Расейскі тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» апублікаваў аўдыязапіс, на якім, як заяўляецца, зафіксаваныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына падчас ягонага мяцяжа 24 чэрвеня 2023 года.
Размова пачынаецца з таго, што чалавек з голасам, падобным да Аляксандра Лукашэнкі, заяўляе чалавеку з голасам, падобным да голасу Яўгенія Прыгожына, што «з ім яшчэ не перамовіўся», верагодна, намякаючы на Уладзіміра Пуціна.
,,«Там усё, усё яго асяроддзе на вушах. Яны ўжо мяне і ўгаворваюць, і просяць», – кажа ён.
Пры гэтым чалавек з голасам Лукашэнкі адзначае, што ягоная прэс-служба зрабіла «шкодную для нас заяву» адносна плану перамоваў з Прыгожыным. Далей ён кажа, што «выпрацавалі абсалютна прымальны варыянт бяскроўнага развязання гэтага пытання».
«Ну я ўжо трохі правакую расейскі бок. Магчыма, у іх іншыя варыянты, разумееш? Магчыма, замачыць Прыгожына», – адзначае голас, дадаючы, што тады «колькі дзясяткаў тысяч лясне народу».
Паводле яго, кіраўніца прэс-службы Наталля Эйсмант ужо рыхтуе заяву, хоць Пуцін яшчэ не падтрымаў гэтыя прапановы – размясціцца на палігонах у Беларусі.
,,«Я скажу, што дамоўленасці былі, баявое зладжванне, адпачынак і іншае. Ну а Пуціну выкажу ў сваё фе», – дадае голас.
Паводле яго, далей ён будзе развязваць фінансаванне вагнэраўцаў з Пуціным у Беларусі, «калі нават ён з глузду з’едзе і не дасць грошай».
Прыгожын 23 чэрвеня 2023 года ўчыніў мяцеж. Захапіўшы Растоў-на-Доне, ён вайсковымі калонамі скіраваўся на Маскву. Але 24 чэрвеня, не дайшоўшы да расейскай сталіцы 200 км, Прыгожын раптам заявіў, што спыняе марш, «каб пазбегчы кровапраліцця», і яго падначаленыя вернуцца ў трэнавальныя лагеры.
У той жа час прэсавая служба Лукашэнкі распаўсюдзіла заяву аб тым, што гэта менавіта беларускі палітык дамовіўся з кіраўніком прыватнай вайсковай кампаніі аб спыненні наступу на Маскву пад гарантыі для кіраўніка вагнэраўцаў і ягоных байцоў.
Вагнэраўцы накіраваліся ў Беларусь, дзе для іх быў зладжаны лагер.
А праз два месяцы, 23 жніўня, самалёт з кіраўніцтвам ПВК Вагнэра разбіўся ў Цвярской вобласці Расеі. Паводле неафіцыйных версіяў, або бізнес-джэт Прыгожына быў збіты ППА, або на борце выбухнула бомба. У выніку загінулі сем пасажыраў і трое чальцоў экіпажу, у тым ліку і Прыгожын. Пасля гэтага Лукашэнка заявіў, што не мусіў гарантаваць таму бяспеку.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Якуб Хруст belsat.eu