Меркаваннi

Колькі вінаватых у справе Васіля Верамейчыка?

Васіль Верамейчык. Фота: Vasil Veramejchyk / Facebook
Васіль Верамейчык. Фота: Vasil Veramejchyk / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Хто вінаваты? Гэтае пытанне найчасцей задаюць тады, калі адбываецца нешта трагічнае і людзі спрабуюць зразумець, чаму гэта сталася магчымым. Менавіта як трагедыю большасць беларусаў успрыняла дэпартацыю Васіля Верамейчыка з экзатычнага В'етнаму ў Беларусь. Два дні людзі ў сацсетках пытаюцца: «Як? Ну як такое магло здарыцца?! Чалавек мае шмат доказаў пераследу з боку ўладаў і можа ў любой краіне ЕЗ разлічваць на статус уцекача, а яму адмовілі. Няўжо такое магчыма?»

Само затрыманне Васіля ў Хашыміне адбылося ўвечары 13 лістапада, а дэпартавалі яго ў Беларусь на наступны ж дзень. Вядома, што да яго не дапусцілі адваката, якога нанялі сябры. Зразумела, што ні пра якія юрыдычныя працэдуры ў рамках міжнароднага права ў гэтым выпадку гаварыць не даводзіцца. І вось ён за кратамі ў камеры следчага ізалятару, нягледзячы на тое, што ў 2021 годзе Васілю ўдалося збегчы з краіны, каб не апынуцца там, дзе ён цяпер. Праз тыдзень пасля затрымання дзяржаўнае тэлебачанне прадэманстравала гледачам кадры, як Верамейчыка выводзяць у кайданках з самалёта ў Нацыянальным аэрапорце. Начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак сказаў: «У рамках міжнароднай супрацы на запыт КДБ у Беларусь дастаўлены Васіль Верамейчык, які вышукваецца паводле крымінальнай справы па факце дзейнасці так званага палка Каліноўскага, прызнанага ў Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй».

Праверыць ягоныя словы немагчыма: сапраўды затрымалі на запыт ці проста выпадак падвярнуўся (звязаліся з консульствам пасля затрымання за бойку ў бары і высветлілася, што ён у расейска-беларускай базе вышуку)? Цяпер гэта ўжо не мае прынцыповага значэння для самога арыштаванага, але важна для беларусаў, якія не могуць вярнуцца дадому і вымушаныя жыць на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Цяпер, плануючы адпачынак у цёплай экзатычнай краіне, ім трэба будзе яшчэ больш уважліва вывучаць мапу, каб узважыць усе магчымыя рызыкі.

Васіль Верамейчык у інтэрв’ю «Белсату» у сакавіку 2024 года. Тбілісі, Грузія. Скрыншот: Белсат Life / Youtube
Верамейчыка не ўратавалі. Хто вінаваты? Аналітыка

Баявыя таварышы Пацука кажуць, што ваяваў ён сапраўды ў самых гарачых кропках і заўсёды на перадавой. Быў паранены. Але ў яго адбыўся канфлікт з прадстаўнікамі штабу палка Каліноўскага. Канфлікт дайшоў да такой кропкі, што Верамейчык ужо не мог заставацца ва Украіне і выехаў у Літву. Літва ж палічыла Васіля пагрозаю для сваёй нацыянальнай бяспекі толькі таму, што некалі ён быў кадравым вайскоўцам і сем гадоў служыў у беларускім войску. Чамусьці яны прыйшлі да высновы, што былы вайсковец будзе лаяльна ставіцца да палітыкі ўладаў Беларусі. Але тут ёсць адзін нюанс – служба ў ЗСУ на баку Украіны. Чаму на гэта не звярнулі ўвагі? Тым больш, што Васіля пераследавалі на радзіме. Ён быў затрыманы, адбываў адміністратыўны арышт, вымушаны быў уцякаць з краіны, каб не трапіць за краты паводле крымінальнага артыкулу. Праваабаронцы гавораць, што ён павінен быў наняць адваката, падаць у суд і чакаць пастановы. Яшчэ важна сачыць за тэрмінамі і не прапускаць іх пры падачы чарговай апеляцыі. І з гэтым, вядома, не паспрачаешся.

