У кастрычніку рост эканомікі Беларусі крыху запаволіўся з-за сельскай гаспадаркі і аптовага гандлю. Кошты ўлады імкнуцца знізіць яшчэ больш, але ў наступным годзе інфляцыя можа разагнацца да 6 – 8 %. Пра гэта падчас брыфінгу аб стане беларускай эканомікі распавёў эксперт BEROC Анатоль Харытончык.
Сельскую гаспадарку напаткалі праблемы
ВУП Беларусі вырас за 10 месяцаў на 4,2 %. Рост у кастрычніку да кастрычніка 2023 года склаў 2,6 %. Аднак да верасня бягучага года рост ВУП знізіўся прыкладна на 0,5 %.
«Тым не менш сам аб'ём выпуску заставаўся даволі высокім і ўсё яшчэ прыкметна вышэй збалансаванага ўзроўню», – кажа Анатоль Харытончык.
Гэта азначае, што эканоміка перагрэтая і таму ўразлівая да шокаў.
Адна з галін, якая цягнула ВУП уніз – сельская гаспадарка.
«Дададзены кошт сельскай гаспадаркі ў кастрычніку знізіўся прыкладна на 4,1% да кастрычніка мінулага года, што адабрала 0,6% ад гадавога прыросту ВУП», – адзначае эксперт.
Прыкметна знізіўся выпуск яек і мяса. Апошняе, верагодна, звязана з чумой свіней – іх стала на 9 % менш у сельгасарганізацыях за апошнія тры месяцы.
«Значныя асцярогі выклікаюць вельмі нізкі ўраджай бульбы ў бягучым годзе. Ён на 35 % ніжэйшы ў параўнанні з 1 лістапада мінулага года, ён наогул мінімальны за апошнія гады», – працягвае Харытончык.

Таму могуць быць праблемы з бульбай, магчыма, яе будзе мала і яна будзе даражэць. Таксама назіраецца невысокі збор гародніны і збожжа, не лічачы кукурузы.
Нафтаперапрацоўка тармозіць усіх
Прамысловая вытворчасць засталася паблізу вераснёўскага ўзроўню. Назіралася зніжэнне ў Віцебскай вобласці. Гэта хутчэй за ўсё кажа аб праблемах у нафтаперапрацоўцы, лічыць эксперт. У Віцебскай вобласці знаходзіцца «Нафтан».
«У цэлым прамысловасць рухаецца ў бакавым трэндзе [без істотных уздымаў або падзенняў. – Заўв. рэд.]», – кажа Харытончык.
Так і будзе заставацца нават пры вялікім попыце, лічыць эксперт, бо рэсурсы для росту ўсё яшчэ абмежаваныя – работнікаў не хапае, складанасці з лагістыкай і доступам да перадавых тэхналогій.
«Мяркуючы па ўсім, менавіта слабасць у нафтаперапрацоўцы, якая генеруе вельмі значныя міжгалінныя эфекты, стала прычынай моцнага скарачэння аптовага тавараабароту ў кастрычніку. І зніжэнне ў опце ў нас абумовіла запаволенне прыросту дададзенага кошту ў цэлым гандлі з 5,1% у верасні 2024 года да прыкладна 1,5% у кастрычніку. Запаволенне ў гадавых тэрмінах значнае, а да папярэдняга месяц моцнае», – адзначае Анатоль Харытончык.

