Па стане на 22 лістапада 2024 года праваабаронцам вядома пра не менш за 224 палітвязні, якія знаходзяцца ў зняволенні ў сітуацыі асаблівай рызыкі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Сярод гэтых вязняў:
• 104 чалавекі ў цяжкім стане здароўя;
• 46 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);
• 37 шматдзетных маці і бацькоў;
• 11 чалавек з інваліднасцю;
• 16 чалавек з ментальнымі разладамі;
• вядома пра як мінімум 5 сем'яў, дзе абодва з бацькоў знаходзяцца за кратамі.
Самы старэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч смяротна хворы. Ён мае цыроз печані, цукровы дыябет, пухліну над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пухір і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму патрэбная тэрміновая перасадка печані, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантолага. Аднак у калоніі, куды яго накіравалі для адбыцця 7-гадовага зняволення, ён пазбаўлены перадачаў і спатканняў.
У 59-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты, асуджанага да 10 гадоў калоніі, дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасць. У СІЗА ў яго здараліся прыступы сценакардыі і арытміі.
19-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію, на адным з допытаў адразу пасля затрымання яго забрала «хуткая», але пасля рэанімацыі яго зноў вярнулі ў ізалятар.
21-гадовы Арсеній Майсейчык, асуджаны да шасці гадоў калоніі, хворы на лейкому: гэта патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага праходжаня МРТ. Хлопцу таксама забароненыя шмат якія фізічныя нагрузкі — невядома, ці ўлічваецца гэта ў папраўчай калоніі, дзе Арсеній цяпер адбывае пакаранне.
У Марфы Рабковай, асуджанай да 14 гадоў і 9 месяцаў зняволення, імкліва пагаршаецца стан здароўя праз умовы ўтрымання. Яна мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай, вадкасць у малым тазе.
Антаніна Канавалава ў калоніі атрымала інваліднасць па зроку, ёй не прызначаюць патрэбнае лекаванне.
У палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк дыягнаставалі хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці. У яе болі ў страўніку і рэзкая страта вагі.
63-гадовы актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар – чалавек з інваліднасцю другой групы, у яго няма адной нагі. Аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпертанічны крыз.
За кратамі знаходзіцца 72-гадовы палітзняволены пенсіянер Васіль Дземідовіч. Яго асудзілі да сямі гадоў калоніі, пенсіянер з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у спіс «тэрарыстаў».
70-гадовы святар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў.
65-гадовы мастак Генадзь Драздоў перанёс два інсульты, яго змяшчалі ў ШІЗА зімой 2023 году.
Марыя Міхалевіч belsat.eu