навіны

Канапацкая кажа, што збірае як мінімум 4 тысячы подпісаў за дзень

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі Ганна Канапацкая сцвярджае, што ейная ініцыятыўная група перавыконвае план збору подпісаў – пра гэта палітык распавяла ў эфіры «Панарамы» на «Беларусь 1».

Са словаў Канапацкай, для сябраў ейнай каманды ўсталяваная мінімальная планка – 4 тысячы подпісаў за дзень.

,,

«І магу сказаць, што гэты план выконваецца і перавыконваецца, і сёння я атрымала ў ЦВК дадатковыя пакеты для збору подпісаў, таму што мы апярэджваем графік для збору», – кажа ўдзельніца выбарчай кампаніі.


Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Менск, Беларусь. Лістапад 2024 года. Фота: tochka.by

«Вясна»: Беларусаў прымушаюць ставіць подпісы за Лукашэнку

навіны

Колькі ўжо сабрана подпісаў, Канапацкая не ўдакладніла.


Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты працягнецца да 6 снежня. Каб далей удзельнічаць у электаральнай кампаніі, ахвочым стаць кандыдатамі трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Пра тое, што яны ўжо здабылі гэтую колькасць, заявілі Алег Гайдукевіч і Аляксандр Лукашэнка. Датычна апошняга заяўляецца, што сабрана аж 1,5 мільёна подпісаў.


Астатнія прэтэндэнты ў кандыдаты – Сяргей Сыранкоў і Аляксандр Хіжняк – колькасць сабраных подпісаў не агучвалі.


Паводле праваабаронцаў «Вясны», людзей змушаюць падпісвацца за Лукашэнку праз ціск і маніпуляцыі. Сярод ужо традыцыйных метадаў – непрацягванне працоўных кантрактаў і высяленне з дзяржаўнага жытла.


Выбары прэзідэнта адбудуцца ў Беларусі 26 студзеня 2025 года.


Еўрапейскі парламент у заяве 29 кастрычніка падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца справядлівымі і свабоднымі. Чэхія і Эстонія заявілі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10