Зніжэнне аптовага тавараабароту адбываецца адначасова з ростам складскіх запасаў. Гэта можа паказваць на стрыманую дынаміку экспарту ў апошнія месяцы.
Аднак аб'ём прамысловай вытворчасці застаецца вельмі высокім. Фізічны аб'ём экспарту таксама высокі дзякуючы значнаму попыту ў Расеі.
Грузаперавозкі заставаліся «на дне» ў кастрычніку, адзначае эксперт. Гэта звязана з адсутнасцю росту ў прамысловасці і аптовым гандлі. Дзякуючы росту пасажырскіх перавозак на фоне высокай спажывецкай актыўнасці і ўнутранага турызму ў цэлым дабаўленая вартасць транспарту павялічылася прыкладна на 6,6 % у кастрычніку.
Людзі закупляюцца шалёнымі тэмпамі
Спажывецкі попыт, які з'яўляецца адной з галоўных крыніцай росту ВУП у 2024 годзе, працягнуў расці падвышанымі тэмпамі ў кастрычніку.
«Рознічны гандаль дадаў каля 1 % да верасня з карэкцыяй на змяненне цаны і сезоннасць. І сярэдні ўзровень 2021 года перавышаны ўжо больш чым на 19 %, а ў нехарчовай розніцы больш чым на 30 %. Гэта значыць насельніцтва ў нас павялічвала спажыванне тавараў сярод высокага росту заробкаў, моцнай крэдытнай актыўнасці і рэкордных паказчыкаў спажывецкай упэўненасці», – сказаў Анатоль Харытончык.
Эксперт называе спажывецкі попыт сур'ёзна перагрэтым і лічыць, што так і будзе заставацца, калі не з'явіцца «чорных лебедзяў».
,,«На гэта паказвае, па-першае, захаванне праблемы дэфіцыту кадраў, па-другое, адсутнасць значнага росту сярэдняй стаўкі па крэдытах насельніцтву. Акрамя таго, Нацбанк не прымае актыўныя меры манетарнай палітыкі, накіраваныя на тое, каб надаць ёй умераную калянасць.
Акрамя ўсяго іншага, Нацбанк нарошчвае пакупкі дзяржаблігацый. Гэта паказвае яго падпарадкаванае становішча ў адносінах да ўрада. У кастрычніку Нацбанк яшчэ купіў дзяржаблігацый на 443 млн рублёў на другасным рынку. Гэтыя аперацыі сігналізуюць, што ўлады маюць намер падтрымліваць значны аб'ём бюджэтных выдаткаў у найбліжэйшай перспектыве. І яны працягнуць падаграваць і без таго высокі ўнутраны попыт», – сказаў Анатоль Харытончык.
У кастрычніку вырас інвестыцыйны попыт – быў нетыповы ўсплёск капітальных укладанняў у машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі.
«Думаю, што гэта можа быць статыстычным адлюстраваннем усплёску імпарту тавараў у верасні, які прыйшоўся на перыяд перад уступленнем у сілу чэрвеньскіх санкцый ЕЗ», – працягвае эксперт.
Таму ў наступныя месяцы можа назірацца натуральны адкат інвестыцый.
Таксама рэзка вырас імпарт тавараў у верасні з краін па-за СНД.
«Прырост прыкладна на паўмільярда долараў да жніўня. Менавіта ў выніку такога магутнага росту імпарту дэфіцыт замежнага гандлю таварамі і паслугамі часова пашырыўся амаль да 0,8 мільярда долараў у верасні», – сказаў Харытончык.
З чым дакладна гэта звязана невядома, паколькі ўлады Беларусі схавалі дэталёвыя звесткі па знешнім гандлі. Эксперт мяркуе, што скачок імпарту можа сведчыць аб закупках перад санкцыямі, якія яшчэ больш абмежавалі пастаўкі тавараў ЕС у Беларусь, проста ў статыстыцы імпарт адлюстравалі пазней.
Таксама маглі паўплываць павышаныя пастаўкі аўтамабіляў, якія прызначаліся для рээкспарту ў Расею, бо з 1 кастрычніка ў Расеі павышаецца ўтылізацыйны збор. Аднак дакладна сказаць складана праз праблемы з улікам рээкспарту, адзначае эксперт.
Рост коштаў разгоніцца ў 2025 годзе

У заключэнне Анатоль Харытончык адзначае, што ў апошнія месяцы ВУП значна не мяняецца і гэта хутчэй добра, паколькі і так перагрэтая эканоміка не разганяецца далей.
«Аднак гэта забяспечваецца пераважна за кошт паслаблення дынамікі экспарту, у той час як спажывецкі попыт, унутраны, працягвае дадаваць высокімі тэмпамі», – кажа ён.
Да канца 2024 года ВУП будзе прыкладна на такім жа ўзроўні, як цяпер.
«Гэтаму будзе адпавядаць падтрыманне аб'ёму рэальнага ВУП у чацвёртым квартале прыкладна на 3% вышэй свайго збалансаванага ўзроўню. У базавым сцэнары, які прадугледжвае паступовае паслабленне росту ў Расеі і адсутнасць якіх-небудзь узрушэнняў у сусветнай эканоміцы, залішні попыт будзе павольна змяншацца ў будучым годзе. Гэта значыць эканамічная актыўнасць будзе высокай, але яе рост замарудзіцца да 1,5 – 2,5% у сілу абмежавання з баку прапановы», – сказаў Анатоль Харытончык.
Інфляцыя ў кастрычніку вырасла на 0,1% у параўнанні з вераснем. Гадавая інфляцыя па выніках кастрычніка склала 5,9 %.
«У астатнія месяцы гадавая інфляцыя захаваецца ў дыяпазоне 5,5 – 6%, але ўпэўненасць у гэтым у мяне некалькі знізілася з-за прыняцця МАРГам рашэння аб абмежаванні росту коштаў у лістападзе і снежні», – кажа Харытончык.
Эканамічнага абгрунтавання гэтаму рашэнню чыноўнікаў няма, яно хутчэй носіць бюракратычны характар. Калі ж рашэнне будзе выканана, то інфляцыя ўвогуле наблізіцца да 4% па выніках года, лічыць эксперт. Пры гэтым у наступным годзе інфляцыя можа вырасці да 6 – 8%.
Арсен Рудэнка belsat.eu