На Міжнародным форуме бяспекі ў Гэліфаксе, які пройдзе 22–24 лістапада ў Канадзе, лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская выступіць на панэльнай дыскусіі пра глабальныя пагрозы з боку Расеі, Кітаю, Ірану і Паўночнай Карэі.
Як распавядае прэс-служба Святланы Ціханоўскай, у Гэліфаксе беларуская лідарка таксама правядзе сустрэчы з міністаркаю замежных справаў Канады Мэляні Жалі, ценявым міністрам нацыянальнай абароны Канады Джэймзам Бэзанам і сенатаркаю ЗША Джын Шагін.
У рамках гэтага ж візіту Святлана Ціханоўская возьме ўдзел ў сесіі Парламенцкай асамблеі NATO ў Манрэалі, у гэтым жа горадзе яна сустрэнецца і з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
У Таронта дэмакратычная лідарка спаткаецца з прэм’ер-міністрам канадскай правінцыі Антар'ё Дагам Фордам і таксама паразмаўляе з беларусамі.
У Атаве запланаваны ўдзел Святланы Ціханоўскай у «Беларускім вечары», кансультацыях беларускіх дэмакратычных сілаў з урадам Канады і брыфінгу для дыпламатаў краінаў ЕЗ.
Надзея Вольная belsat.eu