Так, ён дарослы чалавек і павінен быў прасіць дазволу застацца ў той ці іншай краіне ЕЗ. Але ніхто не кажа пра тое, што пасля жудасных перажытых падзеяў чалавек быў у стане посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР). Нягледзячы на тое, што пра гэта ўжо столькі напісана артыкулаў, праведзена круглых сталоў, запісана тэлеперадачаў, чамусьці дасюль не створана спецыяльных камісіяў пры ўправах міграцыйных службаў менавіта для такіх людзей, якія ваявалі на перадавой ці беглі з-пад бамбёжкі, калі на іхных вачах гінулі блізкія. У такіх людзей цяжкі стан можа не выяўляцца вонкава. Яны могуць жартаваць, смяяцца, хадзіць па крамах, але калі своечасова не заняцца праблемай, то яна можа разбурыць не толькі псіхіку, але і фізічнае здароўе.

Псіхіятры кажуць, што такія людзі могуць увесь час адчуваць небяспеку. Ім уласцівыя самаразбуральныя паводзіны. І гэта не абавязкова праблемы з алкаголем. Такія людзі могуць нядбайна ставіцца да сваіх асабістых інтарэсаў. Справа Васіля Верамейчыка – той самы выпадак. Ён не пайшоў настойваць на сваёй праўдзе, дабівацца прызнання сваіх заслуг. Не. Ён махнуў рукой. Паездка ў Грузію і потым спроба застацца ў Польшчы, але не ў лагеры для замежнікаў, таксама кажуць пра тое, што Васіль нядбайна паступіў у адстойванні сваіх інтарэсаў. На жаль, мы маем дзясяткі прыкладаў, калі людзі чапляюцца за любую магчымасць пераехаць з Беларусі ў іншую краіну і дзеля гэтага паказваюць нейкія фатаграфіі, расказваюць гісторыі, якіх не могуць пацвердзіць дакументальна, таму што гэтых доказаў проста не існуе. А тут у чалавека ёсць усе доказы для атрымання міжнароднай абароны, але ён палічыў за найлепшае развярнуцца і з'ехаць туды, дзе жылі сябры, якія былі радыя яго бачыць.

Людзі з ПТСР могуць быць раздражняльнымі і паводзіцца агрэсіўна. Сябры Васіля кажуць, што ў бары, дзе завязалася бойка паміж невядомымі, якія пачалі развязна паводзіцца пад «Уладзімірскі цэнтрал» і адпускаць нейкія рэплікі на адрас Васіля, ён спачатку трымаўся стрымана. Але доўга чакаць сябе не прымусіў і ў нейкі момант адказаў. Відавочцы ўпэўненыя, што гэта была правакацыя. Хаця сама бойка ўвогуле наўрад ці будзе фігураваць у гісторыі паланення Верамейчыка. Але гэты выпадак лішні раз даказвае, што ў чалавека былі праблемы і ніхто своечасова не звярнуў на іх увагі.

Варта адзначыць, што вярнуцца ва Украіну Васіль таксама не мог. Прычына: нехта даў спецслужбам Украіны «звесткі» пра тое, што Верамейчык можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Можа, цяпер самы час баявым таварышам Васіля звярнуцца ў тыя самыя спецслужбы, каб высветліць, як такое сталася магчымым, каб чалавеку, які сумленна ваяваў менавіта за нацыянальныя інтарэсы і незалежнасць Украіны, забаранілі туды ўезд?

Што ж зараз? Ці паспрабуюць спецслужбы выкарыстаць арышт Васіля Верамейчыка ў сваіх інтарэсах? Цалкам магчыма, што могуць прапанаваць супрацу, як у свой час прапанавалі яе Раману Пратасевічу. Тым больш, што чалавек цяпер у такім стане, ды і крыўда сваю справу можа зрабіць. Але ці так ужо вінаваты «дарослы чалавек, які павінен сам дамагацца дапамогі ў чужой краіне»? Можа, вінаватыя тыя, хто стварыў такія ўмовы, калі чалавек вымушаны быў уцякаць са свайго дому? І ўсё, што з ім потым адбылося, – гэта наступствы катастрофы, якая здарылася з ягонай краінай. Як бы там ні было, але гісторыя затрымання Васіля – гэта толькі пачатак ягонай крымінальнай справы. Ці ёсць нейкія механізмы для выратавання? Калі б былі, то, мабыць, не здарылася б таго, што здарылася. Цяпер справа Верамейчыка – адна з тысячаў палітычных справаў, за якімі лёсы найлепшых людзей нашага народу.

Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10