Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, чэргі з аўтамабіляў на выезд з краіны павяліваюцца ўжо некалькі дзён.
На 10:00 20 лістапада ў чарзе на выезд з Беларусі ў Еўрапейскі Звяз былі 1550 цяжкавікоў – гэта на 39,6 % больш, чымся за аналагічны час 18 лістапада (1110), і на 31,4%, чымся 19 лістапада (тады ў чарзе стаялі 1180 вялікагрузаў), вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Выезду ў Латвію ў пункце пропуску «Грыгораўшчына» чакалі 470 грузавікоў. Для параўнання: 18 лістапада іх было 400, 19-га – 450.
У двух пунктах пропуску на літоўскім кірунку а 10:00 чаргі на выезд чакалі 800 фураў (610 і 695 адпаведна):з іх у Каменным Лозе – 380 (280 і 340 адпаведна), у Беняконях – 420 (330 і 355 адпаведна).
На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Казловічы» былі 280 цяжкавікоў (100 і 35 адпаведна).
Нагадаем: краіны ЕЗ закрылі частку пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю праз абвастрэнне стасункаў з Менскам яшчэ пасля падзеяў 2020 года. Таксама закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», зарганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту, якому прысудзілі 8 гадоў зняволення, 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску – «Баброўнікі» (з беларускага боку – «Бераставіца»). Улады Польшчы заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітычнага вязня можа быць звязанае адкрыццё пунктаў пропуску.
Надзея Вольная belsat.eu