навіны

Лукашэнка даў прытулак падазраванаму ў шпіянажы Томашу Шмыту

Томаш Шмыт.
Томаш Шмыт. Фота: x.com/Szmydt_Tomasz
podpis źródła zdjęcia

22 лістапада Лукашэнка падпісаў указы аб прыёме ў грамадзянства і наданні прытулку. У ліку тых, каму Беларусь дала прытулак, значыцца польскі суддзя Томаш Шмыт, які перайшоў на бок беларускага рэжыму.

Як паведамляе «Пул Первого», сённяшнім указам Аляксандр Лукашэнка задаволіў заявы аб прыёме ў грамадзянства Беларусі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі.


Паведамляецца, што такім чынам беларускае грамадзянства атрымалі 257 чалавек з 16 дзяржаваў, у тым ліку 15 непаўналетніх.


Акрамя таго, Лукашэнка даў прытулак і знакамітаму паляку Томашу Шмыту, якога ў Польшчы падазраюць у шпіянажы.


Нагадаем, 6 траўня сёлета сталася вядома, што польскі суддзя Томаш Шмыт перабывае ў Менску і просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. У Польшчы ён быў замяшаны ў скандале з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы. Гэтым уцекачом актыўна карыстаюцца лукашэнкаўская прапаганда ды, імаверна, спецслужбы.


Шмыт заяўляў, што ўцёк праз нязгоду з палітыкаю польскіх уладаў і пагрозу фабрыкавання супраць яго справы за шпіянаж. Польскія ўлады, паводле яго, вядуць «несправядлівую і абразлівую» палітыку супраць Беларусі і Расеі пад уплывам Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ды нібыта могуць такім чынам уцягнуць Польшчу ў вайну ва Украіне.


7 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Шмыт меў доступ да сакрэтных дакументаў і да Міністэрства юстыцыі, а значыць, яны былі дасяжныя і для беларускіх спецслужбаў.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10