навіны

Штогод ад наступстваў палення паміраюць больш за 8 мільёнаў асобаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, у пачатку 2024 года тытунёвыя вырабы ў свеце спажывалі каля аднаго мільярда трохсот мільёнаў чалавек. Або каля 15 адсоткаў усяго насельніцтва планеты. Чаму людзі не могуць адмовіцца ад шкоднай звычкі і чым яна небяспечная, распавялі нашыя суразмоўцы.

Больш за 10 гадоў прывязанасці да цыгарэты. Музыка Юрый Несцярэнка пачаў актыўна паліць у 16 гадоў. Аднак бліжэй да 30-ці ўсё ж канчаткова пераадолеў сваю залежнасць ад тытуню. Кажа, гэты крок даўся яму лёгка:

«Перш за ўсё трэба сабе ў галаве зрабіць такую як бы схему асабістую, што ты не паліш. То бок ты можаш і цыгарэту патрымаць, і яны побач могуць ляжаць, але галоўнае ведаць, што ты не паліш, і гэта дакладна».

Штогод ад наступстваў гэтай дрэннай звычкі паміраюць больш за 8 мільёнаў асобаў, з якіх крыху больш за мільён – ахвяры пасіўнага палення.

,,

«Асноўная прычына анкалагічных захворванняў - адная з вядучых - гэта ўжыванне тытуню. Ёсць асобная група захворванняў лёгкіх, якая асацыяваная з паленнем. Ёсць захворванні сасудаў ніжніх канцавінаў, яны могуць прывесці аж да ампутацыі, якая характэрная для мужчын-курцоў», – тлумачыць доктар, намеснік прадстаўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Станіслаў Салавей.


У Беларусі паляць каля двух мільёнаў дарослых, або кожны чацвёрты. Гэта вынікае з апошняга супольнага даследавання Міністэрства аховы здароўя і Рэгіянальнага бюро САЗ у нашай краіне. Беларуская блогерка Сандра, якая пачала паліць яшчэ ў юнацтве, мяркуе, што для распаўсюду такой шкоднай звычкі ў нашай краіне створаныя ўсе ўмовы:

«У Беларусі даволі лёгка купіць цыгарэты. Гэтыя "Табакеркі", яны на кожным кроку знаходзяцца. Плюс, калі я пачынала паліць, то ў нас амаль ніколі не было праблемы, каб купіць цыгарэты, хаця мы яшчэ былі непаўналетнія. І цэны даволі нізкія».

Паводле таннасці цыгарэтаў Беларусь трэцяя пасля Нігерыі і В'етнаму ў рэйтынгу з 98 краінаў, які падае онлайн-база звестак «Намбэёў» («Numbeo»). Пры гэтым рэсурс прыводзіць сярэднюю цану пачкі «Марлбара» ў нашай краіне як больш за паўтара долара. Калі ж абапірацца на звесткі Міністэрства падаткаў і збораў, то цана будзе яшчэ меншаю – крыху больш за долар. А Беларусь, адпаведна, прэтэндуе на званне краіны з самымі таннымі цыгарэтамі.

Тым не менш колькасць беларусаў, якія паляць звычайныя цыгарэты, змяншаецца, канстатуюць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Затое папулярнасць набіраюць іх электронныя аналагі. Паводле адмыслоўцаў, такія прылады выбірае ў асноўным моладзь да 30 гадоў. Прыхільнікі электронных цыгарэтаў часта кажуць пра іх меншую шкоду для здароўя.

,,

«Тэарэтычна з назіраннем у 10-15 гадоў, калі мы параўнаем тых, хто паліць цыгарэты і тых, хто паліць айкас, будзе даказана, што рызыка сапраўды ніжэйшая. Скажам, не на 20 % будзе рызыка анкалагічнага захворвання, а на 15 %. Так, класна. Але мы кажам пра тое, што гэта апрыёры шкодна», – кажа Станіслаў Салавей.


Сёлета ж чыноўнікі ў Беларусі пачалі гаварыць пра магчымую забарону вэйпаў як небяспечных для здароўя. Аднак калі гэта можа адбыцца – яшчэ невядома. Адпаведны законапраект маюць падрыхтаваць чальцы Савету Рэспублікі.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Ірына Юр'ева, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10