Здарэнне адбылося ўвечары 18 лістапада. Беларус і ўкраінка размаўлялі на вуліцы каля гостэлу ў Варшаве, дзе жывуць. Іхную размову пачуў хлопец, які стаяў на другім баку вуліцы. Маладзёну штосьці не спадабалася, і ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна.
Спачатку хлопец нецэнзурна лаяўся на беларуса і ўкраінку, крычаў, каб яны вярталіся ў свае краіны. Потым перайшоў да пагрозаў збіць і нават забіць, выняў нож. Беларус адрэагаваў, і пасля кароткай сваркі нападнік уцёк.
Пара выклікала паліцыю. Доўга шукаць яго не давялося – праз некаторы час ён вярнуўся і разбіў шкляныя дзверы гостэлу, пасля чаго і быў затрыманы на месцы. У кішэні маладога чалавека заставаўся нож.
Высветлілася, што нападнік – 19-гадовы паляк, які быў у стане алкагольнага ап’янення (1,3 праміле). Яму прад’явілі абвінавачванні ў пагрозах з прычыны нацыянальнасці і псаванне маёмасці. Хлопца не ўзялі пад варту, а толькі ўвялі паліцэйскі нагляд і забаранілі набліжацца да беларуса і ўкраінкі, на якіх ён хацеў напасці, і хоць неяк камунікаваць з імі.
Матэрыялы справы перададзеныя ў раённую пракуратуру. Юнаку пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu