Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас свайго працоўнага візіту ў Аўстрыю ўзяла ўдзел у Саміце грамадзянскай супольнасці ў рамках ініцыятывы «Усходняе партнёрства».
Выступаючы перад удзельнікамі саміту, сярод якіх былі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, палітыкі, актывісты, а таксама высокія чыноўнікі з Арменіі, Азербайджану, Грузіі, Малдовы і Украіны, беларуская палітычная дзяячка прапанавала пяць крокаў, якія ўжо зараз можна зрабіць у рамках Усходняга партнёрства для падтрымання дэмакратычнай Беларусі.
Па-першае, варта развіваць супольныя праекты і супрацу. Святлана Ціханоўская адзначыла, што рэсурсы, якія немагчыма выкарыстаць у Беларусі, варта накіраваць на праекты грамадзянскай супольнасці для свабоднай Беларусі, бо беларускія НКА, нізавыя ініцыятывы, незалежныя медыі і культурніцкія праекты «змагаюцца за выжыванне».
Па-другое, палітык заклікала ўмацоўваць сувязі паміж людзьмі, працаваць над мабільнасцю (візамі, абменамі), каб паказаць, што «дзверы Еўропы будуць адкрытыя для дэмакратычнай Беларусі».
Па-трэцяе, сказала яна, варта ўмацоўваць рэгіянальную супрацу, бо і «дыктатары аб’ядноўваюцца і вучацца адзін у аднаго».
Па-чацвёртае, Ціханоўская заклікала падтрымліваць кампаніі для вызвалення беларускіх палітвязняў.
Па-пятае, трэба думаць маштабна: пакуль Беларусь на саміце Усходняга партнёрства рэпрэзентуе «пустое крэсла», але варта запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі.
Беларускі эканаміст і аналітык, адміністрацыйны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Павел Данейка мяркуе, што важна «выразна акцэнтаваць наш еўрапейскі выбар» і імкненне ўступіць у Еўразвяз.
Якуб Хруст belsat.eu