Міністэрства замежных справаў Польшчы прызначыла новага адмысловага прадстаўніка ў справе супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Пра гэта паведамляе намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.
Новым упаўнаважаным прадстаўніком МЗС Польшчы ў пытаннях супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі стаўся Адам Норбэрт Галаціньскі, які ў 2010–2014 гадах быў амбасадарам Польшчы ў Швецыі, а ў 2020–2024-м – сталым прадстаўніком пры АБСЕ.
«Гэта важнае рашэнне МЗС Польшчы, якое дэманструе пераемнасць дзейнасці распачатай амбасадарам, упаўнаважаным прадстаўніком МЗС Польшчы ў супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Артурам Міхальскім, і сталае падтрыманне дэмакратычных сілаў Беларусі нашымі польскімі партнёрамі», – адзначыў Павел Латушка.
Паводле палітыка, гэтае прызначэнне «азначае нязменнае падтрыманне Польшчаю памкненняў беларускага грамадства да дэмакратычных зменаў у Беларусі».
Папярэднім адмысловым прадстаўніком МЗС Польшчы ў супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі быў Артур Міхальскі, які працаваў на пасадзе амбасадара Польшчы ў Беларусі з траўня 2018 года да жніўня 2023-га. З Беларусі ён з’ехаў у кастрычніку 2020-га. Дэмакратычныя сілы ўзнагародзілі яго медалём «Гонар і Годнасць» за выключную адданасць у служэнні Беларусі. А Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало ягоную старонку ў сацыяльнай сетцы X (былы Twitter) у спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Якуб Хруст belsat.eu