Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро (ЦАБ) збірае ў памяшканні польскага тэлебачання TVP дакументацыю ў рамках расследавання справы «Белсату», якое праводзіць акруговая пракуратура ў Варшаве. Пра гэта паведамляе PAP.
Прэс-сакратар міністра – каардынатара спецслужбаў і кіраўніка МУС Яцэк Дабжыньскі заявіў 20 лістапада, што працаўнікі ЦАБ дзеюць у памяшканнях TVP у рамках пракурорскага расследавання, але па дадатковую інфармацыю ў гэтай справе ён адправіў у пракуратуру.
Прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба ў гутарцы з PAP паведаміў, што расследаванне ідзе «ў справе аб нанясенні TVP SA ў перыяд са жніўня 2018 года да студзеня 2024 года маёмаснай шкоды ў вялікіх памерах на агульную суму больш як 7 млн злотых шляхам заключэння дамоваў на наданне ІТ-паслуг і замоваў на куплю з канкрэтным прадпрымальнікам».
Паводле Скібы, расследаванне цалкам даручанае варшаўскаму аддзелу ЦАБ.
Кіраўнік аддзелу сувязі TVP Томаш Вядэрэк заявіў PAP, што Польскае тэлебачанне супрацоўнічае з ЦАБ і перадало яму ўсе дакументы, названыя ў пастанове аб правяранні.
«Gazeta Wyborcza» таксама заяўляла, што агенты ЦАБ праводзяць дзеянні ў кватэры былой дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Але яна зняпраўдзіла гэта на платформе X.
Раней польскія медыі паведамлялі пра імаверную датычнасць былой дырэктаркі тэлеканалу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і выканальніка абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага да фінансавых парушэнняў на «Белсаце». Агнешка Рамашэўская-Гузы і Аляксей Дзікавіцкі ўсе абвінавачанні публічна зняпраўджвалі і заяўлялі, што не маюць дачынення да выстаўленых абвінавачванняў.
Якуб Хруст belsat.eu