Прапагандыст Юрый Васкрасенскі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Первый информационный» распавёў пра пяць палітзняволеных, вызваленых 7 лістапада ў рамках памілавання.
Усе вызваленыя палітвязні былі прысуджаныя ў 2024 годзе да невялікіх тэрмінаў. Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у адной з калоніяў палітвязням, якіх толькі перавялі ў папраўчую ўстанову, прапаноўваюць адразу пісаць прашэнне аб памілаванні.
7 лістапада на волю выйшлі наступныя асобы:
• Аляўціна Гудкова, прысуджаная ў 2024 годзе да года калоніі нібыта ў звязку з пратэстамі ў Берасці 10 жніўня 2020 года;
• Андрэй Каралёў, прысуджаны ўлетку 2024 года да двух гадоў калоніі нібыта за паклёп на Лукашэнку;
• Ілля Талстоў, асуджаны ў студзені 2024 года нібыта за ўдзел у пратэстах, тэрмін невядомы;
• Сяргей Чыж, прысуджаны ў лютым 2024 года да трох гадоў «хіміі» з накіраваннем нібыта за паклёп на Лукашэнку;
• Сяргей Іллін, асуджаны ў студзені 2024 года нібыта за знявагу Лукашэнкі, тэрмін невядомы.
Васкрасенскі зазначыў, што да Новага года можа быць вызваленая яшчэ адна «партыя палітвязняў». Гэтае пытанне, маўляў, будзе разгледжанае на паседжанні грамадскай камісіі для вяртання тых, хто з’ехаў: ёй перадалі паўнамоцтвы разглядаць прашэнні палітвязняў аб памілаванні.
7 лістапада Аляксандр Лукашэнка памілаваў 31 вязня, асуджанага за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Сярод іх – дзве жанчыны і 29 мужчынаў. Гэта была пятая хваля памілаванняў за гэты год.
20 лістапада прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра памілаванне яшчэ 32 палітычных зняволеных. Іхныя імёны не называюцца. Вядома, што памілавалі восем жанчын і 24 мужчынаў. 17 з іх маюць хранічныя хваробы, адна асоба мае інваліднасць. У 17 асуджаных ёсць дзеці, двое – шматдзетныя бацькі. Дзевяць памілаваных – старэйшыя за 50 гадоў.
Адначасова з памілаваннем, паводле звестак «Вясны», у сярэднім у Беларусі штомесяц з'яўляюцца 150–170 асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах. Гэта фактычна ўтрая больш за 63 «памілаваных» у лістападзе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu