Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведамляе, што працягваюць збіраць подпісы за вылучэнне яго кандыдатам на прэзідэнцтва на выбарах 2025 года. Сам ён раней казаў спыніць збор.
«Памятаеце, першы прапаноўваў спыніць збор подпісаў дзеля падтрымання сваёй кандыдатуры? А іх ужо – больш як 1,5 мільёна!» – заяўляе «Пул Первого».
Такім чынам выходзіць, што пры афіцыйнай колькасці насельніцтва Беларусі станам на пачатак 2024 года 9,16 мільёнаў асобаў за Аляксандра Лукашэнку падпісаўся кожны шосты жыхар краіны, разам з дзецьмі да 18 гадоў і эмігрантамі, якіх улады краіны не дапускаюць да выбараў.
Кіраўнік Беларусі заявіў 14 лістапада, што за ягонае вылучэнне нібы ўжо сабралі больш за 700 тысяч подпісаў. Ён сказаў, што прапаноўваў ужо завяршыць збор подпісаў за сябе, але кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой адзначыў, што людзям трэба даць магчымасць падтрымаць яго.
ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу Лукашэнкі 29 кастрычніка. З таго моманту яна пачала афіцыйна збіраць подпісы. Калі верыць афіцыйным заявам, то за першыя 16 дзён было сабрана 700 тысяч подпісаў, або каля 43 750 подпісаў штодня. За наступныя сем дзён было сабрана яшчэ 800 тысяч подпісаў, або 114 285 на дзень. Прычыны, з якіх збор подпісаў паскорыўся ў 2,6 разу, не агучваюцца.
Праваабаронцы «Вясны» раскрываюць тое, як адбываецца збор подпісаў: людзям пагражаюць звальненнем, высяленнем з інтэрнату ды іншымі наступствамі. Усё для таго, каб яны паставілі подпіс за Лукашэнку. У медуніверсітэтах подпісы сярод студэнтаў збіраюць проста ў будынку навучальнай установы, прычым кантралююць, хто падпісаўся, а хто не, літаральна звяраючыся з пашпартамі.
Якуб Хруст belsat.eu