навіны

Даследванне: Як помнікі русіфікуюць Беларусь?

Барэльеф на мануменце, які ўсталяваны на плошчы Перамогі ў Менску. Фота: Dan Kitwood/Getty Images
Барэльеф на мануменце, які ўсталяваны на плошчы Перамогі ў Менску. Фота: Dan Kitwood/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Інстытут «Палітычная сфера» прэзентаваў сваё даследванне «Помнікі Менску і вобласцяў: ці адпавядаюць яны нацыянальнай гісторыі і што кажуць пра ўзровень русіфікацыі?». Пры мэту і высновы працы распавялі яе аўтары дырэктар «Палітычнай сферы» Андрэй Казакевіч і гісторык Андрэй Мастыка.

«Відавочны правал у гісторыі да ХІХ стагоддзя»


Даследванне беларускіх помнікаў «Палітычнай сферы» падзеленае на дзве часткі. Першая праводзілася яшчэ ў 2023 годзе – гэта было вывучэнне помнікаў абласных цэнтраў. Сёлета даследванне было пашыранае на Менск, і далей плануецца далучыць да яго больш дробныя беларускія гарады. <…> збіралі інфармацыю з адкрытых крыніцаў, дзе знаходзіцца помнік, чаму ці каму прысвечаны, калі быў усталяваны, і аналізавалі гэта», – распавёў Андрэй Казакевіч.

У Менску былі прааналізаваныя 765 аб’ектаў, у пяці абласных цэнтрах – 868.

Аказалася, што большасць помнікаў, што ў Менску, што ў рэгіёнах (хоць у рэгіёнах крыху менш) прысвечаныя гістарычным постацям і падзеям ХХ стагоддзя. У Менску такіх мемарыялаў 86,7% ці 663 аб’екты. Усе астатнія перыяды гісторыі прадстаўленыя слаба: найноўшы час ад атрымання Беларуссю незалежнасці – 5,9% (45 помнікаў), ХІХ стагоддзе – 3,9% (30 помнікаў), часы да ХІХ стагоддзя – 3,5% (27 помнікаў).

,,

«У Менску відавочны абсалютны правал у тым, што датычыць помнікаў перыяду да ХІХ стагоддзя, і ў параўнанні з абласнымі цэнтрамі, і з тым, колькі гэтым перыядам адводзіцца месца ў гісторыі, у падручніках, у розных дыскусіях. У Менску няма ніводнага помніку, які б быў непасрэдна прысвечаны перыяду Полацкага княства ці хоць нейкаму полацкаму князю», – кажа Андрэй Казакевіч.


Здымак з падарожжа. Фота: асабісты архіў Аляксандры Мамаевай

«Дасюль мала хто ведае, што адбываецца ў Беларусі». Беларуска прайшла 315 кіламетраў, каб апавесці свету пра палітвязняў

Гісторыі

Большасць помнікаў, якія датычаць перыяду да ХІХ стагоддзя, прысвечаныя культуры – літаратуры, музыцы, кнігадрукаванню, філасофіі (Кірылы Тураўскаму). На другім месцы – рэлігійныя помнікі. За імі са значным адрывам ідзе гісторыя эпохі ВКЛ і ранейшая. І маецца адзін помнік ваенна-палітычнаму дзеячу старажытнага перыяду гісторыі, але рускаму – Аляксандру Неўскаму. Калі яго ўсталёўвалі, то казалі пра тое, што жонка Неўскага была ж беларускай, маўляў, ёсць нейкая сувязь з Беларуссю, аднак агулам гэты помнік – гэта відавочна рускі ўплыў і руская памяць, зазначаюць даследчыкі.


«Помнікі Пушкіну ёсць амаль у кожным буйным горадзе»


У помніках, прысвечаных ХІХ стагоддзю, становяцца багацейшымі ўплывы розных гістарычных наратываў. Але, хоць мы бачым украінскі, полькі кантэксты, галоўным застаецца расейскі.

«У абласных цэнтрах у помніках, прысвечаны ХІХ стагоддзю відавочнае дамінаванне расейскага гістарычнага наратыву. <..> Гэта помнікі Гогалю, Пушкіну – яны ёсць амаль у кожным буйным горадзе, і т.п. У Менску гэтая праява каланіяльнага расейскага ўплыву, што датычыць ХІХ стагоддзя, значна меншая. Напрыклад, з адносна новых помнікаў у Менску – помнік выразна беларускім культурніцкім дзеячам Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу, устаноўлены ў 2016 годзе», –кажа Андрэй Мастыка.

Аднак у той жа час помнікаў класікам беларускай літаратуры вельмі мала, пачынальнікам, як Дунін-Марцінкевіч – адзінкі. Часцей ушаноўваецца памяць больш вядомых дзеячоў, як Янка Купала, якому ёсць помнікі ў розных гарадах Беларусі. Што здзівіла даследчыкаў – у Беларусі даволі шмат помнікаў украінскаму паэту і пісьменніку Тарасу Шаўчэнку – два ў Менску і ёсць у абласных цэнтрах.

Танк Т-34 у Горадні. Фота: Michal Fludra/NurPhoto via Getty Images
Танк Т-34 у Горадні. Фота: Michal Fludra/NurPhoto via Getty Images

Большасць помнікаў, якія ўшаноўваюць падзеі ХХ стагоддзя, прысвечаныя Вялікай айчыннай вайне. У той жа час, як вынікае з даследвання, у Менску іх усяго траціна – 238 аб’ектаў. Далей ідзе культура і мастацтва (21,3%). Наступны буйны блок – навука і адукацыя – 13,7% (89 помнікаў).

