У Талліне падвялі вынікі беларускага конкурсу ў межах дзясятага фестывалю «Паўночнае ззянне».
Галоўную ўзнагароду атрымаў фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам». Сюжэт стужкі заснаваны на рэальных падзеях і распавядае гісторыю журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай і ейнага мужа Ігара Ільяша.
«Праз разумныя і ўпэўненыя мастацкія выбары рэжысёрка дае нам прымераць боты смелай беларускай журналісткі, арыштаванай за вядзенне трансляцыі з жорсткага задушэння мірных пратэстаў. Мы разумеем і ўхваляем экзістэнцыйны выбар галоўнай гераіні і спачуваем ейнаму мужу, пакуль яна працягвае змагацца з дзяржавай, што разбурае іх ранейшае сямейнае жыццё», — гаворыцца ў каментары.
Журы адзінагалосна пастанавіла прысудзіць узнагароду за найлепшы фільм беларускага конкурсу фільму «Пад шэрым небам».
Паўнаметражная версія серыялу «Працэсы» вытворчасці «Белсату» атрымала спецыяльную адзнаку
«Ганаровая адзнака дастаецца смелай сатыры «Працэсы» Андрэя Кашперскага пра прыгнёт, гвалт і палітычную індактрынацыю. Эпізодная структура фільму дазваляе агледзець Беларусь бы праз калейдаскоп, як тэатр абсурду. Канцэпт і арыгінальнасць фільму ўразілі журы», — адзначае журы фестывалю.
«Працэсы» – першы арыгінальны серыял «Белсату», ён складаецца з чатырох эпізодаў, кожны з якіх апавядае пра той ці іншы бок рэпрэсіўнага апарату Беларусі. Назва адсылае да цяперашніх працэсаў там – палітычных, грамадскіх і судовых. Дзяржава выглядае як брутальна, гэтак і гратэскава. Стваральнікі серыялу – Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй. Галоўныя ролі выканалі Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева, Ігар Сігаў, Алег Гарбуз, Яна Траянава.
Таксама спецыяльную адзнаку атрымаў фільм «Непажаданае сваяцтва», зняты рэжысёрам Паўлам Мажарам.
«Журы пастанавіла прысудзіць ганаровую адзнаку фільму пра ўдзел Беларусі ў вайне Расеі ва Украіне. Зняты далёка ад лініі фронту, твор узнімае вострае пытанне адказнасці, ён прапаноўвае рэжысёрскі погляд, але засяроджваецца на грамадзянскіх ахвярах вайны і іх ашаламляльных сведчаннях, падкрэсленых яркім кантрастам са спакойнымі, светлымі кадрамі. Журы цэніць маральную інтраспектыўнасць карціны, якая заходзіць далёка за лінію фронту», — каментуе свой выбар журы.
Стужкі «Пад шэрым небам» і «Непажаданае сваяцтва» можна паглядзець гэтымі выходнымі ў Варшаве ў межах X фестывалю беларускіх фільмаў «Bulbamovie».
Таксама глядзіце ў сюжэце: