Палітык прапанаваў даць райвыканкамам права ўзгадняць кіраўнікоў прыватных кампаніяў. Эксперты мяркуюць, што, з аднаго боку, гэта – эканамічнае самагубства, а з іншага, – спроба залагодзіць раённых начальнікаў перад «выбарамі прэзідэнта».
Пра дзяржаўнае ўмяшанне ў дзейнасць прыватных кампаніяў Аляксандр Лукашэнка загаварыў 19 лістапада на пасяджэнні прэзідыуму Усебеларускага народнага сходу. Палітык заявіў, што старшыні райвыканкамаў «мусяць займацца ўсім»:
«Нічога страшнага, калі ён ў нейкім сэнсе будзе прызначаць, зацвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структураў. Тады і ўплыў будзе ў іх на гэта».
Лукашэнка, зрэшты, адразу ўдакладніў, што гэтым «прызначэннем–узгадненнем» маюць займацца выканаўчыя камітэты, а не іх старшыні. Болей за тое, такі ж фільтр раённых чыноўнікаў палітык анансаваў для кандыдатаў на кіроўныя пасады мясцовых органаў:
«Выканкам прымае пастановы адносна ўсіх кадраў, якія там ёсць. Што дрэннага, калі яны ўзгодняць кандыдатуры начальніка РАУСу, начальніка МНС і іншых?»
Пасля гэтага пасяджэння кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой паведаміў, што пашыраныя паўнамоцтвы раённых уладаў прапішуць у законе аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, прычым плануюць не проста ўнесці папраўкі, а ўхваліць новую рэдакцыю гэтага нарматыўнага акту.
Чыноўнік пераказаў бачанне свайго начальніка: той мяркуе, што «дзеля ўзмацнення ўладных паўнамоцтваў старшыняў райвыканкамаў яны мусяць браць удзел ва ўзгадненні фактычна ўсёй вертыкалі, не толькі кіроўнай, што датычыць дзяржорганаў, але і кіраўніцтва і дзяржаўных, і камерцыйных арганізацыяў».
Крутой упэўнены, што ўмяшанне дзяржавы ў дзейнасць прыватных кампаніяў, — нармальна:
,,«Гэта ж не значыць, што старшыня райвыканкаму будзе штодня ўмешвацца ў гаспадарчую дзейнасць гэтага суб’екта, аднак ведаць, што там адбываецца, ён абавязаны. І ўласнікі, нават калі гэта цалкам прыватная кампанія, прызначаючы кіроўны склад, натуральна, будуць раіцца і ўзгадняць, прэзентаваць яго мясцовым уладам. Гэта абсалютна нармальна».
«Гэта, канешне, глупства, прычым глупства бясконцае», – абураецца бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч. Ён упэўнены, што дзяржава паспяховых менеджараў не прызначыць.
«У нас палова эканомікі прыватная, і мы бачым, што амаль кожнае дзяржаўнае прадпрыемства стратнае. Прызначэнцамі выканкамаў будуць тыя самыя людзі, якія, прабачце, і “давялі да ручкі”, напрыклад, “Мотавела”», – падкрэсліў Кныровіч.
Ён упэўнены, што калі задума цяперашніх уладаў ажыццявіцца, нашая краіна ператворыцца ў БССР, у часы якой усё было дзяржаўным:
«Я вельмі спадзяюся, што гэта такое глупства, якое ён сказаў і забыўся назаўжды пра гэта, бо так не можа быць, і гэта азначала б пераход Беларусі кудысьці да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, дзе, канешне, эфектыўнасць эканомікі была ў разы меншая, чымся нават у сённяшняй Беларусі».
Кныровіч мяркуе, што справа можа дайсці да краху эканомікі:
,,«Мне падаецца, што гэта ўсё ж толькі такая публічная інспірацыя гэтага пытання, і нічога болей за гэтым не стаіць, бо гэта б азначала, калі б гэта гучала сур'ёзна, цалкам крах эканомікі Беларусі».
Палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў таксама прадбачыць катастрофу ў эканоміцы, калі за кадры ў прыватным сектары возьмуцца чыноўнікі. Ён, праўда, мяркуе, што ўзгадненне кіраўніцтва недзяржаўных кампаніяў не набудзе масавы характар, бо гэта было б самагубствам:
«Можа, для медыяў некалькі прыкладаў будзе, але паставіць гэта на паток не ўяўляецца магчымым. Беларуская эканоміка ў значнай ступені недзяржаўная, прыватная як мінімум напалову. І так умешвацца ў гэта – гэта не проста падрубаць корань гэтай эканомікі, гэта значыць забіваць на суп курыцу, якая нясе не заўсёды залатыя, але ўсё-ткі добрыя яйкі».
Аналітык заўважыў, што беларускі бізнес ніколі не быў цалкам незалежным, але цяперашняя ініцыятыва – ужо занадта нават для нашых рэаліяў:
«Дзяржава ўмешвалася і на ўзроўні стратэгічным, вызначала цэны і кірункі, і на ўзроўні такім больш прыземленым, сапраўды, чыноўнікі маглі ўлезці ў любое прыватнае прадпрыемства. Мы ведаем яркія прыклады, калі Лукашэнка мяняў гаспадароў прадпрыемстваў, былі скандальныя прыклады. Але на ўзроўні, скажам, раёнаў, канечне, ніякае прадпрыемства не магло пачувацца абсалютна свабодным, толькі калі яно не мела дах больш высокі недзе на ўзроўні вобласці альбо на ўзроўні Менску».
Цыганкоў мяркуе, што гэтай ідэяй Лукашэнка напярэдадні «выбараў» спрабуе залагодзіць мясцовых чыноўнікаў, каб тыя «трымалі ўсё ў сваіх руках»:
,,«Лукашэнка гэта прапанаваў, каб спадабацца старшыням райвыканкамаў, узняць іхнюю важнасць, значнасць: глядзіце, якія вы міні-дыктатары і міні-Лукашэнкі ў сваім раёне, і я вам даю нават магчымасць прыватны бізнес трошкі падмяць пад сябе».
Такая версія пацвярджае: Лукашэнка – «не бязмежны цар і кароль», а абапіраецца ў тым ліку на чыноўнікаў.
«Калі трэба, ён спрабуе іх залагодзіць, калі трэба, ён іх палохае, і цяпер, напярэдадні “выбараў”, ён іх больш угаворвае, ён іх больш нейкім чынам залагоджвае, запабягае ў пэўнай ступені», – сказаў суразмоўца «Белсату».
У гэтым жа шэрагу, паводле Цыганкова, нядаўнія паездкі палітыка па «Дажынках».
«Ён усё спрабуе паказаць, што ён любіць чыноўнікаў, любіць народ, што ён не такі страшны. Гэта, безумоўна, мае адценне выбарчай кампаніі», – падсумаваў аналітык.
Сцяпан Кубік belsat.eu