навіны

«Вясна»: Беларусаў прымушаюць ставіць подпісы за Лукашэнку

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Менск, Беларусь. Лістапад 2024 года. Фота: tochka.by
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Менск, Беларусь. Лістапад 2024 года. Фота: tochka.by
podpis źródła zdjęcia

800 асобаў будуць сачыць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Менавіта такую колькасць назіральнікаў акрэдытавалі ў ЦВК. Тым часам беларусаў актыўна агітуюць падпісвацца і галасаваць за Лукашэнку, у тым ліку – не па сваёй волі.

На відэа – маладыя мазыране агітуюць за Аляксандра Лукашэнку. Раней падобны ролік з удзелам школьнікаў апублікавала і гомельская гімназія № 14. Аднак пасля асвятлення падзеі выданнем «Флагшток» яна выдаліла гэтую публікацыю з свайго акаўнту ў Інстаграме.

«Гэта такое імітаванне нейкага палітычнага жыцця. Усе гэтыя маніпуляцыі з дзецьмі на гэтую мэту і працуюць. Яны ствараюць карцінку, што грамадства зацікаўленае ў выбарах. І вось нават дзяцей уцягваюць у палітычныя працэсы», – кажа юрыстка ПЦ «Вясна» Святлана Галаўнёва.

Тым часам дарослых людзей заахвочваюць падпісвацца за Лукашэнку праз ціск і маніпуляцыі. Паводле праваабаронцаў «Вясны», сярод ужо традыцыйных метадаў – непрацягванне працоўных кантрактаў і высяленне з дзяржаўнага жытла.

,,

«Традыцыйна гэта больш датычыць дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў адукацыі. Што тут можна параіць? Цяпер не час ісці на адкрытую канфрантацыю... Калі чалавек лічыць магчымым бяспечна перадаваць інфармацыю пра такі ціск – перадаваць», – дадае юрыстка.


Тыдзень таму Лукашэнка заявіў, што за ягонае вылучэнне падпісаліся ажно 700 тысяч асобаў.

Подпісы за вылучэнне ў кандыдаты, акрамя Лукашэнкі, цяпер працягваюць збіраць чатыры асобы. Незалежных прэтэндэнтаў сярод іх няма. 

Збор подпісаў за вылучэнне на пост прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2024 года. Фота: bank.1prof.by
Збор подпісаў за вылучэнне на пост прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2024 года. Фота: bank.1prof.by

Раней на карысць Лукашэнкі ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы адмовіліся былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава, а таксама старшыня Беларускага саюзу афіцэраў Сяргей Бобрыкаў.

«Была падтрыманая ідэя вылучэння кандыдата з сілавых структураў. Каб яны былі прадстаўленыя ў выбарчым працэсе. Пазней паглядзелі і вырашылі, што, можа, не трэба, каб сілавікі рабілі выбар: за каго галасаваць – за Лукашэнку ці за іншага кандыдата. Гэта толькі на разгойдванне сістэмы можа працаваць», – мяркуе доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Кансалідацыю народу вакол Лукашэнкі тым часам даверылі ідэолагам. З адміністрацыі нават спусцілі спецыяльныя метадычкі, якія мусяць пераканаць беларусаў абраць яго на сёмы тэрмін. Гэтак, у дакуменце пералічваюцца галоўныя дасягненні Лукашэнкі за трыццаць гадоў. Сярод іншага, называюць годна пройдзенае выпрабаванне ковідам і поспехі ў захаванні нацыянальнай культуры.

«Беларускае грамадства моцна расколатае. Тая частка, якая давярае ўладам, яна прыме любыя факты. А іншая частка, якая не давярае, яна не прыме любую прапаганду, на чым бы тая ні грунтавалася», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Не абышлося і без цынічнай згадкі мірнага неба над галавой беларусаў, а заслуга ў гэтым, канечне ж, Лукашэнкі. Супярэчлівым тэзіс падаецца хаця б праз адзінаццаць расейскіх ударных дронаў, якія чарговы раз сёння заляцелі ў паветраную прастору Беларусі.

,,

«Пэўная частка беларускага грамадства была вельмі напужаная гэтай вайной. І нават частка з тых людзей, якія негатыўна ацэньвалі Лукашэнку ў 2020 годзе, цяпер гатовая яго падтрымаць менавіта з-за вось гэтага вобразу чалавека, які гарантуе мір у Беларусі», – мяркуе Валер Карбалевіч.


А вось уласны спакой Лукашэнка забяспечвае з дапамогаю сілавікоў. Па ўсёй краіне праходзяць масавыя вучэнні з перакрыццём вуліцаў і ўжываннем піратэхнікі. Гэтак працаўнікі МУС рыхтуюцца затрымліваць беларусаў, якія, на думку рэжыму, выйдуць на пратэсты падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025 года.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Наста Печанькова, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10