Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой паведаміў у інтэрв‘ю «Беларусь сегодня», што з кожнага раёну, дзе пражываюць каля 10-ці тысячаў чалавек, штогод з‘язджаюць ад трох да чатырох соцень жыхароў. Чаму так адбываецца і ці магчыма заахвоціць людзей застацца ў вёсках, запыталі ў адмыслоўцаў.
Былы вясковец Зміцер Лупач, аграном, распавядае, што вельмі шмат вёсак знікла, а тыя, якія не зніклі, знаходзяцца на мяжы знікнення:
«Нават у маёй вёсцы трыццаць гадоў таму было нешта каля сямідзесяці чалавек, цяпер засталося недзе пятнаццаць – вось такое змяншэнне. Дарэчы, гэтая тэндэнцыя характэрная не толькі для вёсак, але і для неівялікіх райцэнтраў».
Калі ж гэткія тэмпы адтоку людзей захаваюцца, пад пагрозай вымірання могуць аказацца дзесяткі мястэчак. Гэтак, Іўе – райцэнтр, у якім жыве менш за 8 тысяч жыхароў, можа апусцець праз 19 гадоў, Лоеў – знікнуць праз 16, Тураў – перастане існаваць праз 7 гадоў.
,,«Большасць з‘язжае або ў абласныя цэнтры, або ў сталіцу, у Менск. Цяпер шмат хто наогул з‘язжае за мяжу. Гэта можа прывесці да зніжэння харчовай бяспекі, пра якую так любіць казаць Лукашэнка і хваліцца, што яна ў нас нібыта ёсць», – кажа Зміцер Лупач.
Паводле Белстату, летась у сельскай мясцовасці працавала 246,5 тысяч асобаў. Сярэдні ўзрост працаўнікоў – 43,3 гады. Каб амаладзіць кадры, улады распачалі праграму падтрымання маладых спецыялістаў.
Выпускнікоў ВНУ, якіх адправілі ў вёску на адпрацоўку, запрашаюць застацца. Іх завабліваюць жытлом, даўжэйшым адпачынкам і нават падатковымі льготамі.
,,«Яны кажуць, што ствараюць такія суперумовы, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Не тая інфраструктура, не тыя магчымасці. Таму, зразумела, што моладзь вельмі часта з‘язжае ў гарады, дзе ёсць больш магчымасцяў», – распавядае намеснік прадстаўніка ў транзіце ўлады АПК, былы чыноўнік Арцём Брухан.
Тым часам зарабляюць аграрыі менш, чым прадстаўнікі іншых сфераў.
Паводле звестак Белстату, у верасні сярэдні налічаны заробак у сельскай гаспадарцы склаў менш за 2000 рублёў да выплаты падаткаў. Для параўнання: спецыялістам сферы фінансаў і страхавання налічылі больш за 3000 рублёў, будаўнікам – каля 2800 рублёў, працаўнікам транспартнай галіны – прыкладна 2300 рублёў. Павышэнне ж заробкаў у вёсках пры цяперашніх умовах – задача складаная, мяркуе былы чыноўнік Арцём Брухан.
«Гэта тая сфера, якая сапраўды датацыйная, і не так шмат тых прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы, якія сапраўды могуць зарабляць грошы, – яны ўсё ж не прыбытковыя. Паколькі гэта сфера, якая не заўсёды рэнтабельная і патрабуе датацыяў, яны не могуць больш заліваць у яе грошы», – тлумачыць ён.
З праблемамі сельскай мясцовасці ўлады намагаюцца змагацца ўжо два гады. Каб прыцягнуць інвестыцыі ў вёску і стварыць там новыя працоўныя месцы, у 2022-м годзе запусцілі праграму «Адзін раён – адзін праект». Гэтак, паводле ініцыятывы, у раёнах з’явілася каля чатырох з паловай тысяч новых вакансіяў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Кацярына Гардзеева, «Белсат»