навіны

Мінабароны Беларусі абвінаваціла Польшчу ў абмежаванні вайсковай інфармацыі

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Мінабароны
podpis źródła zdjęcia

19 лістапада на зборах з афіцэрамі, адказнымі за рэалізацыю дамоваў у галіне кантролю над узбраеннямі, начальнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы, памочнік міністра абароны Валерый Равенка заявіў, што Польшча «настойвае на адсутнасці кантактаў з Беларуссю», а таксама на «абмежаванні інфармацыі» для яе.

Паводле чыноўніка, якога цытуе прэс-служба абароннага ведамства, усе дзяржавы Заходняй Еўропы «прыпынілі дзеянне» дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ). Акрамя таго, «абмежаванае функцыянаванне» датычыць Дамовы аб адкрытым небе і Венскага дакументу ў справе павелічэння захадаў даверу і бяспекі.


Разам з тым, сцвярджае Равенка, Беларусь «працягвае выконваць свае функцыі і заданні з адною мэтаю: не толькі дэманстраваць, але і прасоўваць ідэі ў свеце бяспекі, у тым ліку з нашымі суседзямі і партнёрамі». Як перадае «Позірк», ён адзначыў, што ў Менску ёсць пытанні да Варшавы, у прыватнасці, пра «дэклараванае ўзмацненне дзяржаўнай мяжы»:


«Паводле нашых звестак, адбываюцца не толькі пытанні супрацьдзеяння міграцыі, але і пытанні, звязаныя з вайсковаю дзейнасцю… Гэта значыць, у нас ёсць сумневы ў змесце яе актыўнай дзейнасці».


29 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі Закон аб прыпыненні дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 траўня.


Адпаведны законапраект прыняла Палата прадстаўнікоў 17 красавіка, яго адобрыў Савет Рэспублікі 6 траўня.


У практычным плане прыпыненне дзеяння дамовы азначае, што Беларусь не будзе надаваць інфармацыі пра свае звычайныя ўзбраенні і тэхніку, прымаць і праводзіць інспекцыі для кантролю выканання колькасных абмежаванняў у дачыненні гэтай зброі.


Намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч, выступаючы ў ніжняй палаце парламенту сёлета 17 красавіка, даў зразумець, што Беларусь дэ-факта працягне прытрымлівацца абмежаванняў, прапісаных у ДЗУСЕ, нават у выпадку прыпынення яго дзеяння на нацыянальным узроўні. Разам з тым ён падкрэсліў, што Менск «адпаведнымі метадамі» будзе прытрымлівацца абмежаванняў «у межах сістэмы Міністэрства абароны» толькі «пры ўмове стрыманасці з боку <…> суседзяў».


Падпісаная 19 лістапада 1990 года ў Парыжы Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ўстанавіла гранічна дапушчальную колькасць звычайных узбраенняў і тэхнікі для шэрагу краінаў NATO і Арганізацыі Варшаўскай дамовы, а таксама механізмы правярання выканання абавязкаў – абмен інфармацыяй і інспекцыі. Пасля распаду СССР яго квоты часткова размеркавалі паміж сабою восем былых саюзных рэспублік. Беларусь, якая ратыфікавала ДЗУСЕ 21 кастрычніка 1992 года, абавязалася мець не больш за 1800 танкаў, 2800 баявых браняваных машынаў, 1615 артылерыйскіх сістэмаў, 294 баявыя самалёты і 80 ударных верталётаў. Рэальна падобным патэнцыялам яна ніколі не валодала.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10