Новую дактрыну абвясцілі праз содні пасля з’яўлення ў прэсе інфармацыі пра дазвол наносіць удары амерыканскімі ракетамі па тэрыторыі Расеі. Прэс-сакратар прэзідэнта ведаў пра рыхтаванне адпаведнага ўказу яшчэ напярэдадні.
Калі прадстаўнік Крамля робіць намёкі на пагрозы ў бок Еўропы з дыпламатычнай асцярожнасцю, то прадзяржаўныя расейскія СМІ ўжо не першы год адкрыта заяўляюць пра гэта прамым тэкстам. На тэлеканале «Россия1» заявілі:
«І добра б у Лондане ўспомнілі, што на Брытанскіх выспах наогул няма ніякай сістэмы супрацьракетнай абароны».
Папярэднія змены ў ядравую дактрыну РФ уносіліся адносна нядаўна – у 2020-ым годзе. Пасля правалу бліцкрыгу ў 2022-ім пра ядравую зброю рэгулярна згадваў сам Уладзімір Пуцін. Летась ён заяўляў, што не бачыць прычынаў для змянення дактрыны:
«Ці трэба нам гэта мяняць? Навошта? Усё можна памяняць, проста я не бачу неабходнасці ў гэтым… Ну, няма такой сітуацыі, у якой сёння нешта пагражала б расейскай дзяржаўнасці і існаванню расейскай дзяржавы».
Але, падобна, меркаванне Пуціна змянілася. На пасяджэнні з сілавікамі ён анансаваў ключавыя абнаўленні ядравай дактрыны:
,,«Пакідаем за сабой права прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расіі і Беларусі як удзельніка Саюзнай дзяржавы… У тым ліку, калі супернік, які прымяняе звычайную зброю, будзе ўяўляць крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту».
Усё гэта адлюстравана ў падпісаным Пуціным і апублікаваным Крамлём указе. Прычынаю выкарыстаць ядравую зброю цяпер могуць зрабіцца нават вайсковыя вучэнні суседніх краінаў ці проста наяўнасць у іх зброі масавага знішчэння. Акрамя таго, у спіс пагрозаў залучылі ізаляцыю часткі расейскай тэрыторыі, што можа намякаць на Калінінградскую або Курскую вобласці. І агрэсія супраць Беларусі.
,,«У гісторыі мы бачылі розныя ядравыя выпрабаванні, у тым ліку няўдалыя, што прывялі да распаўсюду небяспекі радыяцыі. Пагрозу ядравай зброі трэба ўспрымаць сур’ёзна ўва ўсіх сітуацыях», – каментуе заяву Пуціна міністр замежных справаў Фінляндыі.
Разам з указам Пуціна ў МНС Расеі абвесцілі пачатак серыйнай вытворчасці мабільных супрацьядравых сховішчаў. Яны разлічаныя на абарону да пяцідзесяці чалавек цягам двух содняў. У інтэрнэце адзначаюць, што вонкава гэтыя сховішчы нагадваюць пераабсталяваныя марскія кантэйнеры. Паводле расследаванняў незалежных медыяў, на тэрыторыі Расеі ў распараджэнні Пуціна мінімум дзесяць адмысловых бункераў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Аляксей Стэцэнка, Андрэй Сульжыц, «Белсат»