Вайна

Украіна магла ўжыць не толькі ATACMS, але і Storm Shadow

Storm Shadow. Фота: defence-ua.com
Storm Shadow. Фота: defence-ua.com
podpis źródła zdjęcia

У дадатак да амерыканскіх ATACMS Украіна ўжо магла ўжыць для ўдараў па расейскай тэрыторыі таксама брытанскія ракеты Storm Shadow. Тым часам Кіеў неўзабаве можа атрымаць таксама супрацьпяхотныя міны з ЗША.

The Guardian і Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы паведамляюць, што Украіна ўпершыню выкарыстала брытанскія дальнабойныя ракеты Storm Shadow для ўдару па цэлях на тэрыторыі Расеі. Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі адмовіўся каментаваць гэтую інфармацыю.

The Telegraph удакладняе, што жыхары пасёлка Мар’іна ў Курскай вобласці выявілі фрагменты ракеты Storm Shadow.

Фотаздымкі меркаваных абломкаў Storm Shadow публікаваў расейскі праваенны тэлеграм-канал «Два майора». Паводле яго, ЗСУ выпусцілі ў напрамку Курскай вобласці РФ да 12 ракет Storm Shadow.

Удзень 20 лістапада губернатар Курскай вобласці Аляксей Смірноў паведаміў, што сілы СПА збілі дзве ўкраінскія ракеты. Тып ракет ён не ўдакладніў.

Украінскае медыя Defense Express мяркуе, што ўдар нанесены па гістарычнай сядзібе князёў Барацінскіх, у якой мог размяшчацца камандны пункт ВС РФ. Цяпер будынак належыць кіраўніцтву справамі прэзідэнта Расеі, да вайны ў ім размяшчаўся санаторый.

Салдаты 3-га батальёну 321-га артылерыйскага палка праводзяць выпрабаванні тактычных балістычных ракет «ATACMS» на палігоне Уайт-Сэндс, штат Нью-Мексіко, ЗША. 14 снежня 2021 года Фота: John Hamilton / U.S. Army via AP / East News

Знак добры, але сітуацыю не зменіць. Эксперты аб дазволе біць углыб Расеі заходнімі ракетамі

Аналітыка

Нагадаем, што 19 лістапада Сілы абароны Украіны ўпершыню ўдарылі па тэрыторыі Расеі ракетамі ATACMS. Атакаваны быў вайсковы склад у ваколіцах Карачава ў Бранскай вобласці. Кіраўнік Цэнтру процідзеяння дэзынфармацыі пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка распавёў, што на складзе былі карэктаваныя авіябомбы, зенітныя ракеты, боепрыпасы да РСЗА, артылерыйскія боепрыпасы, у тым ліку паўночнакарэйскія снарады. Міністэрства абароны Расеі таксама пацвердзіла ўдар ATACMS.

Напярэдадні шэраг заходніх аўтарытэтных СМІ са спасылкамі на свае крыніцы паведамілі пра тое, што ЗША дазволілі Украіне біць па тэрыторыі Расеі ракетамі ATACMS, а Вялікая Брытанія і Францыя – Storm Shadow.

Не толькі ракеты, але і міны

Між тым крыніца BBC у Пэнтагоне паведаміла, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ухваліў пастаўку Украіне супрацьпяхотных мінаў. У Белым доме разлічваюць, што іх выкарыстанне дапаможа Кіеву стрымаць наступ расейскіх войскаў на ўсходзе краіны.

Паводле звестак крыніцы, Украіна атрымае супрацьпяхотныя міны ўжо найбліжэйшым часам, але дакладныя тэрміны паставак не называюцца. Пры гэтым Кіеў абавязаўся выкарыстоўваць іх толькі на тэрыторыі Украіны і ўдалечыні ад густанаселеных раёнаў. Як мяркуецца, украінскія вайскоўцы будуць ужываць такі тып супрацьпяхотных мін, якія абмежаваныя ў часе выкарыстання – ад некалькіх гадзін да некалькіх тыдняў.

Расея актыўна ўжывала супрацьпяхотныя міны з самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Аднак расейскія вайскоўцы ўжываюць міны, якія не абмежаваныя ў часе выкарыстання і застаюцца небяспечнымі, пакуль не будуць абясшкоджаныя.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10