Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ шэсць чалавек. Такім чынам, на сённяшні дзень у краіне такі статус маюць 1274 вязні.
У спіс палітвязняў дадалі імёны наступных зняволеных, якія на дадзены момант застаюцца пад вартай. Сярод іх:
Максім Рэмезаў, які абвінавачваецца ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзелу грамадзянаў у ваенных канфліктах паводле арт. 361-2 і 361-3 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам і беларускім добраахвотнікам у складзе Збройных сілаў Украіны;
Цімур Лозка, які абвінавачваецца ў фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці паводле арт. 290-1 КК за ахвяраванне пратэснай ініцыятыве;
Міхаіл Фандо, якога абвінавачваюць у фінансаванні ўдзелу грамадзянаў у ваенных канфліктах паводле арт. 361-3 КК за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам у складзе Збройных сілаў Украіны;
Сяргей Скібінскі, яго абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле арт. 361-4 і 342 КК.
Яшчэ двое грамадзянаў застаюцца на прымусовым лячэнні ў псіхіятрычным стацыянары:
Аскер Алахвердзіеў, якога абвінавачваюць паводле арт. 361-3 КК за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам у складзе Збройных сілаў Украіны;
Наталля Маныла, яе абвінавачваюць паводле арт. 361-4 КК у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць гэтых людзей і іншых палітзняволеных, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Нагадаем, што 20 лістапада ў Беларусі вызвалілі 32 палітзняволеных, сярод якіх былі 8 жанчын і 24 мужчыны. Гэта было другое памілаванне ў лістападзе: раней стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка пастанавіў памілаваць 31 чалавека, асуджанага «за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці».
Агулам жа, як паведамляў праваабарончы цэнтр «Вясна», з ліпеня на волю па памілаванні выйшлі 178 палітвязняў, але ў той жа час 223 іншых асобы атрымалі статус палітычных зняволеных.
Раман Шавель belsat.eu