Парк забаваў «Дрымлэнд» праіснаваў у Менску 20 гадоў, але збанкрутаваў у 2023-м. Увосень 2024-га «Дрымлэнд» пачалі зносіць. Замест яго хочуць зрабіць новы парк і музей, у якім пакажуць бачанне гісторыі Лукашэнкам.
Не пазней за 20 лістапада ў Менску пачалі зносіць каланаду на ўваходзе ў колішні парк забаваў «Дрымлэнд». Паводле назіранняў выдання «Zerkalo», працы пачаліся яшчэ на мінулым тыдні.
«Дрымлэнд» (ад анг. dream land – «зямля мараў») працаваў у Менску з лета 2023 года, прапаноўваў атракцыёны для дзяцей і дарослых, аквазону, кавярні ды іншае. Парк заснаваў адзін з першых доларавых мільянераў Беларусі Юрый Авяр’янаў. Праз няўдалае пашырэнне парку Авяр’янаў застаўся вінны за крэдыты і падаткі дзясяткі мільёнаў долараў, страціў бізнес і ўцёк з Беларусі, быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Але з Нямеччыны ў Беларусь яго так і не выдалі. Улетку 2020-га ў Менску на тры гады калоніі (мінус год праз амністыю) асудзілі ягоную дачку Вікторыю Авяр’янаву, якую назвалі вінаватай у нясплаце падаткаў.
Маёмасць бізнесоўца ў Беларусі пачалі распрадаваць у 2019 годзе. Юрыдычна кампанію «Парк забаваў «Дрымлэнд» пачалі ліквідоўваць улетку 2023-га, улады адразу пачалі публікаваць планы на пляцоўку. Парк забаваў «Дрымлэнд» прызналі банкрутам у красавіку 2024-га.
Спачатку на месцы «Дрымлэнду» планавалі парк Народнага адзінства, цэнтральнае месца ў якім мела займаць экспазіцыя «Міні-Беларусь» у форме межаў дзяржавы. Замоўцам праекту выступаў «Менскзялёнбуд».
У верасні 2024 года Аляксандру Лукашэнку прэзентавалі новы праект на месцы парку: новы будынак для Нацыянальнага гістарычнага музею – таксама ў форме абрысаў межаў Беларусі. Лукашэнка загадаў, каб быў «нармальны музей», у якім наведнік мог бы «пераканацца, што мы маем права на сваю дзяржаўнасць».
Таксама Лукашэнка загадаў, каб у музеі «не было ніякага нацыяналістычнага ці ўра-патрыятычнага перабору», каб «гістарычныя факты выклалі максімальна праўдзіва». Пры гэтым за Лукашэнкам у Беларусі перапісваюць гісторыю – і сам Лукашэнка распаўсюджвае гістарычныя фэйкі.
Толькі на праект музею з дзяржаўнага бюджэту выдалі 430 тысячаў рублёў, распрацоўванне без конкурсу аддалі «Менскпраекту».

Парк цяпер плануюць ператварыць у дадатак да музею. У ім думаюць зрабіць толькі сам музей, новую арку на ўваходзе, абстрактную скульптурную кампазіцыю (жанчыну з жытам), пляцоўку для ўрачыстасцяў і невялікую дзіцячую пляцоўку. Будоўлю збіраюцца распачаць у 2025 годзе, завяршыць – у 2026-м.
Лукашэнка заяўляў, што музей мае зрабіцца «візітоўкай краіны», але разам з тым казаў, што гэта «кітайскі музей гісторыі Беларусі». Reform.by падазраваў, што Лукашэнка хоча такім музеем паставіць «помнік самому сабе» як заснавальніку сучаснай Беларусі. Падобныя падазрэнні выказвалі і пра палац Незалежнасці, які ў выніку стаўся толькі адною з рэзідэнцыяў Лукашэнкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu