навіны

Еўразвяз: Ордары на арышт Нэтаньягу і Галянта абавязковыя для выканання

Бэньямін Нэтаньягу і Ёаў Галянт.
Бэньямін Нэтаньягу і Ёаў Галянт. Фота: Noam Rivkin Fanton
podpis źródła zdjęcia

Галоўны прадстаўнік у вонкавых сувязях Еўразвязу Пэтэр Стана даў эксклюзіўны каментар «Белсату» адносна выдачы Міжнародным крымінальным судом ордараў на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу і былога міністра абароны краіны Ёава Галянта.

Паводле Стана, Еўразвяз заўсёды і паслядоўна вельмі моцна стаяў на баку Міжнароднага крымінальнагу суда.

,,

«Міжнародны крымінальны суд для нас – вельмі важная незалежная міжнародная ўстанова, створаная для забеспячэння адказнасці і правасуддзя на міжнародным узроўні за здзейсненыя найбольш цяжкія злачынствы. Усе пастановы Міжнароднага крымінальнага суда, у тым ліку ордары на арышт, – абавязковыя для ўсіх дзяржаваў – удзельніц Рымскага статуту МКС, і гэта датычыць усіх краінаў – сябраў Еўразвязу. Гэта азначае, што ўсе пастановы МКС, у тым ліку гэтая, абавязковыя для выканання ўва ўсіх краінах – чальцах Еўразвязу», – заявіў Пэтэр Стана.


Бэньямін Нэтаньягу і Ёаў Галянт. Фота: יואב גלנט - Yoav Gallant / Facebook·

МКС выдаў ордары на арышт Нэтаньягу і Галянта

навіны

21 лістапада Палата папярэдняга вядзення I Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) выдала ордары на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу і цяпер ужо былога міністра абароны краіны Ёава Галянта за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, учыненыя як мінімум з 8 кастрычніка 2023 года да як мінімум 20 траўня 2024 года. Пры гэтым быў адхілены зварот Ізраілю пра неправамоцнасць выдачы ордараў.


У абвінавачванні супраць Нэтаньягу і Галянта зазначаецца, што яны наўмысна і свядома пазбавілі цывільнае насельніцтва ў Газе харчоў, вады, лекаў і медычных сродкаў, а таксама паліва і электраэнергіі, перашкаджалі гуманітарным арганізацыям дастаўляць гэта. Пры гэтым такія абмежаванні разам з вымыканнем электрычнасці і скарачэннем паставак паліва сур’ёзна паўплывалі на даступнасць вады ў Газе і здольнасць шпіталяў надаваць медычную дапамогу.


Раніцаю 7 кастрычніка 2023 года на Ізраіль абрынуліся ракеты з сектару Газа, а пасля баевікі «Хамасу» ўварваліся на тэрыторыю Ізраілю, у тым ліку ў месцы, дзе праходзіў музычны фэст. У выніку атакі былі забітыя блізу 1200 ізраільцянаў і замежнікаў, а каля 250 закладнікаў былі вывезеныя ў Газу. Напад суправаджаўся жорсткімі катаваннямі і згвалтаваннямі. Здарэнне назвалі правалам ізраільскіх спецслужбаў.


8 кастрычніка Ізраіль пачаў вайсковую аперацыю «Жалезныя мячы» і назваў тое, што адбываецца, вайною.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10