалковіч на адкрыцці 10-га фестывлю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, Польшча, 22 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

«Паставіць кропку, сабрацца з сіламі і пачаць змагацца нанава» 


«Motherland» з'явіўся на свет у 2023 годзе, быў намінаваны на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі, атрымаў прызы на фестывалях дакументальнага кіно ў Даніі, Нямеччыне, Польшчы, галоўны прыз на фестывалі «Паўночнае ззянне». Але пасля дыскусіі ў размове з «Белсатам» Аляксандр Міхалковіч прызнаецца, што для яго было вельмі важна паказаць «Радзіму» на варшаўскім «Bulbamovie». 


«Бо тут амаль цалкам беларуская аўдыторыя. І зараз я ўпершыню атрымаў асалоду ад воплескаў менавіта ад беларусаў, бо на «Паўночным ззянні» зала, мне падалося, была змяшаная. І важна гэта таму, што, на маю думку, наш з Ганнай фільм дапамагае паставіць кропку, канчаткова прыняць тое, што адбылося, нават калі гэта паражэнне. Паставіць кропку, сабрацца з сіламі і пачаць змагацца нанава. Без канца жыць у гэтай надзеі нельга. Не ведаю, як зараз, але раней я адчуваў, што гэта працуе менавіта так», – дзеліцца думкамі Аляксандр Міхалковіч.


Паразважалі з рэжысёрам і пра тое, што пераклад на беларускую назвы фільма «Motherland» як «Радзіма» не да канца перадае ўсе сэнсавыя адценні і акцэнты. Палякі, напрыклад, рызыкнулі ў назве стужкі ўжыць фемінітыў «Matczyzna», хоць такое слова ў Польшчы лічыцца пакуль што ненармаваным. Бо фільм гэты перадусім – пра маці (mothers). Па словах рэжысёра, у пачатковай версіі фільм называўся «Крыжовы паход маці». 


Аляксандр Міхалковіч прызнаўся, што і для яго прагляд «Радзімы» – «гэта траўматычны досвед». Але фільм варта паглядзець. Трэба. 


Першы дзень на «Bulbamovie» скончыўся шыкоўным сольным канцэртам Ягора Забелава, які граў проста на фоне экрана варшаўскага кінатэатру «Iluzjon».


23 лістапада на «Bulbamovie» пачынаюцца прагляды аўтарскага кіно маладых беларускіх рэжысёраў, якія падалі заяўкі для ўдзелу ў конкурснай праграме. Гледачы змогуць таксама ў гэты дзень пабачыць знакамітую стужку «У тумане» і сустрэцца з яе стваральнікам Сяргеем Лазніцай – госцем фестывалю. Увечары на «Bulbamovie» пакажуць фільм «Пад шэрым небам», створаны рэжысёркай Марай Тамковіч на падставе рэальнай гісторыі беларускіх журналістаў і палітвязняў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша


Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10