У Беларусі актыўна ўзяліся за будаўніцтва і рамонт дарог у 2024 годзе. Чытачы «Белсату» паведамляюць, што дарожныя працы ў некаторых гарадах не спыняюцца апошні год. Паглядзелі, што адбываецца і з чым гэта можа быць звязана.
Пра неабходнасць заняцца дарогамі Аляксандр Лукашэнка гаворыць з пачатку года. У кастрычніку ён сабраў асобную нараду ў гэтым пытанні. Дарогі павінны быць літаральна ўсюды, а масты прыведзены ў парадак, патрабаваў ён.
«Найважнейшае пытанне, калі мы хочам, каб людзі на вёсцы жылі і не былі пакрыўджаныя. Яны гэтага заслугоўваюць. Таму ў гэтай вялікай праграме трэба прадугледзець будаўніцтва дарог ад раённых цэнтраў да ўсіх аграгарадкоў», – сказаў Лукашэнка.
Такім чынам, акрамя падтрымання і рэканструкцыі міжнародных і рэспубліканскіх трас, гарадскіх дарог, плануецца замяніць 300 кіламетраў гравійных дарог у аграгарадках на цвёрдыя.
Абяцанні чыноўнікамі падмацоўваюцца грашовымі тратамі. У 2024 годзе ў рамках дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі» на 2021 – 2025 гады выдзелена больш за 2,9 млрд рублёў. Хоць першапачаткова планавалася 2,2 млрд рублёў.
Прэс-служба Лукашэнкі па выніках нарады па дарожных пытаннях з віцэ-прэм'ерам Анатолем Сіваком паведаміла, што у 2021 годзе на будаўніцтва і рамонт дарог выдаткавалі крыху менш за мільярд – 946 млн рублёў, у 2023 годзе – амаль 2 млрд рублёў. А да канца кастрычніка 2024 года ўжо асвоілі 2,5 млрд рублёў.
Праўда, падобна, што павелічэнне выдаткаў у 2024 годзе адбылося за кошт сумы 2025 года. Першапачаткова ў 2025 годзе планавалася выдаткаваць па праграме «Дарогі Беларусі» больш за 2,6 млрд рублёў, але пасля яе абноўлення ў канцы 2023 года, засталося толькі амаль 1,6 млрд рублёў.
Акрамя лічбаў у дакументах, СМІ таксама распавядаюць пра вялікую будоўлю. Напрыклад, яшчэ ў пачатку года былі паведамленні, што ўлады Магілёва «сур'ёзна ўзяліся за рамонт дарог рэгіёну». На працягу года таксама рэгулярна з'яўляліся навіны пра рамонт дарог у Баранавічах.

Навядзенне парадкаў перад выбарамі і дапамога НПЗ?
Перанос часткі фінансавання на дагогі з 2025 года на 2024 год можа казаць пра тое, што ў перыяд перад прэзідэнцкімі выбарамі наводзяцца парадкі.
Таксама Мінтранс у сваёй справаздачы па выніках 2021 – 2023 года паведамляў, што не ўсе запланаваныя паказнікі праграмы «Дарогі Беларусі» выкананыя. Гэта «звязана з прыпыненнем фінансавання міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, значным павелічэннем у 2022 годзе кошту дарожна-будаўнічых матэрыялаў і дэфіцытам фінансавання фактычна існуючай кошту работ», паскардзілася ведамства.
Павелічэнне фінансавання можа казаць пра тое, што даводзіцца ўкладваць сродкі ў інфраструктуру, на якую раней ішлі заходнія грошы і якая можа быць небяспечнай без рамонту. Напрыклад, праект «Масты Беларусі» рамках дзяржпраграмы на 2017-2020 гады фінансаваўся Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.
Дарожныя работы ў плюс і нафтаперапрацоўчым заводам. Начальнік устаноўкі «Бітумная № 2» «Нафтана» Дзмітрый Дубоўскі распавёў увесну 2024 года, што летась сітуацыя з бітумам «стала вяртацца ў звыклае рэчышча», аднак не патлумачыў прычыны праблем.
«Лічбы 2023-га, вядома ж, не выглядаюць уражлівымі. Бывалі гады, калі выраблялі бітумаў у разы больш», – сказаў Дубоўскі.
Верагодна, праблемы звязаныя з тым, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Беларусь страціла ўкраінскі рынак. А туды з Мазырскага НПЗ у 2019 годзе сышло 56 % ад усяго вырабленага дарожнага бітуму і больш за 70 % у 2020 годзе, распавёў намеснік генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ Алег Протасаў.
Пасля страты ўкраінскага рынку на ўнутраным двум НПЗ і «Нафтабітумнага заводу» становіцца цесна без зніжэння вытворчасці. Дапамагчы мог хіба што экспарт бітуму ў Расею, аднак краіна сама з'яўляецца экспарцёрам бітуму.
Дарогам сапраўды патрэбны рамонт

Паводле звестак Белстату, усяго па выніках 2023 года ў Беларусі было 104 035,6 кіламетраў дарог, што на 90 кіламетраў менш, чым у 2022 годзе. З іх з цвёрдым пакрыццём – 90 374,4 кіламетраў.
Адно з месцаў, дзе цвёрдага пакрыцця няма – мікрараён Макаўчыцы ў Дзяржынску. Яшчэ ў 2019 годзе людзі плавалі там на лодках у непагадзь, а вясной 2023 года так нічога не змянілася – вуліцы патаналі у гразі.
Таксама вясной 2023 года ў Віцебскім аблвыканкаме прызналі, што дарогі асабліва дрэнныя ў Віцебску, Полацку і Наваполацку.
А вясной 2024 года ў Бешанковічах чарговы раз усталявалі пантонны мост праз Заходнюю Дзвіну. Увосень яго прыбіраюць і да вясны Бешанковічы фактычна ў ізаляцыі. Грошай на нармальны мост мясцовыя ўлады проста шкадуюць.
Арсен Рудэнка belsat.eu