«Калі іх спалучыць, атрымаецца значная колькасць, амаль як і помнікаў, прысвечаных падзеям ВАВ. Магчыма, гэта можна растлумачыць тым, што Менск – усё ж сталіца, і што тут сканцэнтраваная значная колькасць установаў культуры, адукацыі нацыяльнага маштабу», – зазначае Мастыка.

10% менскіх помнікаў прысвечаныя Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года (65 помнікаў). Найменш (менш за 1%) – помнікі архітэктуры, вайне ў Афганістане, медыцыне і МУС. Амаль адсутнічае памяць пра Чарнобыль.


«У абласных цэнтрах дамінуе палітычны прасавецкі наратыў»


У абласных цэнтрах сітуацыя больш сумная – там ВАВ дамінуе абсалютна – ёй прысвечаныя 57,5% помнікаў (404). Другое месца з вялікім адрывам дзеляць паміж сабой культурніцкія помнікі і мемарыялы Кастрычніцкай рэвалюцыі (па 8,3% ці па 58 помнікаў). На трэцім месцы – вайна ў Афганістане – 4,3% (30 помнікаў).

Навуцы і адукацыі ў абласных цэнтрах прысвечаныя 3,3% помнікаў (23). У рэгіёнах з’яўляюцца помнікі падзеям 1939 года. Найменш рэлігійных помнікаў і тых, якія ўшаноўваюць памяць аб рэпрэсіях (0,7 і 0,6%).

,,

«Таму можна сказаць, што ў абласных цэнтрах дамінуе палітычны прасавецкі наратыў», – зазначае Андрэй Мастыка.


У Менску ёсць помнік Першай сусветнай вайне – брацкія вайсковыя могілкі. Мемарыялізацыю гэтага аб’екту ўзяла на сябе Праваслаўная царква. З гэтым былі спрэчкі, бо ўсё ж Беларусь – не настолькі монаканфесійная дзяржава, каб казаць толькі пра праваслаўных, але дамінацыя ў палітычнай прасторы дае Праваслаўнай царкве гэта прасоўваць. Помнікі пра Чарнобыль таксама найчасцей звязаныя з Праваслаўнай царквой.

Паводле нацыянальна-культурнай прыналежнасці памяці большасць помнікаў ХХ стагоддзя ў Менску ўшаноўваюць памяць БССР – 75,2% (490). Далей ідзе агульнасавецкая памяць – 14,7% (96). 3,5% помнікаў (23) ушаноўваюць памяць савецкіх рэспублік, 2,8% (18) – уласна беларускую, 1,8% - габрэйскую (12 помнікаў). 1,2% - краінаў Еўропы (8), і 0,3% - Расеі.

У абласных цэнтрах на першым месцы таксама беларуска-савецкая памяць – 77,9% ці 517 помнікаў. На другім месцы – савецкая (12,2% - 81 помнік), на трэцім – беларуская (4,1% - 27 помнікаў). Расейскай памяці тут ужо крыху больш – 1,4% ці 9 помнікаў, габрэйскай – столькі ж – 1,8% (12 помнікаў). У рэгіёнах з’яўляецца польская памяць і яе 2,1% ці 14 помнікаў.

Брацкія вайсковыя могілкі ў Менску. Фота: planetabelarus.by
Брацкія вайсковыя могілкі ў Менску. Фота: planetabelarus.by

Русіфікацыя беларускай гарадской прасторы


У помніках пра вайну дамінуюць аб’екты, якія адлюстроўваюць гераічныя наратывы, вайсковыя дасягненні і славу. У Менску крыху лепш прадстаўленая памяць пра ахвяраў вайны, аднак у агульным аб’ёме помнікаў, прысвечаных ВАВ, яны складаюць меншасць. Таксама заўважная прысутнасць вайсковых помнікаў, прысвечаных героям і удзельнікам вайны з былых савецкіх рэспублік.

Калі казаць пра ваенныя помнікі, то з іх 87,8%  у Менску прысвечаныя ўдзельнікам ВАВ, камандзірам, героям СССР, салдатам. 7,1% - ахвярам вайны, мірным жыхарам, палонным канцлагераў, 5% - ахвярам Халакосту. У абласных цэнтра ахвярам Халакосту ўвогуле 2,5% помнікаў, а абсалютная большасць – удзельнікам вайны, салдатам.

«Новыя ваенныя помнікі таксама будуюцца ў савецкім мілітарысцкім стылі. Толькі дзякуючы Ленаду Левіну і палітыцы памяці аб ахвярах Халакосту ў Менску ўзніклі помнікі кшталту мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы, якія крыху лепш рэпрэзентуюць гэтую гісторыю. Але агулам памяць шмат у чым застаецца савецкай», – кажа Мастыка.

Сярод помнікаў, прысвечаных найноўшай гісторыі, большасць звязаная з культурай, музыкай – 14,9%. Але яны не дамінуюць і заўважная больш шырокая тэматычная разнастайнасць, заўважаюць даследчыкі.

«Сёння шмат помнікаў ставіцца ў гонар МУС, МНС, памежнай службы, дзяржаўным дзеячам. Калі іх спалучыць разам, то відавочна, што дзяржаўная сфера і сілавых структураў пераважае – такіх амаль чвэрць аб’ектаў у Менску, а ў абласных цэнтрах яшчэ больш. Але ў той жа час нейкай яўнай камемаратыўнай палітыкі не прасочваецца. Пра гэта кажуць, напрыклад, помнікі завадчаніну каля прахадной ці сербскаму банкіру Карычу», – кажа гісторык.

А тая палітыка, што ёсць, актыўна спрыяе русіфікацыі беларускай гарадской прасторы, рэзюмуе Андрэй Казакевіч.

Друкаваная версія даследвання выйдзе да сярэдзіны снежня.

Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10