Гандляванні на Беларускай валютна-фондавай біржы 20 лістапада скончыліся новым рэкордам, што ўсталявала амерыканская валюта.
Упершыню ў гісторыі БВФБ курс долара перавысіў 3,4 рубля. Амерыканская валюта падаражэла на 0,21 % да 3,4007 рубля. Еўра вырас на 0,09 % да 3,5843 рубля, а юань – на 0,24 % да 4,6935 рубля за 10 юаняў.
Курс расейскага рубля, наадварот, знізіўся на 0,02 % да 3,3954 беларускага рубля за 100 расейскіх.
Курс беларускага рубля да долара і еўра паволі падае ўжо тры месяцы. 6 жніўня 2024 года долар каштаваў мінімальныя сёлета 3,0916 беларускага рубля. 2–4 жніўня еўра каштавала мінімальныя за гэты год 3,3698 беларускага рубля.
Эканамістка, старэйшая навуковая работніца цэнтру «BEROC» Настасся Лузгіна кажа «Белсату», што асноўная прычына зніжэння курсу беларускага рубля да долара і еўра – гэта паводзіны расейскага рубля. «Расейскі фактар» у тым, што беларуская эканоміка моцна звязаная з расейскай, асноўны гандлёвы партнёр Беларусі – Расея, а шматлікія разлікі з Расеяй ідуць у расейскіх рублях. Жорсткай прывязкі няма, беларускі рубель умацоўваецца да расейскага, але да іншых валютаў ідзе падобнымі траекторыямі, хай і не паўтарае за расейскім «адсотак у адсотак».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Якуб Хруст belsat.eu